«Развод, і кухня папалам»
У сітуацыі, калі ў бацькоў развальваецца шлюб, найперш цярпяць, вядома, дзеці. Добра, калі бацькі разышліся па ўзаемнай згодзе, без праблем і прэтэнзій. Але нават у такім выпадку ўзнікае пытанне: як выхоўваць дзіця? Хто і калі мае права з ім сустракацца? Як увогуле можна наладзіць стасункі былых сужэнцаў з дзецьмі?
І як гэта зрабіць з пункту гледжання сучаснага беларускага заканадаўства?
Гэтыя пытанні мы паспрабавалі высветліць з дапамогаю адваката Андрэя Тукіна.
— У нас крыху дыскрымінацыйная судовая практыка: часцяком дзяцей пасля разводу пакідаюць з маці і, можа быць, не з найлепшай маці. Ваша меркаванне як адваката на гэты конт?
— У гэтай сітуацыі я пагаджуся з такой практыкай. Я таксама мяркую, што дзіця ў большай частцы выпадкаў павіннае заставацца з маці. Рэч у тым, што з 10-гадовага ўзросту дзіця мае права вызначаць, з кім з бацькоў у выпадку іх разводу яно збіраецца заставацца і пражываць. Яго меркаванне на гэты конт прымаецца судом да ўвагі.
Можна ставіць пытанне, што адзін з бацькоў можа атрымліваць недастатковую колькасць часу для стасункаў з дзіцем. Гэтае пытанне можна абмяркоўваць, яно дыскусійнае. Але ў прынцыпе я з такой практыкай згодны.
Праблема можа быць у тым, што часцяком, калі дзіця застаецца з маці, некаторыя маці могуць перашкаджаць бацьку мець зносіны з дзіцем. Гэта такі рычаг ціску: калі не атрымліваецца дамовіцца па маёмасных пытаннях, маці можа выкарыстоўваць дзіця як інструмент уздзеяння на бацьку.
Кожная сітуацыя, безумоўна, індывідуальная. Але зыходзячы з судовай практыкі ў выпадку асобнага пражывання разведзеных бацькоў той, хто жыве асобна ад дзіцяці, атрымлівае ў сярэднім два-тры дні зносін з дзіцем на тыдзень, а таксама выходныя альбо некалькі выходных. Можа быць, нават з начлегам у бацькі — гэта агаворваецца асобна. Сітуацыі бываюць розныя: камусьці гэтага часу нават зашмат, а камусьці — відавочна недастаткова.
— Развод жа не азначае аўтаматычнага пазбаўлення бацькоўскіх правоў?
— Не азначае. Уяўляецца, што муж і жонка маюць зносіны з дзіцем ці дзецьмі па ўзаемнай згодзе. Толькі калі хтосьці — муж ці жонка — лічыць, што гэтай узаемнай згоды няма, калі ўзнікае канфлікт між імі, то зацікаўлены бок мае права звярнуцца ў суд. А так, у прынцыпе, людзі разбегліся, і неабходнасці ў абавязковым паходзе ў суд аб вызначэнні парадку зносін з дзіцем няма.
Яшчэ адзін цікавы момант, пра які ведаюць нямногія: бабулі і дзядулі таксама маюць права на зносіны з унукамі. Калі іх абмяжоўваюць у зносінах, яны таксама могуць падаць заяву ў суд «аб удзеле ў выхаванні дзіцяці». І суд таксама дасць як бабулі, так і дзядулю час для зносін з дзіцем.
У гэтым выпадку нікога не цікавіць канфлікт ці сітуацыя ў бацькоў. Калі бабулі-дзядулю перашкаджаюць стасавацца з унукамі, яны могуць атрымаць такое права праз суд.
— У якіх выпадках можа быць абмежаванае права на зносіны з дзіцем?
— Тут паўстае пытанне аб наяўнасці шэрагу захворванняў, калі чалавек знаходзіцца на псіханеўралагічным уліку, ёсць пытанні з алкаголем, наркотыкамі, псіхатропнымі рэчывамі — тады права на стасункі можа быць абмежаванае. Альбо калі адзін з бацькоў прыцягваўся да адміністрацыйнай, крымінальнай адказнасці па некаторых артыкулах, — напрыклад, «хуліганства». Калі чалавек паводзіць сябе асацыяльна, то, зразумела, яго правы могуць быць абмежаваныя.
Калі маці будзе стаяць на ўліку ў псіханеўралагічным альбо наркатычным дыспансеры, можа быць пастаўленае пытанне, каб дзіця з маці не пакідаць.
