«Прастытутка была па кішэні нават студэнту»
Выходзіць кніга пра сексуальную рэвалюцыю ў БССР гісторыка Аляксандра Гужалоўскага.
Краіна бардэляў, прастытутак, вольных адносін, сексуальных эксперыментаў і венерычных хвароб. Такой паўстае Савецкая Беларусь у сваё першае дзесяцігоддзе ў новай кнізе гісторыка Аляксандра Гужалоўскага «Сексуальная рэвалюцыя ў БССР (1919–1929 гг.)».
Выдавецтва
«Янушкевіч» рэкламуе кнігу як сапраўдную сенсацыю на беларускім рынку. Яна
пабачыць свет у ліпені, але ў інтэрв’ю Свабодзе аўтар пагадзіўся ўжо цяпер
распавесці пра многія пікантныя дэталі сексуальнага жыцця ў БССР. Сам Аляксандр
Гужалоўскі кажа, што яго кніга не пра секс і не пра каханне. «Гэта кніга пра
імкненне чалавека да асабістай свабоды, якім было прасякнутае ўсё ХХ стагоддзе»,
— гаворыць гісторык.
Савецкі саюз — радзіма «сексуальнай рэвалюцыі»
Тэрмін «сексуальная рэвалюцыя» прыдумаў вучань Зігмунда Фрэйда, аўстраамерыканскі псіхолаг камуніст Вільгельм Райх. Ён быў прыхільнікам савецкага ладу і не раз бываў у краіне саветаў. Пабачыўшы сексуальнае разняволенне, якое там панавала, ён распрацаваў канцэпцыю «сексуальнай рэвалюцыі».
Змены маралі ў Беларусі пачаліся яшчэ ў другой палове XIX стагоддзя. Фармаваліся новыя дачыненні, пачалася міграцыя, разбуралася традыцыйныя сялянская грамада і сямейныя адносіны. Але апошні цвік у мараль забілі бальшавікі. Для іх гэта было элементам стварэння новага чалавека. Першай ахвярай стаў традыцыйны шлюб.
Тое, што Захад увёў у XXI стагодзі, беларусы мелі 100 гадоў таму
У 1848 годзе класікі марксізму пісалі, што «ў рэальнасці буржуазны шлюб з’яўляецца агульнасцю жонак. Камуністаў можна было б упікнуць хіба ў тым, нібыта яны хочуць паставіць адкрытую агульнасць жонак замест крывадушна прыхаванай».
Кодэкс законаў аб шлюбе, прыняты 27 студзеня 1927 году, увёў незарэгістраваны шлюб у заканадаўчае поле. З’явіўся тэрмін «фактычны шлюб», які сёння мы называем грамадзянскім шлюбам. Колькасць традыцыйных законных шлюбаў у Беларусі увесь час скарачалася. У 1923 годзе іх было 50 тысяч, праз год іх колькасць зменшылася да 44 тысяч.
«Старшыня жаночага аддзелу ЦК КПБ Марыя Муратава ў 1926 годзе заявіла, што фактычным шлюбам у Беларусі жылі ўжо больш 100 тысяч чалавек. Гэта людзі, якія свядома адмовіліся ад ЗАГСу і царквы», — апавядае Аляксандр Гужалоўскі.
Сярод зорных партнёраў фактычных шлюбаў у 1920-я гады была, напрыклад, акторка Стэфанія Станюта. Яе першым партнёрам быў актор 2-га Беларускага драматычнага тэатру ў Віцебску Васіль Рагавенка. Заснавальніца Нацыянальнага мастацкага музею Алена Аладава з канца 1920-х і ўсе 30-я гады жыла зь вядомым кампазітарам, рэктарам кансерваторыі Мікалаем Аладавым. Фактычным шлюбам з Рэвэкай Свераноўскай жыў пісьменнік Кузьма Чорны.
«І самая зорная пара — гэта старшыня Савету народных камісараў Язэп Адамовіч. Ягонай партнёркай была Соф’я Шамардзіна. Я ёй прысвяціў цэлы раздзел пад назвай „Валькірыя рэвалюцыі“, бо яна была адной з галоўных правадніцаў ідэяў сексуальнай рэвалюцыі ў БССР. — кажа гісторык. — Пэўны час яна была старшынёй жаночага аддзелу ЦК КПБ. Доўгі час Шамардзіна з’яўлялася старшынёй Галоўпалітасветы. Гэтая пара займала ў Беларусі пасады абсалютна ідэнтычныя тым, што займалі Ленін і Крупская ў Маскве». Зламаць сексуальна-інтымную сферу камуністы намагаліся ўплывам на моладзь і жанчын. Каб разбурыць традыцыйныя парадкі, яны вырывалі іх з сем’яў, дзейнічалі праз камсамол.
