Рада ТБМ заклікала грамадскасць абараніць музей Максіма Багдановіча

Пра гэта гаворыцца ў заяве кіраўніцтва рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”, прынятай на ягоным пасяджэнні 26 студзеня ў Мінску.



tbm_rada_1_26_1_14_1__logo.jpg

У заяве, між іншым, адзначаецца, што загадам Міністэрства культуры №3 ад 4 студзеня сталічны Літаратурны музея імя Максіма Багдановіча ліквідуецца як самастойная юрыдычнай адзінка і пераўтвараецца ў малазначную філію Дзяржаўнага музею гісторыі беларускай літаратуры. Прычым, змяненне статусу музея, сам факт чаго стварае бяспечны прэцэдэнт, павінна завяршыцца да 1 красавіка. 

Кожны адукаваны грамадзянін у Беларусі добра разумее, што Максім Багдановіч разам зЯнкам Купалам і Якубам Коласам — гэта тры зоркі беларускай паэзіі, тры асобы, якія аказалі вялікі ўплыў на станаўленне беларускай нацыі і нашай дзяржаўнасці, вызначылі галоўныя напрамкі развіцця роднай літаратуры”, — падкрэсліваецца ў заяве.

Рада ТБМ выказала вялікую ўдзячнасць усім грамадзянам краіны, якія напрыканцы мінулага года сваімі лістамі і іншымі дзеяннямі абаранялі добра вядомы ў свеце музей, і заклікала грамадзян Беларусі і замежных суайчыннікаў звяртацца непасрэдна да прэм’ер-міністра краіны Міхаіла Мясніковіча з настойлівай просьбай адмяніць вышэйзгаданы загад Міністэрства культуры і захаваць музей Багдановіча ў якасці самастойнай юрыдычнай асобы.

На пасяджэнні былі прынятыя звароты ў сувязі з выбарамі 2014 года ў мясцовыя саветы. У звароце да кандыдатаў у дэпутаты ім прапануецца браць удзел у выбарчай кампаніі па-беларуску, з пачуццём нацыянальнай годнасці, звяртацца да выбаршчыкаў на роднай беларускай мове, уключаць у перадвыбарчыя платформы пункты аб адкрыцці ў сваёй мясцовасці беларускамоўных класаў, школ, гімназій, студэнцкіх групаў і плыняў, афармляць па-беларуску выбарчыя ўлёткі, лозунгі і плакаты.  У звароце да выбаршчыкаў прапануецца звяртаць увагу, наколькі кандыдат у дэпутаты адстойвае нацыянальныя інтарэсы сваёй краіны, як ставіцца да роднай культуры і мовы — асноўных чыннікаў нацыі і незалежнай дзяржавы. Прычым, ТБМ заклікае падтрымаць менавіта тых кандыдатаў, якія ведаюць і шануюць беларускую мову, карыстаюцца ёю і спрыяюць яе пашырэнню, бо ад гэтага залежыць, наколькі будучы дэпутат будзе бараніць інтарэсы народу — носьбіту духоўнага скарбу, а таксама інтарэсы незалежнай дзяржавы — Рэспублікі Беларусь.   

Рада пастанавіла правесці 26 кастрычніка бягучага году ў Мінску XII з’езд ТБМ, зацвердзіла працэдуру вылучэння дэлегатаў (з 7 лютага па 20 верасня), а таксама рэкамендавала вылучаць у якасці дэлегатаў тых сяброў аб’яднання, якія маюць адпаведнае пасведчанне з фотаздымкам.

У якасці тэкстаў VII Агульнанацыянальнай дыктоўкі, што ў тры этапы (21 лютага, 15 сакавіка і 25 сакавіка) будзе праводзіцца ў межах святкавання Міжнароднага дня роднай мовы, зацверджаны ўзоры з трох твораў Васіля Быкава (“Сотнікаў”, “Знак бяды” і “Доўгая дарога дадому”), якія будуць надрукаваны ў газеце аб’яднання “Наша слова” у правапісах арыгіналу: першыя два тэксты — наркамаўкай, а трэці — тарашкевіцай.

У сувязі з 90-годдзем з дня народзінаў Васіля Быкава, якое будзе адзначацца 19 чэрвеня, вырашана накіраваць запыт у Адміністрацыю прэзідэнта наконт стварэння музея народнага пісьменніка Беларусі.    

Як адзначыў старшыня ТБМ Алег Трусаў, сябры аб’яднання годна адзначылі 150-я ўгодкі паўстання Кастуся Каліноўскага: толькі ў “Нашым слове” гэтай тэме была прысвечаная 91 публікацыя.   

tbm_rada_26_1_14_1__logo.jpg

Перакладчык Лявон Баршчэйскі паведаміў, што ў 12-м нумары “Беларускага гістарычнага часопісу” за 2013 год з’явілася навуковая публікацыя гісторыка Валянціна Голубева, які ў віленскіх архівах Літвы знайшоў дакументальнае пацвярджэнне існавання паролю паўстанцаў 1863 году: “Каго любіш? Люблю Беларусь. Так узаемна!”.

Па прапанове акадэміка Радзіма Гарэцкага ў план дзейнасці ТБМ на бягучы год уключана адзначэнне 90-годдзя прыняцця II сесіяй ЦВК БССР 15 ліпеня 1924 году пастановы “Аб практычных мерапрыемствах па правядзенню нацыянальнай палітыкі”, якая азначалала прыняццё афіцыйнага курсу на беларусізацыю. Па выніках яго ажыццяўлення ўжо праз тры гады па-беларуску вялося справаводства ў дзяржаўных установах рэспублікі, у тым ліку ў армейскіх злучэннях і структурах Дзяржпалітупраўлення, а праз чатыры гады каля 80% школ БССР былі пераведзены на беларускую мову навучання. 

Доктар біялагічных навук Язэп Стэпановіч, які шмат гадоў выключна па-беларуску выкладае экалогію на розных факультэтах Беларускага дзяржпедуніверсітэту імя Максіма Танка, звярнуў увагу на неабходнасць выхавання ў студэнтаў гонару за родную мову, якая зрабіла вялікі ўплыў на фармаванне ўсходнееўрапейскай культуры. У працэсе выкладання па-беларуску важна не слёзы ліць пра гаротны стан роднай мовы, а падвышаць яе аўтарытэт, лічыць навукоўца.

Рада ТБМ прапанавала рэгіянальным структурам падаць да 1 сакавіка ў сакратарыят аб’яднання інфармацыю пра дзейнасць сваіх арганізацый з верасня 2009 па студзень 2014 гадоў для стварэння летапісу ТБМ за апошнія пяць гадоў.