Закон ненаўпроставага дзеяння

У выніку «правак», унесеных у нашу Канстытуцыю ў 1996 годзе, няроўнасць грамадзянаў перад законам закладзена ў ёй самой. Не верыце?

str_4_kanstytucia_logo_1_logo.gif


Беларускай Канстытуцыі 15 сакавіка споўнілася 24 гады. Амаль чвэрць стагоддзя мы жывём з нацыянальным Асноўным законам. Памятаю, калі яго прымалі, усе казалі: у нас добрая Канстытуцыя, сусветнага ўзроўню. Але ж самы добры закон можна сапсаваць практыкай яго выканання.

Ці, дакладней, невыканання. Гартаючы старонкі Асноўнага закона і згадваючы, што ў нас адбылося толькі за апошнія тры месяцы, разумееш: галоўная хіба нашай Канстытуцыі ў тым, што яна не працуе.

Напрыклад, артыкул 13 Канстытуцыі кажа, што «дзяржава надае ўсім роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам, і гарантуе роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх формаў уласнасці».

Дзейнасць прадпрымальнікаў, якія ажыццяўлялі пасажырскія перавозкі ў межах краіны, не забароненая законам. Але Міністэрства транспарту, аперуючы іншым законам, паставіла іх прыватны бізнес у падпарадкаванне аўтавакзалам — гэта роўныя правы? Калі Мінтранс загадвае, дзе можна браць пасажыраў, а дзе нельга, патрабуе вызначаць маршруты для паперкі, а не дзеля людзей — гэта «роўныя ўмовы для развіцця ўсіх формаў уласнасці» ці наадварот?

А «дармаедскі дэкрэт», новая рэдакцыя якога павінна неўзабаве з’явіцца ў краіне? Паводле Канстытуцыі (артыкул 41), грамадзянам гарантуецца права на працу «як найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека». А «ў выпадку незанятасці асобы па незалежных ад яе прычынах ёй гарантуецца навучанне новым спецыяльнасцям і павышэнне кваліфікацыі з улікам грамадскіх патрэбаў».

Асноўная канва «дармаедскага дэкрэту» — прымусіць дармаедаў плаціць паболей, прычым невядома за што і пакуль невядома як. Пра гарантыі права на працу і павышэнне кваліфікацыі ў гэтым (як, дарэчы, і ў мінулым дакуменце) заканадаўцы неяк забыліся.

Зусім свежы прыклад бяздзеяння беларускага Асноўнага закона — справа Святаслава Барановіча. Хлопец убачыў, што нейкія хуліганы напалі на групу падлеткаў. І кінуўся бараніць гэтых падлеткаў. Аказалася, што «хуліганы» — міліцыянты ў цывільным, якія не прадстаўляліся і ніяк не пазначылі тое, што яны міліцыянты. А падлеткі — купка анархістаў, якія проста ўдзельнічалі ў, дарэчы, санкцыянаваным уладамі (!) шэсці на дзень Канстытуцыі (!!!) 15 сакавіка 2017 года. У выніку Барановічу днямі далі тры гады калоніі агульнага рэжыму.

Незадоўга да прысуду міністр унутраных спраў спадар Шуневіч заявіў, што ўсе, хто будзе накідвацца на супрацоўнікаў міліцыі, «будуць атрымліваць». Але, каб накінуцца на супрацоўніка, трэба ж ведаць, што ён супрацоўнік, праўда? І асабліва ведаць, што гэта супрацоўнік, які «пры выкананні».

Што пра гэта кажа Асноўны закон? У артыкуле 22 запісана, што ўсе роўныя перад законам і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў. Артыкул 23 вызначае, што «ніхто не можа карыстацца перавагамі і прывілеямі, якія супярэчаць закону». Артыкул 33 кажа, што кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне, а артыкул 35 — што свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзян Рэспублікі Беларусь, гарантуецца дзяржавай.

Што мы атрымалі ў выніку? Анархісты ўдзельнічалі ў дазволеным (паўтаруся) уладай вулічным шэсці, спраўджваючы сваё права на сходы і выказванні. Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным спрабавалі гэта права парушыць. Барановіч паспрабаваў узнавіць законнасць — і атрымаў тры гады калоніі.

Гэта — не «нацяжка». Калі ўжо закон абавязковы для выканання, дык Асноўны закон (то бок Канстытуцыя) — гэта таксама закон. Калі перад законам усе роўныя, то ўсе роўныя і перад Асноўным законам. Калі дзеянні міліцыянтаў парушалі правы людзей, замацаваныя ў Канстытуцыі (то бок законе), адпаведна, яны былі незаконнымі. І міліцыянты не могуць у дадзеным выпадку прыкрывацца сваім службовым становішчам — зыходзячы з той жа роўнасці перад законам і недапушчальнасці незаконных пераваг і прывілеяў.

Але ж прыкрыліся: і «самы гуманны і справядлівы суд у свеце» вынес адпаведны вердыкт.

Увогуле, што можна казаць пра нашу Канстытуцыю, калі, у выніку «правак», унесеных у яе ў 1996-м, няроўнасць грамадзянаў перад законам закладзена ў ёй самой? Не верыце?

Артыкул 60 Канстытуцыі гарантуе кожнаму (!) абарону яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны. А артыкул 116 той жа Канстытуцыі абмяжоўвае права грамадзян звяртацца ў асобна ўзяты суд — а менавіта ў суд Канстытуцыйны. Ён разглядае пытанні толькі па прапановах прэзідэнта, Палаты прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі, Вярхоўнага Суда, Вышэйшага Гаспадарчага Суда і Савета Міністраў, — і гэта таксама запісана ў Канстытуцыі.

Юрысты могуць шмат казаць, што гэты дакумент — прыгожая дэкларацыя, што Канстытуцыя не мае наўпроставага дзеяння. Але «Dura lex, sed lex» — «Суворы закон, але закон», — казаў, калі верыць паданням, законнік Цыцэрон. І, калі мы ўжо назвалі Канстытуцыю законам — яна павінна выконвацца. Як і іншыя законы.