Пазвоннае, або Слова падзякі
Не магу сказаць, што ведаў Аляксея Караля надта хораша альбо што быў вельмі блізкі да ягонай асобы. Пазнаёміцца пашчасціла тады, калі асноўнай справай ягонага жыцця стаўся штотыднёвік «Новы Час». Нават нумар ягонага мабільнага тэлефона значыўся ў выходных звестках газеты як рэдакцыйны нумар, бо не падзяляў ён асабістае і працоўнае.
Нашмат пазней дазнаўся, што Аляксей Сцяпанавіч Кароль быў гісторыкам паводле адукацыі, кандыдатам гістарычных навук, аўтарам кніг і манаграфій, што адкрываў ён імёны рэпрэсаваных сталіністамі ў 20–30-я гады мінулага стагоддзя нашых дзяржаўных і культурніцкіх дзеячаў, што заўсёды быў верны ідэям дэмакратыі, што аддана служыў беларусізацыі і свабодзе слова, і найперш слова беларускага.
Аляксей Кароль быў па-каралеўску шчодры. Амаль што дзесяць гадоў таму з ягонай, як рэдактара «Новага Часу», ласкі ды з ініцыятывы Саюза беларускіх пісьменнікаў узнік дадатак да штотыднёвіка пад назваю «Літаратурная Беларусь». Аляксей Кароль рэальна паспрыяў пашырэнню свабоды слова, даў мажлівасць «нячэсным» літаратарам штомесяц выходзіць да чытача са сваімі новымі творамі, думкамі, ідэямі і турботамі.
Ён быў надзвычай чуйны, сціплы ды інтэлігентны і, бывала, жартаваў, маўляў, яшчэ трэба падумаць: «Літаратурная Беларусь» — гэта дадатак да «Новага Часу», ці наадварот. Але на поўным сур’ёзе лічыў, што «літаратура для нашай нацыі — нешта большае за прыгожае пісьменства, гэта — асноватворная база беларускай нацыянальнай ідэі».
На вечарыне з нагоды выхаду сотага нумара «Літаратурнай Беларусі» адзін з выступоўцаў сказаў, што назіраецца працяглы застойны крызіс у палітычным і эканамічным жыцці краіны, і толькі літаратары жывуць у новым часе, а пры тых словах спрытна, нібыта ілюзіяніст, выцягнуў юбілейны нумар «Літаратурнай Беларусі» з «Новага Часу». А пасля яшчэ жартоўна дадаў, што калі краіна пяройдзе ад прэзідэнцкай рэспублікі да манархіі, дык зусім не супраць быў бы бачыць на троне аднаго з віноўнікаў імпрэзы пад іменем Аляксей І.
Жыццё падарыла нямала сустрэчаў з Аляксеем Сцяпанавічам. Каля беларускай гімназіі № 23, непадалёк ад якой ён жыў і ахвотна выносіў з дому, прэзентаваў аўтарскія асобнікі. На 20-годдзі «Бацькаўшчыны» і на сядзібе Таварыства беларускай мовы. Пры кінатэатры «Кастрычнік» як месцы збору на шэсце ў Курапаты, дзе добразычліва падказваў, што ў бліжэйшым пятнічным нумары выйдзе і мой матэрыял пра цмокаў. У філармоніі, дзе быў я ўражаны неверагодным падабенствам да яго дачкі Ірыны Віданавай, якая выкладала маёй Алесі ва ўніверсітэце... А апошняя надарылася ў клубе «IMAGURU» на прэзентацыі кнігі Аляксандра Тамковіча «Няскораны Міхаіл Марыніч».
Адыход Аляксея Караля ў лепшы свет практычна супаў з гадавінаю па Пятру Марцаву, гэтаксама найвыдатнейшым арганізатары і журналісце. Сышлі яны няскоранымі, непераможанымі барацьбітамі, а значыць — пераможцамі. Мне падабаецца думаць, што і ў іх гонар быў перайменаваны адзін з галоўных праспектаў у нашай сталіцы. Тым болей, што Аляксей Кароль нарадзіўся ў пераможным, 1945 годзе.
Вельмі шкадую, што не пабываю на развітанні з ім у Палацы мастацтва, бо буду ў ад’ездзе…
Схадзіў і падоўжыў падпіску на «Новы Час», бо хачу, каб мы жылі ў новым, лепшым, беларускім часе, у тым часе, пра які марыў спадар Аляксей.
Бывай, Кароль, бывай!
Віват, Кароль, віват!