Як Лукашэнка хоча змяніць Канстытуцыю?

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі распавёў аб цане размоў пра змены ў Асноўным законе.

by_1.jpg

15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі, кіраўнік дзяржавы зноў загаварыў пра магчымыя змены ў Асноўны закон. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка заклікаў «не шукаць у гэтым нейкія навіны, нават фэйкавыя».
Чаму ўлады зноў загаварылі пра рэдагаванне Канстытуцыі? Якія змены могуць з’явіцца? І ці варта іх наогул чакаць? Пра гэта ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» распавёў палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.
З аднаго боку, Аляксандр Лукашэнка ў сваіх выказваннях перасцярог ад фэйкавых інтэрпрэтацый яго заяў. Напэўна, ён мае на ўвазе асцярогі экспертаў, прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі аб тым, што беларускі афіцыйны лідэр пойдзе па шляху ўмацавання аўтарытарызму, — кажа эксперт.
Такія прагнозы робяцца зыходзячы з вопыту іншых постсавецкіх аўтарытарных рэжымаў, лічыць Аляксандр Класкоўскі. Напрыклад, азербайджанскі лідэр Ільхам Аліеў, які зрабіў магчымай перадачу ўлады сваёй жонцы.
У Беларусі Канстытуцыя двойчы змянялася на рэферэндумах, і абодва разы гэта былі змены, якія какраз умацоўвалі ўладу Лукашэнкі. У першым выпадку гэта быў разгон Вярхоўнага Савета ў 1996-м, другі — зняцце ліміту на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў у 2004-м, нагадаў суразмоўца «Салідарнасці».
На думку Аляксандра Класкоўскага, праз амаль чвэрць аднаасобнага кіравання Лукашэнкі, цяжка ўявіць, што змены ў Канстытуцыю будуць накіраваны ў адваротны бок.
Хоць, мяркуючы па рыторыцы, кіраўнік дзяржавы хоча паказаць, што ён думае прагрэсіўна: кажа аб развіцці высокіх тэхналогій, мясцовага самакіравання. Але я, напрыклад, не бачу ў сённяшняй Канстытуцыі нейкіх палажэнняў, якія б перашкаджалі правядзенню эканамічных рэформ, укараненню высокіх тэхналогій. Усё, як раз такі, упіраецца ў аўтарытарную сыстэму ўлады. І цяжка ўявіць, што пры такой сістэме можа рэальна існаваць нейкае самакіраванне, — падкрэсліў палітычны аглядальнік.
Эксперт перакананы, што ўсё залежыць ад таго, як на практыцы прымяняюцца законы. Па яго перакананні, сучасная Канстытуцыя краіны дастаткова дэмакратычная — яна гарантуе свабоду сходаў, меркаванняў. Але на практыцы арганізатары масавых мерапрыемстваў рэгулярна сутыкаюцца з драконаўскімі мерамі. Як і незалежная прэса, якая рэгулюецца законам аб СМІ.
— Беларускія законы, і без таго жорсткія, тлумачацца па прынцыпе «закон што дышаль». Ва ўгоду вертыкалі ўлады, ва ўгоду палітычнай мэтазгоднасці.
У ідэале, падкрэсліў эксперт, трэба казаць аб змене ўсёй палітычнай сістэмы:
— У нас няма прававой дзяржавы, адсутнічае павага да закона. У Асноўным законе прапісана вяршэнства права, але мы ведаем, што кіраўнік дзяржавы нярэдка бравіруе тым, што ўмешваецца ў працу пракуратуры, следства і судоў, — адзначыў Аляксандр Класкоўскі. — І той факт, што ён асабіста прызначае суддзяў, перакрэслівае яго сённяшняе пажаданне да суддзяў Канстытуцыйнага суда ўдзельнічаць ва ўдасканаленні судовага права. У нас у прынцыпе няма незалежнага суда: прызначэнне работнікаў гэтай сістэмы кіраўніком дзяржавы робіць іх цалкам залежнымі ад яго.
Асабліва гэта заўважна ў выпадку са справамі з палітычным падтэкстам, калі пры вынясенні вердыкту дзейнічае тэлефоннае права, адзначыў эксперт.
Ён таксама нагадаў пра рызыкі, якія нясуць у нашай краіне інвестары: любое прадпрыемства ў любы момант можа быць нацыяналізавана па рашэнні вярхоўнай улады.
У нас павінна запрацаваць прававая дзяржава. І калі па-ранейшаму ўсё вырашаць будзе адзін чалавек, то ніякія фармальныя змены ў Канстытуцыі сутнасці не зменяць. Сённяшні выступ можна лічыць фармальным водгукам на неабходнасць пераменаў у краіне. Але тое, як гэта было пададзена, не выклікае надзеі на тое, што гэта будуць перамены менавіта ў патрэбным кірунку, — падвёў вынік Аляксандр Класкоўскі.