— Які парадак абмежавання права на зносіны з дзіцем? Ці патрэбнае пазбаўленне бацькоўскіх правоў, каб абмежаваць аднаго з бацькоў?
— Пазбаўленне бацькоўскіх правоў беларускім судом, у прынцыпе, разглядаецца як крайняя мера. Калі адзін з бацькоў хоча абмежаваць іншага ў зносінах з дзіцем, выносіцца адпаведнае рашэнне суда. У гэтым рашэнні ўстанаўліваецца парадак зносін з дзіцем. Калі гэты парадак не выконваецца, адзін з бацькоў звяртаецца да судовага выканаўцы. І судовы выканаўца робіць захады да прымусу выканання рашэння суда.
Пазбаўленне бацькоўскіх правоў, як правіла, тычыцца іншай сітуацыі. Напрыклад, адзін з бацькоў ухіляецца ад матэрыяльнай падтрымкі дзіцяці, нават аліментаў не плаціць. І той, з кім дзіця засталося, спрабуе застрахаваць перш за ўсё дзіця. Бо ў Беларусі сямейным заканадаўствам прадугледжаная норма, што не толькі бацькі ўтрымліваюць непаўнагадовых дзяцей, але і ў будучыні дзеці павінныя ўтрымліваць старых бацькоў. Бацькі нават могуць звярнуцца з пазовам у суд, калі дзеці не даюць састарэлым бацькам дапамогі, з патрабаваннем, каб працаздольныя дзеці іх утрымлівалі.
Пазбаўленнем бацькоўскіх правоў адзін з бацькоў спрабуе прадухіліць такую сітуацыю.
У маёй практыцы пазоваў ад старых бацькоў да дзяцей не было, але з падобнымі пытаннямі — каб праз пазбаўленне бацькоўскіх правоў застрахаваць дзіця — да мяне звярталіся.
— Вы сказалі, што да 10 гадоў меркаванне дзiцяцi не ўлічваецца. А пасля?
— Меркаванне дзіцяці не азначае, што калі яно скажа: «Я хачу жыць з гэтым з бацькоў», — то так і будзе. Гэта толькі кажа, што меркаванне будзе ўлічанае судом. Прычым чым больш дарослае дзіця, тым большую яго меркаванне мае вагу: адна справа, калі дзіцяці 10 гадоў, і зусім іншая — калі 15-16, калі яно ўжо амаль паўнагадовае. Але ў любым выпадку суд улічвае не толькі яго меркаванне, але і заключэнне адпаведных спецыялістаў — псіхолагаў, педагогаў... Калі жаданне дзіцяці наконт таго, з кім з бацькоў застацца, супадае з высновамі псіхолагаў, органаў адукацыі — для суда гэта важкі чыннік, каб пакінуць яго менавіта з тым з бацькоў.
Да 10 гадоў звычайна вырашальным з’яўляецца заключэнне органаў апекі. Больш улічваецца нават не юрыдычны, а псіхалагічны бок пытання, і шмат што залежыць ад заключэння, якое зробіць спецыяліст. Спецыяліст размаўляе з дзіцем, мае зносіны з бацькамі і выносіць рашэнне, да каго дзіця прывязанае больш і з кім яго мэтазгодна пакінуць. Таксама гэтае заключэнне каштоўнае з пазіцыі, калі дзіця пацвярджае факты нядобрасумленных паводзінаў аднаго з бацькоў. І калі словы дзіцяці будуць пацвярджацца іншымі доказамі, сітуацыя складзецца не на карысць гэтага сужэнца.
— Пытанне «Каго ты больш любіш: маму ці тату?» не працуе?
— Некаторыя людзі спрабуюць нейкім чынам падгаварыць дзіця, падрыхтаваць яго да такіх пытанняў, але гэта дарэмна. Адмыслоўца не задае пытання, каго дзіця больш любіць. Там цэлы комплекс пытанняў, гэта дастаткова глыбокае псіхалагічнае тэставанне, і стан дзіцяці вызначаецца не па прамых пытаннях, а па ўскосных, якія значна больш сведчаць пра рэальныя сімпатыі дзіцяці.
— А правы дзіцяці на сустрэчу з бацькамі неяк улічваюцца? Напрыклад, дзіця не згоднае сустракацца з бацькам, які хоча з ім бавіць час, што тады?