Аборт як прыкмета жаночай свабоды
Вольныя сексуальныя адносіны 1920-х гадоў ва ўмовах адсутнасці кантрацэпцыі правакавалі вялікую колькасць незапланаваных цяжарнасцяў. Вынікам гэтага стала неверагодная колькасць абортаў.
«У 1927 годзе колькасць абортаў амаль што наблізілася да колькасці 48% ад колькасці нараджэнняў. Гэта страшная лічба. У кожным павятовым і раённым цэнтры існавала аборткамісія. Такая сітуацыя прыводзіла і да вялікай колькасці забойстваў немаўлят. Забівалі і маці, і бацька. Гэта была вельмі распаўсюджаная з’ява. Жанчына не мела магчымасці вырасціць дзіця, а бацька імкнуўся пазбегнуць аліментаў», — кажа Гужалоўскі.
Цяжарных не спыняла і тое, што аборты былі платныя. Бясплатнымі абортамі маглі скарыстацца толькі чальцы прафсаюзаў і жонкі рабочых. Для непрацоўнага элементу ды інтэлігенцыі аборты былі вельмі дарагой паслугай.
«Для савецкіх феміністак аборт быў адной з прыкметаў жаночай свабоды. Яны казалі, што жанчына — гэта не радзільная машына і што яна мае права на выбар, які ў буржуазным грамадстве быў немагчымы.
Прастытуцыя была нармальнай часткай ландшафту беларускага гораду
Ніякага пакарання за прастытуцыю ў першае дзесяцігоддзе Савецкай Беларусі не было. Прастытуцыя не ўзгадвалася і ў Крымінальным кодэксе. Існаваў толькі артыкул за арганізацыю падпольных бардэляў і за ўцягванне ў прастытуцыю непаўналетніх.
«З прастытуткамі маглі праводзіць прафілактычныя
размовы і не больш за тое. Часам ім прапаноўвалі прафілакторыю для прастытутак.
Яна працавала на вуліцы Камуністычнай у Менску. Там іх сацыялізавалі, давалі
працу, вучылі чытанню ці ручной працы», — распавядае гісторык.
У 1920-я
гады заснавальнік беларускай сацыялогіі Сямён Вальфсон у адным са сваіх
выступаў назваў лічбу бардэяляў у БССР — 446. І гэта толькі раскрытыя бардэлі.
У 1927 годзе ў Гомелі іх было выкрыта 120. Працавалі ў бардэлях пераважна
вясковыя дзяўчаты, якія не змаглі знайсці сабе працу ў горадзе.
«У Менску прастытутка зарабляла каля 100 рублёў. Сярэдняя цана адной паслугі ў Менску была каля 40-50 капеек. Гэта была вельмі танная паслуга. Ёю маглі карыстацца нават студэнты БДУ. Я сустракаў студэнцкія сацыялагічныя анкеты, і яны спакойна там пісалі, што карыстаюцца паслугамі прастытутак. Прастытутка ў 1920-я гады была абсалютна нармальнай часткай ландшафту беларускага гораду», — дадае Гужалоўскі.
Венерычныя дыспансеры былі перапоўненыя
Лекары білі ва ўсе званы. У Мінскім венералагічным дыспансеры ў 1925 годзе колькасць жанатых мужчын складала 44%, а замужніх жанчын — 64%.
Паводле Гужалоўскага, гэта сведчыць, што сямейны статус не стрымліваў людзей ад пазасямейных сексуальных кантактаў. 59% усіх пацыентаў-мужчын дыспансеру заразіліся ад знаёмых і толькі 34% — ад прастытутак. І гэта пры ўсёй даступнасці прастытутак.
Цікава, што ў дыспансерах тады фіксавалася этнічная прыналежнасць. Напрыклад, у 1927 годзе 50% з апытаных прастытутак ідэнтыфікавалі сябе як беларускі, 27,8% — як габрэйкі, 5,2% — як полькі, столькі ж было рускіх, і 11,8% назвалі сябе прадстаўніцамі іншых нацыянальсцяў.
