ВКЛ і БНР прыгадваліся ў праекце першай Канстытуцыі суверэннай Беларусі

15 сакавіка 1994 Вярхоўны Савет Беларусі прыняў першую Канстытуцыю суверэннай Рэспублікі Беларусь. Аднак гэты, канчатковы тэкст, істотна адрозніваўся ад першапачатковых варыянтаў, якія былі падрыхтаваныя Канстытуцыйнай камісіяй і прымаліся Вярхоўным Саветам як праекты, паведамляе Радыё Свабода.

const.jpg

Пра тое, што ў праекце Канстытуцыі спачатку не было раздзела пра прэзідэнцтва, што гэты раздзел прымаўся з парушэннем Рэгламента Вярхоўнага Савета, шляхам патаемнага галасавання бюлетэнямі, і дэпутаты Апазіцыі БНФ, якія былі супраць прэзідэнцтва, не ўдзельнічалі ў галасаванні — пісалася неаднойчы.
Але значна менш вядома, што яшчэ ў 1993 годзе Канстытуцыя пачыналася з узгадак у тым ліку і пра ВКЛ і БНР.
Мне давялося быць членам Канстытуцыйнай камісіі, і ў маім архіве захаваўся праект Асноўнага закону па стану на 11 сакавіка 1993 года (між іншым, роўна за два тыдні да святкавання 75-х угодкаў незалежнасці БНР).
Паводле гэтага праекту, Канстытуцыя пачыналася наступным чынам:
«Мы, народ Рэспублікі Беларусь (Беларусі)...»
У дужках звычайна пазначаліся варыянты, у гэтым выпадку — варыянт новай назвы краіны. Некаторыя дэпутаты (у тым ліку і я) лічылі, што назва «Рэспубліка Беларусь», прынятая ў верасні 1991 году, з’яўляецца рудыментам і стварае ў свядомасьці ўспрыманне краіны як часткі нейкай большай дзяржавы (напрыклад, доўгі час яшчэ паводле савецкай традыцыі казалі «рэспубліканская прэса» (гэта значыць беларуская) і «цэнтральная» — маскоўская). Як вядома, у канчатковым варыянце засталася цяперашняя назва.
Цалкам жа прэамбула Канстытуцыі гучала так:
«Мы, народ Рэспублікі Беларусь (Беларусі),
зыходзячы з адказнасці за сучаснае і будучае Беларусі,
усведамляючы сябе паўнапраўным суб’ектам сусветнага супольніцтва і пацвярджаючы сваю прыхільнасць да агульначалавечых каштоўнасцей,
грунтуючыся на сваім неад’емным праве на самавызначэнне,
абапіраючыся на шматвяковую гісторыю развіцця беларускай дзяржаўнасці,
аддаючы належнае пошукам справядлівага грамадскага ладу на старажытнай зямлі Беларусі, якія знайшлі адлюстраванне ў Статутах Вялікага княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага, Статутных граматах Беларускай Народнай Рэспублікі, Канстытуцыях Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, а таксама ў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь,
імкнучыся зацвердзіць правы і свабоды кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, жадаючы забяспечыць грамадзянскую згоду, непахісныя ўстоі народаўляддзя і прававой дзяржавы,
прымаем гэтую Канстытуцыю — Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь».
Як бачыць чытач, у прэамбуле ўзгадваліся і ВКЛ, і БНР, і БССР. Прычым, у адрозненні ад назвы краіны, дзе дапускаліся варыянты — тут ужо была канчатковая згода членаў Канстытуцыйнай камісіі.

Праект першай Канстытуцыі сувэрэннай Беларусі, 1993 год

Праект першай Канстытуцыі сувэрэннай Беларусі, 1993 год

Найбольш гістарычна значныя рашэнні Вярхоўным Саветам прымаліся альбо пад ціскам (як абвяшчэнне незалежнасці 25 жніўня 1991, калі намаганні дэпутатаў Апазіцыі БНФ падтрымлівала Плошча), альбо ў выніку перамоваў і кампрамісаў (як прыняцце «Пагоні» і бел-чырвона-белага сцяга ў якасці дзяржаўных сімвалаў 19 верасьня 1991).
Вышэйцытаваныя радкі былі вынікам кампрамісу. У Канстытуцыйную камісію ўваходзілі як камуністы, былыя кіруючыя партыйныя работнікі, артадаксальныя ветэраны, генералы ў адстаўцы і дзейныя генералы КДБ, гэтак і дэпутаты Апазіцыі БНФ. Спрэчкі па шмат якіх пазіцыях ішлі жорсткія. І ўсё ж, у гэтым выпадку ўдалося ўнесці ў праект і згадкі пра ВКЛ і БНР — камуністы пагадзіліся на гэта, ну а мы пагадзіліся ўзгадаць БССР. Прыгадваньне Дэклярацыі аб суверэнітэце, прынятай у 1990 годзе ў тым ліку і членамі Канстытуцыйнай камісіі асаблівых пярэчанняў не выклікала.

Каб правесці ў Канстытуцыю, не хапіла галасоў

Такім чынам, 75-годдзе незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі мы адзначылі з праектам Канстытуцыі, у якім БНР была зафіксаваная як этап дзяржаўнасці.
Аднак ужо праз некалькі тыдняў, у красавіку 93-га, большасць Вярхоўнага Савета прагаласавала за ўваходжанне Беларусі ў сістэму калектыўнай бяспекі СНД, якая фактычна кантралявалася расійскім Генштабам (ініцыятарам уключэння пытаньня ў парадак дня сэсіі быў дэпутат Лукашэнка). Адбыліся і іншыя падзеі, якія не пайшлі на карысць умацаванню незалежнасці, пра якія пішу ў новай кнізе «Дзевяноста трэці».
У выніку, абзац з узгадваннем этапаў беларускай дзяржаўнасці быў цалкам выкраслены з праекту Канстытуцыі — нам проста не хапіла галасоў, каб яго правесці ў Канстытуцыю.
Аднак мне чамусці падаецца, што ў новым парламенце будучай дэмакратычнай Беларусі галасоў дэпутатаў, якія з павагай паставяцца да гісторыі Беларусі, будзе больш чым дастаткова.
Сяргей Навумчык