— У гэтым выпадку, як правіла, той дарослы, з кім засталося дзіця, падымае пытанне, што дзіця не хоча бачыцца з другім з бацькоў. Вынесенае судом рашэнне аб парадку зносін з дзіцем — гэта не нейкая статычная рэч і працэдура. Калі ў любога з бацькоў мяняюцца жыццёвыя абставіны — напрыклад, чалавек атрымаў добрую працу, у яго змяніўся графік, дзякуючы якому ён можа бачыцца з дзіцем больш або менш, іншыя акалічнасці — ён можа звярнуцца ў суд і прасіць змяніць парадак зносін з дзіцем. У любы момант — хоць праз тыдзень пасля ўступлення папярэдняга рашэння аб зносінах у законную сілу. У гэтым няма нічога страшнага.
Калі дзіця не хоча бачыць аднаго з бацькоў, зацікаўлены звяртаецца з пазовам у суд, і суд зноў прызначае экспертызы, атрымлівае заключэнне адпаведных спецыялістаў. Калі спецыялісты пацвярджаюць жаданне (дакладней, нежаданне) дзіцяці мець зносіны з другім з бацькоў, час гэтых стасункаў могуць абмежаваць, а могуць і зусім забараніць зносіны — калі на гэта ёсць дастаткова важкія прычыны.
— У заходніх фільмах мы часта бачым, што аднаму чалавеку забаронена набліжацца да іншага на нейкую пэўную адлегласць. Калі адзін з бацькоў ігнаруе забарону суда на зносіны, то што?
— У нас няма такога, каб было забаронена набліжацца на пэўную колькасць метраў. Але калі хтосьці з бацькоў парушае парадак зносін, устаноўлены судом, другі мае права звярнуцца да судовага выканаўцы, які будзе выконваць рашэнне суда ў прымусовым парадку. Судовы выканаўца мае досыць шырокія паўнамоцтвы: ён можа выносіць папярэджанні, прадпісанні, звязвацца з міліцыяй, прыцягваць парушальніка да адказнасці.
— Якая адказнасць за «несанкцыянаваныя зносіны»?
— Як правіла, несанкцыянаваных зносінаў няма. Самая распаўсюджаная спрэчка: аднаму з бацькоў усталявалі час на стасункі з дзіцем. А другі з бацькоў гэтым стасункам перашкаджае. Тады той, каму не даюць мець зносіны з дзіцем, ідзе да судовага выканаўцы, яны разам выязджаюць да дзіцяці, судовы выканаўца папярэджвае другі бок аб адказнасці за парушэнне рашэння суда. Некалькі папярэджанняў вядуць да адміністрацыйнай адказнасці, але, як правіла, усё вырашаецца пасля першага папярэджання.
Другая распаўсюджаная сітуацыя: калі адзін з бацькоў забірае дзіця, напрыклад, на выходныя, і не вяртае ў вызначаны час. Тады дзіця ў нядобрасумленнага бацькі або маці таксама адбіраецца разам з судовым выканаўцам.
Зварот да судовага выканаўцы не патрабуе нейкіх дадатковых паходаў у суд. Ёсць рашэнне суда аб парадку зносін з дзіцем, яно набыло законную моц, і лічыцца, што яно выконваецца добраахвотна. Калі ж яно так не выконваецца, то зацікаўлены бок проста піша заяву судоваму выканаўцы, і той дзейнічае па вызначанай схеме.
Але такія канфлікты ў асноўным узнікаюць тады, калі ёсць канфлікт паміж бацькамі — напрыклад, з нагоды аліментаў, з нагоды падзелу сумесна нажытай маёмасці. Часта дзеці робяцца закладнікамі гэтай сітуацыі, іх выкарыстоўваюць як інструмент ціску. А калі бацькі гатовыя на кампраміс, калі яны разышліся палюбоўна — такіх сітуацый не ўзнікае.
— Ці ёсць у Беларусі нейкія органы, якія ў гэтай сітуацыі займаюцца абаронай менавіта правоў дзіцяці?
— Гэта, як правіла, органы апекі. Пры кожным выканкаме ёсць аддзелы адукацыі, якія курыруюць гэтыя пытанні. На самай справе кантроль за дзецьмі дастаткова сур’ёзны. Калі праз паводзіны аднаго з бацькоў часта звяртаюцца ў міліцыю, выклікаюць участковага, то нават сам участковы падыме пытанне аб пастаноўцы дзяцей у «сацыяльна небяспечнае становішча» і звернецца ў адпаведныя органы.
Дзяржава досыць жорстка рэагуе на канфліктныя сітуацыі ў сям’і і зусiм нядрэнна абараняе дзіця і яго інтарэсы.
Аліна Бялова, budzma.by