Паставіць заслону незаконнаму будаўніцтву каля Курапатаў

Тэрмінова трэба надаць дзеючай часовай схеме зонаў аховы Курапатаў статус канчатковага праекта зонаў аховы гэтай каштоўнасці, гаворыцца ў лісце прадстаўнікоў грамадскасці да прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча.



kurapaty_miasnikovic_11_12_14_1.jpg

Сярод аўтараў звароту — культуролаг Вацлаў Арэшка, археолаг, кандыдат гістарычных навук Валянціна Вяргей, грамадскі дзеяч і мовазнаўца Вінцук Вячорка, грамадскі актывіст Алесь Макаў, які ў 2008 годзе затрымаў вандалаў у Курапатах, а таксама старшыня грамадскага аб’яднання «Хрысціянская злучнасць «Курапаты» 85-гадовы Вацлаў Нямковіч.
У сваім лісце ад 11 снежня яны звяртаюць увагу на тое. што цягам апошніх гадоў маюць месца факты парушэння недатыкальнасці ахоўнай зоны Курапатаў, зацверджанай часовай схемай зонаў аховы гэтай каштоўнасці згодна з пастановай Міністэрства культуры № 15 ад 12 мая 2004 года. Ёсць пагроза чарговага парушэння ахоўнай зоны Курапатаў з іх усходняга боку, дзе плануецца ўзвядзенне Міжнароднага выставачнага комплексу. Пры гэтым існуе верагоднасць узаконення статусу аб’ектаў, незаконна ўзведзеных у ахоўнай зоне каштоўнасці.
Аўтары звароту нагадваюць, што дзейнасць дзяржавы і Мінкультуры па ахове спадчыны рэгулюе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь і закон «Аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь». Аднак у дачыненні да ахоўнай зоны Курапатаў Мінкультуры абапіраецца на нарматыўна-прававы дакумент Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва — закон «Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь». Але ж гэты закон ў першую чаргу накіраваны не на ахову аб’ектаў спадчыны, а на прававое забеспячэнне дзейнасці суб’ектаў архітэктуры і будаўніцтва, падкрэсліваецца ў лісце.
Заяўнікі зазначаюць, што ў перапісцы з грамадскасцю чыноўнікі Мінкультуры прызнаюць прыярытэт праектаў зонаў аховы каштоўнасцяў над іншай горадабудаўнічай дакументацыяй. Менавіта такі падыход закладзены ў законе «Аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь». Разам з тым, супрацоўнікі Мінкультуры спасылаюцца на закон «Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь», што прадугледжвае прыярытэт горадабудаўнічай дакументацыі над праектамі зонаў аховы помнікаў. Прычым менавіта на гэтай прававой норме грунтуецца дзейнасць Мінкультуры ў дачыненні да ахоўнай зоны Курапатаў, гаворыцца ў звароце.

На думку яго аўтараў, узвядзенне ў такіх умовах Міжнароднага выставачнага комплексу можа прывесці да знішчэння гістарычнай «Дарогі смерці» — апошняга шляху ахвяраў на згубу.


Каб прывесці сітуацыю ў адпаведнасць з Законам «Аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь», патрэбна тэрмінова надаць дзеючай часовай схеме зонаў аховы Курапатаў статус канчатковага праекта зонаў аховы гэтай каштоўнасці. Прычым пры правядзенні гэтай працэдуры неабходна абавязкова захаваць існуючыя межы ахоўнай зоны з абавязковым уключэннем участку «Дарогі смерці» з элементам гістарычнага ландшафту паміж МКАД і дарогай Заслаўе-Калодзішчы як неад’емных гістарычных фрагментаў помніка, адзначаецца ў лісце.
Заяўнікі паведамляюць, што выклалі гэтую прапанову 12 лістапада пад час сустрэчы з міністрам культуры Барысам Святловым і начальнікам упраўлення па ахове гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Мінкультуры Ігарам Чарняўскім, аднак не атрымалі поўны і матываваны адказ па сутнасці пастаўленага пытання, як гэта прадугледжана артыкулам 18 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб».
Вось чаму прадстаўнікі грамадскасці просяць Міхаіла Мясніковіча разгледзець вышэйназваную прапанову і вырашыць існуючую праблему дзеля таго, каб паставіць заслону незаконнаму будаўніцтву ў ахоўнай зоне Курапатаў.