На аднаго палітвязня стала больш

Сёння ў Рэспубліцы Беларусь з’явіўся яшчэ адзін палітычны вязень. Уладзімір Яроменак, 23-гадовы актывіст «Маладога Фронту», пайшоў адбываць 3-месячны арышт.



jaromenak4.jpg

За апошнія гады мне даводзілася знаёміцца з рознымі грамадскімі і палітычнымі актывістамі. Запалу многіх з іх хапіла на некалькі месяцаў ці некалькі год. Адыходзілі, то расчараваныя, то баючыся рэпрэсій. Або скарыстоўвалі факты тых самых рэпрэсій, каб паехаць за мяжу вучыцца (і ў Беларусь не вярнуцца), ці атрымаць палітычны прытулак у якой-небудзь еўрапейскай краіне.

Уладзімер Яроменак меў больш чым дастаткова прычынаў, каб расчаравацца. Мала каго натхняе знаёмства з закуліссем беларускай апазіцыі. Тым менш натхняе на змаганне побыт у беларускіх турмах.


Яроменак прайшоў усё гэта – і не толькі застаўся пры сваіх перакананнях, але і працягвае змагацца за лепшую будучыню. Уладзімір быў на Плошчы - 19 снежня ён збег ад разгону. Вечарам 20-га выйшаў зноў, каб паказаць: усіх запалохаць немагчыма.

Пасля Плошчы Уладзімір сеў. Тры гады калоніі строгага рэжыму. Пакінем убаку пытанне ягонай віны – кавалак выбітага шкла ў Доме Урада не каштуе такога пакарання. Напісаў на імя Лукашэнкі цыдулку з адным сказам: “Прашу мяне вызваліць”.


І быў вызвалены 13 жніўня 2011 года. Еду ў Мёры, каб узяць у Уладзіміра інтэрв’ю. “Няўжо Яроменак зламаўся ці расчараваўся?”, думаю.
Дзе там!

“Калі б сёння трэба было ісці на Плошчу, пайшоў бы?” – пытаюся. “Так, пайшоў бы”, - упэўнена адказаў актывіст.


І Уладзімір выходзіў: на мітынгі, на пікеты, вывешваў сцягі, садзіўся на суткі – і зноў выходзіў. Сілавікі ведалі, што перад важнымі грамадскімі падзеямі Яроменак дома не сядзіць – і арыштоўвалі яго не пасля, а напярэдадні магчымых акцый.
"Весткі" рэгулярна публікавалі навіны пра Яроменка - іх набралася на цэлую рубрыку.
Як нядаўняга крымінальніка, сілавікі ўзялі Яроменка пад прэвентыўны нагляд. Забаранілі яму выязджаць за межы горада Мінска ды прымусілі сядзець дома пасля 20-й гадзіны.

У ліпені 2013, калі Уладзімір Яроменак сядзеў за сталом на сваім уласным вяселлі, у кішэні зазваніў тэлефон. Нагода тэлефанавання была цынічная адносна ўрачыстага моманту вяселля: супрацоўнік міліцыі паведаміў, што на Уладзіміра заведзеная крымінальная справа за парушэнне правілаў нагляду.


Суд асудзіў Яроменка на тры месяцы арышту.
Учора вечарам тэлефаную Уладзіміру і не ведаю, што сказаць. Цяжка размаўляць з чалавекам, які ідзе ў вязніцу. “Як настрой?” – пытаюся. “Нармальна. Усё будзе добра”, - спакойным голасам адказвае актывіст.
Такія асобы як Уладзімір Яроменак выклікаюць захапленне.

Ці патрэбна тое, што робіць Уладзімір?


Я ўпэўнены, што патрэбна. Уладзімір і яго паплечнікі-маладафронтаўцы паказваюць усяму свету адну важную рэч.
Ад імя тых, хто працуе дзеля пераменаў у больш “бяспечных” сферах, ад імя тых, хто гадуе дзяцей па-беларуску і марыць пра лепшую для іх будучыню, ад імя тых, хто сцішыўся, але гатовы выйсці зноў – Уладзімір Яроменак і паплечнікі гучна кажуць: Беларусь жыве! Беларусы працягваюць змаганне!

Не ўсе людзі зараз мусяць выходзіць на вуліцы. Будучыня грамадства залежыць таксама ад тых, хто штодзённа непрыкметна працуе ў сферах адукацыі, журналістыкі, займаецца абаронай правоў ці царкоўным служэннем. Для такіх людзей прыклад Яроменка – гэта прыклад таго, якім трэба быць упартым у выбраным кірунку дзейнасці.


Пройдуць тры месяцы, і на старонках незалежнай прэсы прамільгне рэдкая радасная навіна: пра тое, што Уладзімір Яроменак выйшаў на свабоду.
Кастусь Шыталь, westki.info