«Прыпяць, дай пяць! 4.0»: акцыя-сплаў у абарону Палесся запускаецца ў новым фармаце
1 ліпеня стартавала штогадовая акцыя "Прыпяць, дай пяць!". Ахова птушак Бацькаўшчыны і "Багна" прапануюць адправіцца ў водны паход па Прыпяці і яе прытоках, каб падкрэсліць іх значнасць для прыроды Палесся ў незарэгуляваным, некранутым выглядзе.
Акцыя праводзіцца дзеля таго, каб прыцягнуць увагу да праблемы будаўніцтва воднага шляху Е40. Звычайна ўдзельнікі ладзілі цэнтралізаваныя сплавы, але ў сувязі з пандэміяй у мерапрыемства новы фармат: сплавы ў адзіночку ці невялікімі групамі. Арганізатары запускаюць карту з унікальнымі маршрутамі і заданнямі. Яе можна дапоўніць сваімі фатаграфіямі і тэкстамі.
Канстанцін Чыкалаў, каардынатар акцыі ад "Багны" і адзін з аўтараў ідэі, распавёў:
— Мы праводзім гэтую акцыю разам з мясцовымі жыхарамі Брэсцкай і Гомельскай абласцей, якія падзяляюць нашу пазіцыю, ужо чацвёрты год. Да яе далучаюцца людзі і з іншых рэгіёнаў Беларусі, якія даўно марылі наведаць палескія рэкі і ведаюць пра экалагічныя пагрозы для тутэйшай прыроды. Усіх нас аб'ядноўвае жаданне абараніць Палессе і выказаць свой пратэст у сувязі з планаваным будаўніцтвам воднага шляху Е40. Рэалізацыя праекта закране адны з самых каштоўных прыродных тэрыторый Беларусі: Нацыянальны парк "Прыпяцкі", Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, 11 рэспубліканскіх заказнікаў і 6 мясцовых, дванаццаць з якіх маюць міжнароднае значэнне. Палессе валодае глабальнай прыроднай каштоўнасцю. Нам бы хацелася, каб турысты пра яго даведаліся і ставіліся да гэтага рэгіёну з такім жа трапятаннем і павагай, як да Нотр-Даму.
Як даследаваць Прыпяць самастойна?
Выберы маршрут з упадабанымі заданнямі на інтэрактыўнай карце і выкладзі фота, відэа сплаву ў Instagram, Facebook, VKontakte з хэштэгам #savepolesia. Усё, ты ў справе: твае падарожныя нататкі стануць часткай кампаніі!
На карту нанесеныя 10 маршрутаў па самых маляўнічых участках Прыпяці і яе прытоках. Яны падзелены па складанасці і працягласці: нешта па душы знойдуць і пачаткоўцы і бывалыя.
Калі ў цябе няма досведу сплаваў, то падключайся да Telegram-каналу, дзе можна задаваць пытанні і атрымаць інструктаж ад вопытных байдарачнікаў.
Сяргей Зуёнак, спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях, распавёў:
— Рыхтуючы маршруты, мы хацелі даць людзям магчымасць убачыць векавыя дубровы па берагах Случы, легендарнае Тураўскае балонне і заліўныя лугі з нізіннымі балотамі ў пойме Ясельды. На карце таксама ёсць заданні. Яны вар'іруюцца ад простых, як "сабраць смецце ўздоўж берага", і забаўляльных, у стылі "зрабіць сэлфі на фоне гарлачыкаў", да больш складаных і важных: "адзначыць пункты сустрэч з рэдкімі птушкамі і чырвонакніжнымі раслінамі" або "замерыць узровень вады на пэўным участку ракі".
Удзельнікі сплаваў змогуць да канца жніўня скарыстацца зніжкай на арэнду байдарак і начлег у сядзібах Палесся ад партнёраў акцыі, кантакты якіх можна знайсці на карце. Тых, хто не зможа далучыцца афлайн, АПБ і» Багна " запрашаюць разам палюбавацца заходам над Прыпяццю і пасядзець ля вогнішча з дапамогай анлайн-трансляцыі. Усе мерапрыемствы будуць анансавацца па хэштэгу #savepolesia.
Раман Хлебін, сакаардынатар сплаву і кіраўнік "Клуба падарожжаў" Гомельскага аддзела Беларускага геаграфічнага таварыства:
— Прыпяць — на дзіва прыгожая рака, надзвычай важная для біяразнастайнасці краіны. Тут можна ўбачыць самую буйную драпежную птушку з тых, што гняздуюць у Беларусі — арлана-белахвоста! А ўпэўненыя ў сваіх сілах аматары экстрыму могуць здзейсніць марш-кідок па пераадоленні пешшу водна-трыснягова-іўняковых джунгляў і пераканацца, што тытул "Еўрапейскай Амазонкі" — не пусты гук. Не так шмат беларусаў за сваё жыццё хоць раз наведалі Палессе, і мы хочам, каб акцыя "Прыпяць, дай пяць!" стала тым самым штуршком, якога, магчыма, ім не хапала.
Па завяршэнні акцыі 31 жніўня карта з маршрутамі і нанесенымі ўспамінамі застанецца ў вольным доступе. Яе ўжо можна даследаваць па спасылцы.
Паводле прэс-рэлізу