Ці была сямейная здрада ў БССР нормай? За такое пытанне, тлумачыць гісторык, у савецкай Беларусі маглі б назваць нэпманам, буржуем і мешчанінам.
«Сямейная здрада было састарэлым паняццем. Маці савецкага фемінізму Аляксандра Калантай называла адносіны паміж мужчынамі і жанчынамі „крылаты эрас“. Яна была супраць прастытуцыі і традыцыйнага шлюбу і выступала за „трэці шлях“, дзе каханне сумяшчаецца з сяброўствам. Яна гэта называла „эратычным сяброўствам“ або „каханнем-гульнёй“».
ЛГБТ БССР
У Крымінальным кодэксе БССР 1928 году не было артыкулу за гомасексуалізм. Гэта не была тэма для абмеркавання. Такі артыкул з’явяўся ў сталінскі час, у сярэдзіне 1930-х гадоў.
«Было некалькі гучных разбіральніцтваў у Беларускай вайсковай акрузе, калі ў гомасексуальныя сувязі ўступалі вайскоўцы. Актыўныя палітрукі намагаліся гэта падвесці пад трыбунал. Але да суду не даходзіла, бо гэта не было злачынствам. Каб замяць сітуацыю, вайскоўцаў адпраўлялі ў іншае месца службы», — кажа гісторык.
За грошы ў БССР можна было змяніць пол. Такія справы адкрыта абмяркоўваліся лекарамі на старонках беларускіх медыцынскіх часопісаў.
«Прэса ў БССР была ліберальная. Аднойчы там апісвалася гісторыя Наташы з Гомеля. Яна прыйшла да лекара і сказала, што больш не можа быць Наташай, і прасіла зрабіць з яе Натоля. У дакументах яна піша, што яе непераадольна цягне да дзяўчат, што прырода памылілася і, маўляў, маю мужчынскую натуру схавала за жаночай абалонкай», — цытуе Гужалоўскі адну са спраў аб змене полу.
Нягледзячы на цэнзуру, прэса шырока пісала на сексуальную тэматыку. Зрэшты, Крымінальным кодэксам БССР не забаранялася і парнаграфія.
«Сексульная рэвалюцыя» паядае сваіх дзяцей
1929 год стаў знакавым для савецкай дзяржавы. Гэта быў год «сталінскага пералому». Была згорнутая і беларусізацыя, і эканамічныя эксперыменты. Пачалася калектывізацыя і індустрыялізацыя.
«Дзеля гэтай фарсаванай мадэрнізацыі Сталіну былі патрэбныя людзі. А сексуальныя эксперыменты 1920-х прывялі да рэзкага падзення нараджальнасці. Патрэбная была чалавечая маса. Сталін прымусова развярнуў палітыку ў іншы бок. Камуністычная рытырока захавалася, але пачалі культывавацца сямейныя каштоўнасці. І гэта працягвалася да пачатку перабудовы. Камуністы надалей будавалі новае грамадства, але ўжо без сексуальных эксперыментаў», — гаворыць Аляксандар Гужалоўскі.
Сімвалам савецкага беларускага фемінізму і «сексуальнай рэвалюцыі» гісторык называе Соф’ю Шамардзіну. Яна была першай жанчынай паэта Маякоўскага і зацяжарыла ад яго. Шамардзіна была дачкою мінскага акцызнага чыноўніка. Пасля заканчэння мінскай гімназіі яна паехала ў Пецярбург, там увайшла ў кола футурыстаў, дзе і пазнаёмілася з Маякоўскім. «Яна гэтыя старонкі сексуальнай рэвалюцыі прапусціла праз сваю біяграфію і лёс. Яна паказала, як можна жыць і кахаць па-новаму. Пасля Маякоўскага яе партнёрам стаў старшыня Камітэту народных камісараў Беларусі Язэп Адамовіч. Гэта, аднак, не замінала ёй мець мноства эратычна-сяброўскіх прыгодаў».
Шамардзіна была старшынёй жанаддзела, ездзіла з лекцыямі і прамовамі для беларускіх жанчын, супраць сям’і і за «вызваленне жанчын ад прыгнёту мужчын». Пасля самагубства Адамовіча Шамардзіна апынулася ў ГУЛАГу і правяла там 10 гадоў. Жыццё яна скончыла ў Маскве, у прытулку для старых бальшавікоў. Памерла «маці беларускага савецкага фемінізму» ў 1980 годзе, калі ў СССР пачалі напоўніцу адраджацца ідэі новай «сексуальнай рэвалюцыі».