Помнік Каліноўскаму ў Мінску не ставяць з-за праваслаўнага святара?

Чаму ў Мінску дагэтуль няма помніка Каліноўскаму, якога многія лічаць нацыянальным героем Беларусі?

830e80c7_b8ee_4b5c_aa97_004111ffb1c7_w1023_r1_s.jpg

Вядучы ток-шоў «Кожны з нас» Глеб Лабадзенка падзяліўся ў студыі Белсат неафіцыйнай інфармацыяй з Міністэрства культуры.
«Галоўнай перашкодай стаў высокапастаўлены праваслаўны святар, храм якога знаходзіцца на вуліцы Каліноўскага. І ён патрабаваў, каб вуліцу перайменавалі, — распавёў Глеб Лабадзенка. — Сваю нянавісць ён тлумачыць тым, што паўстанцы забівалі праваслаўных святароў. Усяго іх загінула 14 — на такой лічбе сыходзяцца розныя даследчыкі».
Прысутны сярод гасцей студыі гісторык Алег Трусаў адзначыў, што праваслаўныя святары актыўна падтрымлівалі паўстанне:
«А больш за ўсіх падтрымаў Жыровіцкі манастыр. Вельмі вялікія рэпрэсіі былі супраць гэтых святароў [з боку расейскіх уладаў - рэд.]».
Доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Краўцэвіч, у сваю чаргу, лічыць некарэктным гаварыць, што святароў забівалі за прыналежнасць да праваслаўнай канфесіі:
«Гэта была вайна, было паўстанне. Каліноўскі загадваў караць не праваслаўных святароў, а людзей, якія даносілі, якія выдавалі паўстанцаў. І даследчыкі з самага пачатку вывучэння паўстання адзначаюць, што ён быў вельмі чалавекалюбівымі. Ён больш пагражаў, чым выконваў.
Чаму святар не кажа пра тое, што карнікі расстралялі сотні паўстанцаў, не расказвае пра дзейнасць ваенных начальнікаў паветаў? Яны знішчалі дзясяткі шляхецкіх ваколіц».
«У мяне яшчэ адно пытанне: чаму яны не змагаюцца з помнікамі Леніну, які забіў тысячы праваслаўных святароў?» — падтрымаў Краўцэвіча Глеб Лабадзенка. Алег Трусаў узгадаў, што паўстанцы каралі здраднікаў і сярод каталіцкіх святароў.
«Калі ўжо ставіць кропкі над «і», то трэба ўспомніць, што магілы і Віктара Каліноўскага [брата Канстанціна — рэд.], і бацькоў Каліноўскага знаходзяцца на праваслаўных могілках ў Свіслачы», — дадаў яшчэ адзін удзельнік дыскусіі, актывіст з Горадні Вадзім Саранчукоў .
З поўнага выпуску ток-шоў «Кожны з нас» можна таксама даведацца, што Каліноўскага прызналі беларусам, дзякуючы перапісцы Маркса і Энгельса, а магілу героя на самай справе знайшлі 100 гадоў таму.


Паводле belaruspartisan.by