Полька беларуская

«Паміж Польшчай і Расіяй — полька беларуская», — радок з вядомай песні на верш Леаніда Дранько-Майсюка ў выкананні Анатоля Ярмоленкі. Песня лёгкая і з добрым гумарам пра сур’ёзнае: пра нацыянальную самабытнасць беларусаў у сяброўстве з суседзямі. На жаль, зусім не такую палітычную полечку-трасуху танчаць зараз выканаўцы з уладнага ансамбля.



d8330f857a17c53d217014ee776bfd50.jpg

Але, трэба ж, — па тэксту песні. «І ад печы да сяней» — дакладнае азначэнне памераў танцпляцоўкі: ад уладнай печы да гродзенскіх, брэсцкіх і гудагайскіх сяней з выхадам на Захад. «Колькі маем духу» — на ўсю моц, без перадыху. «Мы заскачам, як раней, / Полечку трасуху».
Менавіта «як раней». Без усялякіх там дэмакратычных «па» і ліберальных рэверансаў скачуць хлопцы ва ўніформе, ці то на плошчы Свабоды, ці то на Кастрычніцкай, ці то ў івянецкім Доме польскім. Партнёраў — пад дых і ў пастарунак. І пад суд: прыз за танец — штраф ды суткі. Аднолькава, што ў адносінах да беларускіх палякаў, што да беларускіх беларусаў.
Дзеля чаго? Каму выгадна? Хто балетмайстар?
Закуліссе беларускай палітычнай сцэны — зона закрытая. Але ўжо відавочна, што новы сілавы накат на Саюз палякаў, на мірную моладзь на плошчах Свабоды і Незалежнасці, на журналістаў, устаноўка ад Лідзіі Ярмошынай і Наталлі Пяткевіч СМІ пісаць пра выбары правільна — не ёсць асобныя, спантанныя імправізацыі.
Гэта цэласная кампазіцыя, якая ў спалучэнні ўсіх сваіх элементаў складае выразнае пасланне. Сваім і чужым. Наменклатуры: не расслабляцца, але ж за сябе не хвалявацца — улада непахісная. Апазіцыі — паслаблення не будзе. Захаду — пражывем і без вашага дыялога, прынамсі ў звязку з правамі чалавека.
І менавіта ўвесь Захад, Еўрасаюз, а не выключна Польшча — асноўны адрасат гэтага паслання. Як у песні: «Між Літвой і Украінай / Полька беларуская!»
Навошта, здавалася, пры тым крызісным эканамічным стане ў Беларусі, ды яшчэ адразу ж пасля пазбаўлення часткі нафтавых прэферэнцый ад Расіі?
Высілкі беларускага аўтарытарнага рэжыму любымі спосабамі раскалоць, абмежаваць, нейтралізаваць дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў не здзіўляюць. Саюз палякаў тут усяго толькі адна арганізацыя з дзесяткаў.
Хаця, зразумела, з шэрагу найбольш моцных, у тым ліку і дзякуючы падтрымцы польскай дзяржавы. Магчыма, гэта падтрымка ўяўляецца беларускім уладам занадта энергічнай. Але ж на тое ёсць відавочна сіметрычны адказ. Трымайце суседзі: на «карту паляка» — «карту беларуса», падтрымку беларускім асяродкам у Польшчы, аж да стварэння Саюза беларусаў.
Аднак тут якраз — стоп. Бо гэтыя беларускія асяродкі — у большасці сваёй — адмоўна ставяцца да сучаснага беларускага рэжыму. Як жа дапамагаць студэнтам-каліноўцам, выцесненых з бацькаўшчыны па палітычных матывах? Спробы беларускіх уладаў аддзяліць «сваіх» ад «чужых» у беларускай дыяспары поспеху не мелі.
Тактыка прымянення прэвентыўных сілавых мер па нейтралізацыі ўнутранага негвалтоўнага супраціву — істотны, аднак, на нашу думку, не самы галоўны матыў змены зместу полечкі-трасухі.
Падаецца, што гэта абвастрэнне паміж Мінскам і Варшавай спатрэбілася пэўным палітычным колам, як у беларускай кіроўнай эліце, так і — галоўнае — у расійскай. Невядомы палітычны балетмайстар ведаў, што рабіў.
Беларусь паміж Польшчай і Расіяй — гэта Беларусь паміж Захадам і Усходам.
