«Кубак гарбаты для бяздомнага»: усе людзі — роўныя

Калі мы казалі, што хочам хадзіць па Мінску і паіць гарбатай бяздомных, нам адказвалі, што бадзягі і так сытыя, бо іх шмат хто корміць. А яшчэ: «Ты што! Яны ж асацыяльныя!» альбо «Яны ж на сухоты хворыя!». Але мы пайшлі...

kubak_harbaty__15__logo.jpg

Ідэя сяброў клубу «Крыніца валанцёраў» правесці акцыю «Кубак гарбаты для бяздомнага» ўзнікла даўно, але ўсё нешта перашкаджала яе рэалізацыі. І нарэшце мы вырашылі перастаць слухаць асяроддзе і зрабіць так, як падказвае сэрца.

Ужо за дзень перад запланаваным паходам узніклі ўнутраныя сумневы: «Можа, сапраўды атрымаецца так, што пірог мы будзем ім даваць, каб гарэлку закусіць? І наогул, што зменіцца пасля нашай акцыі?»

Але раптам я згадала аповед аднаго бяздомнага, які пражыў на сметніцы дзесяць гадоў: «За дзесяць гадоў мне дапамагалі розныя арганізацыі. Я хадзіў на сустрэчы, мяне кармілі, я каяўся, і пасля зноўку вяртаўся да бутэлькі. І мне не трэба была нічыя дапамога. Але зараз я дакладна ведаю, што ў кожнага бяздомнага ёсць свой стакан, які напаўняецца па кроплях дзякуючы дапамозе людзей. І аднойчы мой стакан проста стаў поўны».

Таму нядзельным ранкам я весела пякла пірагі, прасіўшы Божаньку, каб паслаў нам тых людзей, стаканы якіх мы можам напоўніць кроплямі дабра.

Абвестка ў сацыяльных сетках і адпаведных суполках зрабіла сваю справу — нас сабралася сем валанцёраў. Хтосьці прыйшоў з тэрмасамі. Хтосьці — з печывам, хтосьці — з аднаразовымі кубачкамі.


kubak_harbaty__4__logo.jpg

«Пагоня за бяздомнымі» — так жартам мы назвалі нашу акцыю. Мы накіраваліся спачатку да Камароўкі. Людзей, якія б падыходзілі пад нашае тыповае ўяўленне бяздомных, было не шмат. Раптам мы заўважылі аднаго. Зарослы дзядок сядзіць на бардзюрчыку і смачна чмокае бутэрбродам з кілбасой. Мы застылі. Страшна. І неяк няёмка. А раптам пакрыўдзім?

— Гарбаткі не хочаце? З пірагом?

— Не, я ўжо бутэрбродам так наеўся! Але запіць можна!

kubak_harbaty__5__logo.jpg


Так мы знайшлі першага кліента. Але на кантакт ён ісці не хацеў. Заўжды ў акцыях сярод валанцёраў маецца самы баявы і бясстрашны чалавек. У нас такім чалавекам стала Наста — студэнтка факультэта сацыяльнай педагогікі. Яна смела заходзіла ў закусачныя, падыходзіла да дворнікаў і запытвала: «Дзе ў вас тут тусуюцца бадзягі?» Усе толькі паціскалі плячыма і няўпэўнена паказвалі: «Там…». І толькі адна прыбіральшчыца з пужлівымі вачыма прамовіла: «У курылцы яны… Зараз пакажу вам адну жанчыну — Таццяну. Яна інвалід. І ёй няма дзе жыць. Але я да яе не пайду... Далей вы самі».


kubak_harbaty__2__logo.jpg
kubak_harbaty__3__logo.jpg


Таццяну мы знайшлі, пачаставалі пірагом і сокам. Але жанчына ці то саромілася, ці то пужалася, ці то кудысьці спяшалася. Яна стала ад нас уцякаць.

Мы заўважылі, што яна падышла да іншых бяздомных. І хаця размовы па душах яны не праглі, хлопцы ўсё адно аднеслі ім кавалак пірага і кубачак соку.


kubak_harbaty__7__logo.jpg


На «Камароўцы» днём мы знайшлі няшмат бяздомных. Таму вырашылі рушыць на Нямігу. Да сабору. Тут было больш тых, каму была патрэбна наша дапамога. Мы падыходзілі да іх, частавалі гарбатай з пірагамі, размаўлялі, жартавалі і слухалі. Адна жанчына паказала манеткі, якія назбірала за дзень, распавяла пра згарэлы бізнес і сказала нам: «Я тыдзень тут ужо стаю. І вы першыя, хто падышоў і проста даў паесці».

