Памёр аршанскі актывіст Алесь Шутаў
Грамадская дзейнасць Алеся Шутава была заўважная ў
Воршы з пачатку 1990-х: яшчэ студэнтам хімічнага факультэту БДУ ён
далучыўся да БНФ «Адраджэнне». Пазней стаў заснавальнікам суполкі
«Зьвяз», якая дасюль працуе і з'яўляецца адзінай зарэгістраванай
моладзевай грамадскай арганізацыяй у рэгіёне.
У апошнія гады Алесь Шутаў супрацоўнічаў з кампаніяй «Гавары праўду», кіраваў аршанскай гарадской арганізацыяй Партыі БНФ, шмат рабіў для кансалідацыі высілкаў мясцовых актывістаў у рэгіянальнай структуры «Аршанская кааліцыя дэмакратычных сіл». Пад офіс, дзе маглі зьбірацца ўдзельнікі аршанскіх дэмакратычных суполак, ён ахвяраваў уласную прыватную хату ў Воршы, якая дасталася яму ў спадчыну, і менавіта там адбываліся не толькі сходы, але і шматлікія канцэрты, прэзентацыі, творчыя сустрэчы.
Алесь Шутаў у офісе, ахвяраваным для працы дэмакратычных структур
Сябры сябры заўжды адзначалі, што Алесь Шутаў быў неабыякавы да праблем роднага гораду, удзельнічаў у суботніках па добраўпарадкаваньні, якія ладзілі мясцовыя актывісты, прычыніўся і да ініцыятывы ратавання архітэктурнай спадчыны Воршы, удзельнікі якой змусілі гаспадароў зрабіць захады па захаванні будынка базыльянскага кляштара.
Алесь Шутаў — другі справа
Алесь Шутаў далучыўся і да стварэння незалежнага сайту www.orsha.eu, аднаго з самых вядомых незалежных інтэрнэт-рэсурсаў рэгіёну, некаторы час быў яго рэдактарам. На жыццё ён зарабляў прадпрымальніцкай дзейнасцю — быў рэпетытарам па хіміі. Сябры гавораць пра яго як пра надзвычай эрудаванага чалавека: згадваюць, што Алесь меў фенаменальную памяць, а свае веды прымяняў у тым ліку і ў інтэлектуальных гульнях «Мазгабойня» і «Бітва розумаў».
На здароўе Алесь Шутаў скардзіўся рэдка. Нечаканае пагаршэнне стану здароўя здарылася на мінулым тыдні, кажа ягоны сябар Ігар Казьмярчак:
«На мінулым тыдні Алесь паскардзіўся, што яму стала цяжка дыхаць — да такой ступені, што праблемай стала нават дайсці да крамы. Ён звярнуўся да лекараў, і спачатку ў яго падазравалі інфаркт. Але дыягностыка выявіла іншую хваробу — пнеўманію. Лекаванне адбывалася ў шпіталі, і ўсё выглядала, што Алесь ідзе на папраўку. Яшчэ ўчора мы з сябрамі яго адведвалі, Алесь выглядаў бадзёрым, і мы шмат размаўлялі пра будучыя планы. Развіталіся каля 18.30 вечара. Але пазней Алесю стала горш, і познім вечарам родныя нечакана атрымалі горкую вестку пра ягоную смерць».
1 верасня Алесь Шутаў адзначыў сваё 46-годдзе. Сям’і ў яго не было, з блізкіх сваякоў засталася толькі родная сястра.
У вёсцы Пагосцішча, каля магілы Ігната Будзіловіча, удзельніка паўстаньня 1863-1864 гадоў (жнівень 2016 г., Алесь Шутаў — трэці справа ў другім шэрагу)
Развітанне з Алесем Шутавым адбудзецца ў Воршы ў пятніцу, 7-га кастрычніка. Яно распачнецца а 9-й гадзіне ў рытуальнай залі па адрасе: вул. Астроўскага, 18А. svaboda.org