Папросту Польшча на працягу некалькіх стагоддзяў апынулася на вастрыні гэтай геапалітычнай спрэчкі, у якой Беларусь аказалася разменнай манетай. На гэтым гістарычным разломе Польшча пацярпела паразу ад Расіі — Савецкага Саюза. А тут зноў стала выходзіць на ініцыятыўныя пазіцыі, прычым у новай якасці — дэмакратычнай краіны. І ў адной еўрапейскай супольнасці — Еўрапейскім саюзе.
Паслясавецкая ж Расія, на жаль, не стала дэмакратычнай і не пазбавілася імперскіх амбіцый. А тут дыялог. «Усходняе партнёрства». І Польшча наперадзе працэсу.
«Спыніць!» — патрабуе двухгаловы арол. Аднак геапалітычнае становішча самой Расіі ўжо далёка не тое. І эканамічнае таксама. Таму з усіх пазіцый лепш, калі свой заходні вектар адсячэ сама Беларусь — суверэнная і незалежная краіна.
Іншая справа, як гэтага дамагчыся. Пэўныя аргументы, відаць, знайшліся. Мы не ведаем дэталяў. Аднак ёсць адна красамоўная: пасля паразы ў барацьбе за нафтавыя прэферэнцыі афіцыйны Мінск не адказаў ні словам абурэння, як шматкроць здаралася на тле ўсіх папярэдніх газавых і малочных войнаў. Гучнае маўчанне. Накдаўн.
Сітуацыя падрыхтавана. Старт — захоп Дома польскага ў Івянцы літаральна напярэдадні афіцыйнага візіту міністра Мартынава да міністра Сікорскага. Два гады трывалі, а тут засвярбела. Ці не была гэта акцыя разлічана на зрыў візіту, які ўсё ж не быў адменены Варшавай? Што было пракаментавана некаторымі польскімі палітыкамі і аналітыкамі як памылка. А можа, якраз наадварот.
Канфлікт адносін па лініі Мінск–Варшава, шырэй — Беларусь–Еўрасаюз, пакуль не скончаны, скасаванне заходняга вектару па-ранейшаму пад прыцэлам. Працягваецца і эскалацыя рэпрэсій супраць апанентаў рэжыму, што працуе па сутнасці на тую ж мэту.
Дык што, наглядаем фінал танца пад назвай «Дыялог»?
У першапачаткова задуманай кампазіцыі — несумненна. Аднак нават беларускія танцоры рух не спыняюць: сп. Макей абвяшчае пра аднаўленне працы грамадска-кансультацыйнай рады, на прэс-канферэнцыю пад патранатам адміністрацыі запрашаюць і пару незалежных журналістаў, дзяржаўныя журналісты на чале са сп. Зімоўскім прыходзяць на сумесны з незалежнымі абед да кіраўніка місіі АБСЕ. Асцярожная такая полечка-трасуха.
Новай версіі ў працяг палітычнага танца «Дыялог» Еўрасаюз яшчэ не выпрацаваў. Мне падаецца, што недакладна быў абраны сам тэрмін і фармат — дыялог. Гэта занадта высокае азначэнне, якое і прадыктавала завышаныя чаканні і патрабаванні. На справе ж адбылося папросту аднаўленне міжнародных, найперш дыпламатычных, стасункаў краін Еўрасаюза з дзеючым у Беларусі рэжымам. У стандартным фармаце, які існаваў да высялення дыпмісій з Драздоў, да зводу А. Лукашэнкам Беларусі ў самаізаляцыю.
Гэты стандартны фармат прадугледжвае пэўныя адносіны не толькі з дэмакратычнымі, але і з аўтарытарнымі рэжымамі, не выключаючы і ўзнікнення канфліктных сітуацый з адпаведнымі палітычнымі дэмаршамі. І ўводзіць у зразумелыя для ўсіх, агульнапрынятыя формы адносіны заходніх палітыкаў і дыпламатаў з уладамі і апазіцыяй. Паасобку з кожным. Без прэтэнзій з усіх бакоў на сумесны дыялог. І цалкам здымае падставы для крытыкі на іх адрас наконт выратавання рэжыму. Але ж і ўся адказнасць, у тым ліку маральная, у такім выпадку перамяшчаецца на іх саміх. Без спасылак на слабасць дэмакратычнай апазіцыі.