kubak_harbaty__8__logo.jpg


Віктар, так прадставіўся чарговы суразмоўца, не бяздомны, але мае патрэбу ў дапамозе. Мы ветліва прапанавалі яму гарбаты, але ён адышоў ад нас на крок назад, апусціў вочы і ціха прамовіў: «Але ў мяне няма грошай…» Пасля мы яшчэ доўга з ім размаўлялі, пра жыццё, пра палітыку, пар светлую будучыню…

kubak_harbaty__18__logo.jpg

kubak_harbaty__22__logo.jpg


Раптам да нас сам падышоў адзін бяздомны і папрасіў гарбаты. Яго маўленне парушанае, але бадзяга быў цвярозы. Мы зноўку хутка наліваем гарбату. Я падымаю вочы: на яго твары фактычна не бачна вачэй. З яго носа доўгім струменчыкам цякуць соплі і падаюць на куртку. Яго чорныя валасы сталі белымі ад перхаці, а частка галавы пакрытая белай коркай. Каб узяць гарбату, ён пацягвае рукі — такія ж, пакрытыя бела-жоўтай коркай. Тут я пачынаю ўзгадваць і пра маскі, і пра пальчаткі і іншыя захады перасцярогі, якія мне настойліва раілі. Але Наста хутка працягвае яму сурвэтку. Ён выцірае нос. Мы накладаем яму пірагоў, даем два кубкі гарбаты — чорнай і чырвонай. Ён бярэ ў рукі кубак і пачынае плакаць:

— Я сядзеў. Я дзевяць гадоў адсядзеў за разбоі і крадзяжы! Я жыў з жанчынай. А яна… Яна пасля сышла да іншага, — і па яго твару бягуць слёзы.

— У кватэры хто жыве зараз? — пытаю яго.

— Людзі. Чужыя. Але я іх ведаю. А я жыву ў пад’ездзе. А сплю на лаўцы. Мне падабаецца двор, дзе я жыву. Тут недалёка — тры прыпынкі.

— А чаму не ідзеце ў начлежку для бяздомных?

— У мяне няма дакументаў! Я — БОМЖ, БОМЖ, БОМЖ! Каму я патрэбны?

kubak_harbaty__19__logo.jpg


Адшукваю паперку і запісваю адрасы тых аб’яднанняў, якія дапамагаюць бескаштоўна аднаўляць дакументы бяздомным. Тлумачу, калі і куды трэба пайсці. Ён плача. Толькі шэпча: «Яна мяне кінула, кінула…» А пасля рэзка разварочваецца і сыходзіць.


kubak_harbaty__21__logo.jpg


Мы даганяем мужчыну, яшчэ раз нагадваем, што ў аўторак ён мусіць быць па пэўнай адрасе. Ён плача і кажа: «Які аўторак? А сёння ў нас што?» Мы аддаем печыва і ў дзясяты раз тлумачым, што яму варта зрабіць, на пальцах расказваем пра назвы дзён тыдняў. Распавядаем, што яго і памыюць, і палечаць, і дапамогуць з дакументамі. Ён вымаўляе «дзякуй», дастае з кішэні і паказвае нам абразок, які нехта яму калісьці падарыў як кроплю надзеі, якая ўжо плюхнулася ў яго стакан.

І хай нехта скажа, што такія акцыі — пустое. Але я ведаю дакладна, што кожнаму чалавеку, незалежна ад таго, хто ён, бомж ці кар’ерыст, дырэктар альбо дворнік, патрэбна адно — любоў. Бяздомным патрэбна простае адчуванне таго, што ўсе мы роўныя. Ім патрэбна простая размова. Ім патрэбна простая ўсмешка. Ім патрэбна наўпрост працягнутая сурвэтка, каб яны змаглі выцерці твар.


Валанцёры пасля дзвюх гадзін парцы

Валанцёры пасля дзвюх гадзін парцы


Пасля нашага першага «Кубка гарбаты» не змянілася нічога. Глупства — чакаць, што бяздомныя пасля некалькіх гадоў жыцця на вуліцы ў адзін момант зменяцца. Перастаць чакаць цуду, ісці за імі, а не праходзіць міма і не ставіць крыж на абадраным алкаголіку — тыя маленькія кроплі, якія падаюць у іх стакан.


kubak_harbaty__11__logo.jpg


Часам не трэба глабальнай дапамогі — ахвяраваць вялікія грошы на начлежкі, або пісаць грандыёзныя праекты па бяздомных у Беларусі. Дастаткова ўзяць з сабой на працу тэрмас. І калі раптам пабачыш бяздомнага — проста працягнуць яму кубачак гарбаты.

Я турбавалася, што акцыя праваліцца і людзі больш не будуць гэтым займацца. Але ўсе ўжо чакаюць наступнага «кубку». А калі справа сапраўды патрэбная, заўсёды знойдуцца людзі, якія будуць дзяліцца нечым з тымі, хто забыўся на азначэнне слова «любоў».


kubak_harbaty__9__logo.jpg

У любым куточку Беларусі кожны можа пайсці і пачаставаць нечым смачным бяздомнага, які ўжо, падаецца, намазоліў вочы. Можна гэты ўчынак сфатаграфаваць і выкласці здымкі ў сацыяльныя сеткі пад тэгам #кубакгарбаты. І жыць далей. Але ведаць, што вашая кропля ўпала ў яго стакан. І на дзясятую міліметра ў ім стала больш. 

Фота Арцёма Лявы