Радзіма прэзідэнта БНР Васіля Захаркі

Вёска Дабрасельцы, дзе нарадзіўся беларускі палітычны дзеяч, другі прэзідэнт Беларускай Народнай Рэспублікі Васіль Захарка (1877–1943) — глыбінка Зэльвенскага раёна, ад райцэнтра да вёскі больш за 20 кіламетраў.

У канцы XIX стагоддзя вёска і маёнтак былі ўласнасцю Ігната Шырмата, які меў 799 дзесяцін зямлі. На пачатку ХХ стагоддзя ў Дабрасельцах жыло каля 400 чалавек. Але з кожным годам вяскоўцаў станавілася ўсё менш і менш: у 1971 годзе іх жыло 288, у 2003 годзе застаўся ўжо 161 жыхар, а цяпер і таго менш. Паміраюць людзі, асабліва мужыкі.



69ec5030f78a9b735402d133317bf5f6.jpg

Вёска Дабрасельцы, дзе нарадзіўся беларускі палітычны дзеяч, другі прэзідэнт Беларускай Народнай Рэспублікі Васіль Захарка (1877–1943) — глыбінка Зэльвенскага раёна, ад райцэнтра да вёскі больш за 20 кіламетраў.

У канцы XIX стагоддзя вёска і маёнтак былі ўласнасцю Ігната Шырмата, які меў 799 дзесяцін зямлі. На пачатку ХХ стагоддзя ў Дабрасельцах жыло каля 400 чалавек. Але з кожным годам вяскоўцаў станавілася ўсё менш і менш: у 1971 годзе іх жыло 288, у 2003 годзе застаўся ўжо 161 жыхар, а цяпер і таго менш. Паміраюць людзі, асабліва мужыкі.
У Дабрасельцы, калі ехаць з Зэльвы і Міжэрычаў, можна дабрацца з двух бакоў вёскі. Бо сама вёска — гэта адна доўгая заасфальтаваная вуліца. Мне патрапіць у Дабрасельцы давялося з боку праваслаўнай царквы святога Антонія, пабудаванай у 1893 годзе. Але на той час у царкве нікога не было, таму прыйшлося ехаць да вясковай крамы — у другі бок вёскі, каб пагутарыць з вяскоўцамі.
У краме было людна, вяскоўцы куплялі тавары, вялі розныя гутаркі пра сваё жыццё-быццё. Пытаюся: «А ці ёсць у вашай вёсцы Захаркі?». «О-о-о! — усміхнуліся жанчыны. — У нас палова вёскі Захаркі. А вам каторы патрэбен?»
— Мне патрэбны сваякі Васіля Захаркі.
— А каторага Васіля?
— Таго, што жыў за мяжой у Чэхіі.
— А! Гэта трэба вам звярнуцца да Веры Міхальчык, яна жыве ў хаце пад нумарам 15. Яна шмат ведае і памятае.
Я паціху пайшоў па цэнтральнай вясковай вуліцы, потым з невялікага грудочка збочыў да хаты спадарыні Міхальчык. Мяне сустрэла невялікага росту бабуля, але яшчэ жвавая, зацікаўленая і гаваркая. Павітаўся і сказаў жанчыне мэту свайго візіту ў Дабрасельцы. Вера Іванаўна ўзрадавалася, запрасіла ў адзін з пакояў хаты і сказала, што ведае пра Васіля Іванавіча Захарку. «Мама мая Васілю Захарку была родная цётка», — сказала Вера Іванаўна. І адразу задала пытанне: «А ці праўда, што Васілю Захарку ў Слоніме паставілі бюст? І чаму гэта ў Слоніме, а не ў Зэльве?»
— У Слоніме, Вера Іванаўна, ёсць толькі бюсты Леніну. А Васілю Захарку няма. Але прыйдзе час, мы абавязкова паставім помнікі Васілю Захарку ў Зэльве, у Мінску і ў Дабрасельцах. А пакуль толькі адзін помнік яму ёсць на магіле на Альшанскіх могілках у Празе. А ці бачылі вы Васіля Захарку?
— Пры маёй памяці ён у Дабрасельцы прыязджаў два разы, але я яго не бачыла. Аднак я яму пісала лісты, дарослыя дыктавалі, а я пісала. Я вучылася ў царкоўнапрыходскай школе, пісаць і чытаць умела. А вось жонку яго Пелагею бачыла некалькі разоў, яна родам з суседняй вёскі Бязводна.
— А ці ведаеце вы кім быў Васіль Захарка?
— Здаецца, нейкім паслом.
— Так, 2 чэрвеня 1920 года ён быў прызначаны старшынёй Надзвычайнай беларускай дыпламатычнай місіі БНР. Васіль Захарка накіроўваўся ў Маскву па запрашэнні міністра замежных спраў РСФСР Георгія Чычэрына. Там ён выконваў абавязкі старшыні місіі БНР у Маскве. Захарка намагаўся прызнання незалежнасці Беларусі перад савецкімі ўладамі, арганізацыі войска, вызвалення беларускіх палітвязняў ва Усходняй Беларусі і матэрыяльнай дапамогі. А з 1928 года і да смерці ён узначальваў Беларускую Народную Рэспубліку. Гэта значыць быў яе прэзідэнтам.

