Права на самаабарону як галоўны доказ невінаватасці палітвязня Святаслава Барановіча

Форум «Свабоду палітвязням Беларусі» лічыць падобную пазіцыю «Вясны» і БХК памылковай, не адпавядаючай статусу праваабаронцаў, выклікаючай у грамадстве абурэнне і непаразуменне. І вось чаму.

1479191177_gi_12589_58556_big.jpg


Права на жыццё з'яўляецца галоўным правам кожнага чалавека. У адпаведнасці з арт. 24 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, кожны мае права на жыццё. Дзяржава абараняе жыццё чалавека ад любых супрацьпраўных замахаў. У той жа час, не з'яўляецца злачынствам дзеянне, здзейсненае ў стане неабходнай абароны  гэта значыць пры абароне ўласнага жыцця, здароўя або правоў іншай асобы, інтарэсаў грамадства або дзяржавы ад грамадска небяспечнага замаху шляхам прычынення, якое робіць замах шкоды, калі пры гэтым не было дапушчана перавышэння межаў неабходнай абароны. Артыкулы 34-37 Крымінальнага Кодекса Рэспублікі Беларусь рэгулююць права грамадзяніна на самаабарону.

15 сакавіка 2017 года пасля дазволенай акцыі пратэсту невядомыя людзі на грамадскім прыпынку “пл. Бангалор” напалі на групу хлопцаў і дзяўчат, якія мірна стаялі і чакалі транспарт. Бараніць маладзёнаў кінуліся звычайныя мінакі, адным з якіх быў Святаслаў Барановіч. Баронячы маладзёнаў ад нападнікаў у цывільным, Святаслаў, як ён распавёў у судзе, машынальна ўдарыў аднаго з нападаючых. Пазней вызначылася, што справакаваўшымі бойку на прыпынку і ў тралейбусе людзі ў цывільным былі супрацоўнікамі праваахоўных органаў, якія не прадставіліся, дзейнічалі без апазнавальных знакаў — то бок іх дзеянні былі непрафесійнымі, супрацьзаконнымі, правакацыйнымі, што і прывяло да таго, што грамадзяне, у тым ліку Святаслаў Барановіч, былі вымушаны выкарыстоўваць сваё права на самаабарону.

На вялікі жаль, ніводзін з анархістаў, якіх збілі пры затрыманні так званыя “людзі ў цывільным”, а насамрэч супрацоўнікі праваахоўных органаў, не падаў скаргу на іх гвалтоўныя дзеянні, бо лічаць гэта бессэнсоўным у краіне, дзе адсутнічае справядлівы суд і не працуюць законы.

У той жа час, супрацоўнікамі праваахоўных органаў 3 кастрычніка 2017-га па дарозе на працу быў арыштаваны і змешчаны ў СІЗА грамадскі актывіст Святаслаў Барановіч, супраць якога ўзбудзілі крымінальную справу спачатку па арт. 339 (хуліганства), а пазней перакваліфікавалі яе ў арт. 364 (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі)

12.03.2018 г. судом Маскоўскага райна Мінска быў вынесены прысуд — 3 гады калоніі агульнага рэжыму.

Жорсткім несправядлівым прысудам дзяржава апраўдала тэрор праваахоўных органаў супраць цывільнага насельніцтва, фактычна дала дазвол на ўжыванне гвалту супрацоўнікамі праваахоўных органаў у любых сітуацыях, чым парушыла закон “Аб праваахоўны органах” і Канстытуцыю РБ, не кажучы ўжо пра міжнароднае заканадаўства.

Форум “Свабоду палітвязням Беларусі” лічыць справу супраць Святаслава Барановіча цалкам сфальсіфікаванай, прысуд Святаславу Барановічу — незаконным, лічыць, што ў дзеяннях Святаслава няма складу злачынства, лічыць віну Святаслава цалкам недаказанай, патрабуе неадкладнага вызвалення актывіста і пакарання міліцыянтаў, якія груба парушылі заканадаўства.

Форум “Свабоду палітвязням Беларусі” прызнае Святаслава Барановіча палітычным вязнем, згодна з крытэрыямі ПАСЕ (парушаны пункты “а”, “с” і “е” крытэрыяў) і заклікае ўсе праваабарончыя арганізацыі, структуры, ініцыятывы далучычацца да прызнання і быць салідарнымі, разам дамагацца вызвалення Святаслава Барановіча.

Згодна з крытэрыямі ПАСЕ, зняволены лічыцца палітвязнем, калі парушаны хоць адзін пункт крытэрыяў:

  • калі пазбаўленне свабоды было ўжыта ў парушэнне аднаго з асноўных правоў, гарантаваных Еўрапейскай канвенцыяй па правах чалавека (ЕКПЧ) і Пратаколамі да яе;
  • калі пазбаўленне свабоды было ўжыта па відавочна палітычных прычынах без сувязі з якім-небудзь правапарушэннем;
  • калі па палітычных матывах працягласць зняволення і яго ўмовы з'яўляюцца відавочна непамернымі ў адносінах да правапарушэння, у якім асоба была прызнана вінаватай або падазраецца;
  • калі па палітычных матывах асоба пазбаўлена волі на дыскрымінацыйнай у параўнанні з іншымі асобамі аснове; або
  • калі пазбаўленне волі з'яўляецца вынікам відавочна несправядлівага разгляду, што, як уяўляецца, звязана з палітычнымі матывамі ўладаў".

(Асобы, пазбаўленыя асабістай свабоды за тэрарыстычныя злачынствы, якія не лічацца палітычнымі зняволенымі, калі судовае разбіральніцтва і вынясенне прысуду за такія злачынствы былі праведзены ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і Еўрапейскай канвенцыяй аб правах чалавека.)

Форум “Свабоду палітвязням Беларусі” лічыць справу Святаслава Барановіча цалкам палітычна матываванай. Палітычная матывацыя прысутнічае, як збоку актывіста, так і з боку ўлады.

Палітычныя матывы рэпрэсаванага — гэта матывы, звязаныя з перакананнямі рэпрэсаванай асобы, вызнаннем веры, грамадска-палітычных поглядаў і (або) іх публічным выказваннем, альбо яго дзеяннямі па абароне правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян.

Святаслаў Барановіч з’яўляецца грамадскім актывістам, які неаднойчы прымаў удзел у акцыях пратэсту супраць існуючага рэжыму, а ў 2010 пасля разгону Плошчы быў прызнаны палітвязнем, Святаслаў Барановіч 15 сакавіка 2017 бараніў маладзёнаў ад гвалту і беззаконня людзей у цывільным.

Навідавоку і палітычныя матывы зняволення Барановіча з боку дзяржавы, якая арыштам і несправядлівым, жорсткім прысудам актывісту пытаецца запалохаць грамадскасць рэпрэсіямі, сваволлем, безпакаранасцю сілавых структураў стварае ў краіне атмасферу страха і бездапаможнасці дзеля захавання і ўмацавання сваёй улады.

На жаль, праваабаронцы “Вясны” і БХК не прызнаюць Святаслава Барановіча палітвязнем, бо кіруюцца не крытэрыямі ПАСЕ і МА, а змененым варыянтам гэтых крытэрыяў, так званым “Кіраўніцтвам”, згодна з якім людзі, у дзеяннях якіх ёсць гвалтоўнае правапарушэнне, не могуць быць прызнаны імі палітвязнямі”. Гэта прыкра. Гэта вельмі на руку дзяржаве, якая правакуе, фальсіфікуе і робіць з невінаватых людзей злачынцаў, ламае іх лёсы, кідаючы іх у турмы па ілжывым абвінавачванням, даючы вялікія тэрміны зняволення, ужываючы пры гэтым катаванні і здзекі, сцвярджаючыю што ў Беларусі палітвязняў няма.

Форум “Свабоду палітвязням Беларусі” лічыць падобную пазіцыю "Вясны", БХК памылковай, не адпавядаючай статусу праваабаронцаў, выклікаючай у грамадстве абурэнне і непаразуменне і заклікае “Вясну”, БХК перагледзець свае крытэрыі (“Кіраўніцтва”), ці ануляваць іх і карыстацца крытэрыямі ПАСЕ і МА.

Форум “Свабоду палітвязням Беларусі” заклікае ўсіх да салідарнасці з палітвязнем Святаславам Барановічам!