Пасля смерці Коржыча ў Печах ягоны сябра-саслужывец спрабаваў учыніць самагубства

У судзе выяўляюцца новыя дэталі ў справе аб гібелі салдата Аляксандра Коржыча ў вайсковай частцы ў Барысаве, піша «Радыё Свабода».

Падсудныя Антон Вяжэвіч, Ягор Скуратовіч і Яўген Бараноўскі (злева направа). 8 жніўня 2018 годуа

Падсудныя Антон Вяжэвіч, Ягор Скуратовіч і Яўген Бараноўскі (злева направа). 8 жніўня 2018 годуа

13 жніўня на працэсе па крымінальнай справе аб смерці салдата Аляксандра Коржыча прадоўжылі допыт пацярпелых салдат. Пятым дапытаным стаў Раман Аскерка, з якім Коржыч разам служыў у Печах.

Раман Аскерка адзіны прысутны на працэсе саслужывец Аляксандра Коржыча, з якім той падтрымліваў блізкія сяброўскія адносіны падчас службы.

Коржыч і Аскерка служылі ў 3-й роце 307 школы, іх ложкі стаялі побач у адной казарме. Аб тым, што Аляксандр Коржыч падтрымліваў блізкія адносіны з Аскеркам, гаварылі і іншыя апытаныя судом пацярпелыя салдаты.

Акрамя Аскеркі, Коржыч цесна кантактаваў з шарагоўцам Аліхаджаевым, які зрабіў спробу самагубства неўзабаве пасля смерці Коржыча і быў камісаваны пасля знаходжання ў Навінках. Аліхаджаеў у працэсе не ўдзельнічае, месца яго знаходжання невядомае.

«Напачатку мы не асабліва цесна кантактавалі з Коржычам, — расказаў суду Раман Аскерка. — Калі разам трапілі ў трэцюю роту, ужо кантактавалі больш цесна. Мой ложак быў побач з ложкам Аляксандра. Нармальны хлопец, ні з кім не канфліктаваў, нармальныя меў зносіны. Коржыч не скардзіўся мне ні на што спачатку. Пачаў скардзіцца пасля таго, як трапіў у медпункт у пачатку верасня. Коржыч гаварыў, што ў яго баліць сэрца. Пасля медпункта ён перастаў кантактаваць з іншымі саслужыўцамі. Прыкладна праз тыдзень пасля гэтага, Аляксандра забралі ў медпункт. Больш я яго не бачыў».

Новыя сведчанні нестатутных адносін у Печах

Раман Аскерка, як і іншыя апытаныя судом пацярпелыя салдаты, расказаў пра парушэнні статуту, якія былі ў частцы. У прыватнасці пра выкуп права карыстацца тэлефонамі ў сяржантаў (асабіста Аскерка заплаціў за гэта 30 рублёў), неабходнасць перыядычна набываць сяржантам каву, цыгарэты, вафлі і іншыя прадукты. Таксама ён пацвердзіў, што некалькі разоў сяржант Бараноўскі прымушаў салдатаў адціскацца ад зямлі за дробныя парушэнні. У тым ліку ў супрацьгазах.

«Я б не сказаў, што Коржыч меў канфлікты з Бараноўскім, ён меў нармальныя з ім стасункі, — расказаў Аскерка. — Аднойчы я бачыў, як сяржант Вяжэвіч патрабаваў у Коржыча набыць яму вафлі. Коржыч набываў сяржантам прадукты, але колькі разоў ён гэта рабіў, я не ведаю. Таксама быў выпадак, калі сяржант Вяжэвіч загнаў Коржыча ў яму і кідаў у яго рыдлёўкі зверху ўніз. Пры гэтым ён смяяўся. Сяржант Скуратовіч усё бачыў, але не ўмешваўся».

У медроце Коржыча трымалі пад вартай

Раман Аскерка пацвердзіў, што сяржант Бараноўскі карыстаўся тэлефонам Коржыча. Чаму так адбывалася, ён не ведае.

«У другой палове верасня я павёў у медроту іншага саслужыўца, — расказаў Раман Аскерка. — Там я запытаўся, дзе Аляксандр Коржыч, як яго можна ўбачыць. Мне сказалі, што яго ў медроце няма. І што ён хутчэй за ўсё ў шпіталі, куды яго адвезлі з медроты. Мне вядома, што ў медроце Коржыч знаходзіўся пад вартай. Аб гэтым гаварылі ў роце салдаты. Не ведаю, адкуль была такая інфармацыя».

Раман Аскерка таксама расказаў, што аб смерці Аляксандра Коржыча яго саслужыўцы даведаліся ад следчых, якія прыйшлі ў частку рабіць агляд рэчаў загінуўшага салдата. Ні кіраўніцтва часткі, ні сяржанты аб гэтым ім не паведамлялі.

«Я не ведаю, чаму Аляксандр зрабіў гэта, — сказаў Раман Аскерка. — Ён не гаварыў мне, што хоча здзейсніць самагубства і не скардзіўся на дзеянні сяржантаў».

Працэс па справе аб смерці салдата Аляксандра Коржыча ідзе ў Мінскім абласным судзе Менску з 8 жніўня. На лаве падсудных трое сяржантаў роты, у якой служыў загінулы шараговец.

У выніку следства прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачанні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Пры гэтым сам СК раней паведамляў, што цела знайшлі ў пятлі са звязанымі нагамі і нацягнутай на галаву майкай — як гэта спалучаецца з версіяй пра самагубства, маці не патлумачылі. Святлана Коржыч катэгарычна не згодная з высновамі следства. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.

Праз два тыдні пасля таго, як у падвале вайсковай часткі ў Печах знайшлі труп Аляксандра Коржыча, Следчы камітэт Беларусі распачаў 8 крымінальных спраў у дачыненні да 8 вайскоўцаў. Пазней колькасць затрыманых у справе Аляксандра Коржыча вайскоўцаў павялічвалася: акрамя сяржантаў і прапаршчыка, за краты трапілі таксама два афіцэры, якія кіравалі ротай Коржыча. Аднак з больш чым 15 чалавек, затрыманых у справе, на лаве падсудных у першым працэсе апынуліся толькі тры сяржанты, якім прад'явілі абвінавачванні паводле ч. 1, 2 арт. 430 і ч. 3 арт. 455 Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Частка 3 артыкула 455 КК. Злоўжыванне начальніка ці службовай асобы ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі з цяжкімі наступствамі. Пазбаўленне волі на тэрмін ад 5 да 12 гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

Часткі 1 і 2 арт. 430 КК. Прыняцце службовай асобай для сябе ці для блізкіх матэрыяльных каштоўнасцяў ці выгод маёмаснага характару. Караецца абмежаваннем волі на тэрмін ад 3 да 5 гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, або пазбаўленнем волі на тэрмін да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

Гвалтоўная смерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадстве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі смерці маладых салдат.

Пасля здарэння ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненняў падчас службы ў войску.

У першым паўгоддзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу. На 31 ліпеня ў судах знаходзіцца яшчэ 12 крымінальных спраў за дзедаўшчыну, у іх фігуруе 19 асобаў.