Вера Іванаўна Міхальчык


— Вось гэта я ад вас чую ўпершыню. Няўжо ён такі знакаміты беларус?
— Вельмі знакаміты, Вера Іванаўна. А дзе яго была хата, дзе ён жыў?
— Побач з нашай. Але хаты той даўно няма, толькі месца засталося, дзе яна стаяла.
Вера Іванаўна з суседкай паказала мне месца, дзе стаяла хата Захаркі. Маладыя гады будучага прэзідэнта ў Дабрасельцах былі няпростыя. На шаснаццатым годзе жыцця ён застаўся сіратой, маючы пад сваёй апекай сястру і двух братоў. Але Васіль не падаў духам: улетку ён вёў гаспадарку, а ўзімку вучыўся. А ў 1898 годзе быў прызваны на вайсковую службу…
— Вера Іванаўна, а ці ёсць у вас якія-небудзь фотаздымкі Васіля і Пелагеі Захаркаў? — пытаюся ў спадарыні Міхальчык.
— У мяне няма, але мабыць ёсць у маёй малодшай сястры Валі Быкавай.
Мы пайшлі паціху да сястры Веры Міхальчык — Валянціны. Яна адна жыве ў вялікім цагляным доме. Ці не самы вялікі ў Дабрасельцах. «Такі вялікі дом вы пабудавалі сабе ў Дабрасельцах?» — пытаюся ў спадарыні Валянціны.
— Ды гэта не мой. Тут жыў герой сацыялістычнай працы Аляксандр Жамойцін. А калі ён памёр — мы выкупілі ў калгаса гэты дом. Вось цяпер адна тут і жыву, муж памёр, — сказала Валянціна Іванаўна.
— А за што Аляксандр Жамойцін атрымаў такое вялікае званне?
— Атрымаў ён гэта званне ў 1972 годзе за поспехі ў павелічэнні вытворчасці і продажу дзяржаве прадуктаў земляробства. Вось за гэта тады давалі такія вялікія званні.

Вясковыя жанчыны паказваюць, дзе стаяла хата Васіля Захаркі


— Спадарыня Валянціна, а ці ёсць у вас здымкі Васіля Захаркі?
— Былі два, але забрала дачка. Яна жыве ў Маладзечанскім раёне.
— А што гэта былі за здымкі?
— На адным — Васіль Захарка з жонкай Пелагеяй. Ён сядзіць, а яна стаіць побач з ім, паклаўшы яму руку на плячо. Здаецца, здымак быў зроблены ў 1920-х гадах. І на другім здымку — Васіль Захарка ў Коўне.
— Я ведаю гэтыя здымкі. Яны друкаваліся ў часопісе «Спадчына» ў 1994 годзе…
Пакуль мы гутарылі на вуліцы ў Дабрасельцах, да нас падыходзілі іншыя людзі — і сваякі Васіля Захаркі, і проста вяскоўцы, якія мелі прозвішча Захарка. Яны прасілі напісаць пра іх, пра тое, што многія з жанчын па 20–30 гадоў адпрацавалі даяркамі, свінаркамі ў калгасе, а з пенсіяй іх дзяржава падманвае. Напісаць пра тое, як працуе ў Дабрасельцах магазін, як лечаць старых людзей у бальніцах і г.д. Пытанняў і праблем у вяскоўцаў шмат…
Калі я развітваўся з Захаркамі з Дабрасельцаў, спадарыні Вера і Валянціна сказалі, што, магчыма, яны не дажывуць да таго часу, калі іх сваяку Васілю Захарку паставяць у Зэльве помнік. Я запэўніў іх, што дажывуць, і што падчас адкрыцця помніка, яны выступяць са шчырай прадмовай. Вяскоўцы падзякавалі за памяць і запрасілі часцей бываць на радзіме прэзідэнта БНР Васіля Захаркі, якому 1 красавіка спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння.