«Рэпартаж з заплечнікам» запрашае ў чарговы паход 3 красавіка

62,5 кіламетры, шэсць насосных станцый, сувязь з Вілейскім і Заслаўскім вадасховішчамі, выхад у Свіслач — усё гэта галоўны канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы, з якога п’юць мінчане. Адкрыты ў 1976 годзе, ён працягвае заставацца крыніцай самай чыстай вады ў Мінскім раёне, не лічачы крыніц. А яшчэ проста прыгожае месца, уздоўж якога можна доўга шпацыраваць ці катацца на ровары.



kil.jpg

3 красавіка спецпраект «Рэпартаж з заплечнікам» адпраўляецца ў новы паход — у кампаніі інжынера-цеплатэхніка прадпрыемства «Мінскводаканал» Уладзіміра Пасанена.

Па «сумяшчальніцтве» наш гід — турыст. Скарыўшы ў свой час Эльбрус і пік Леніна, сёння Уладзімір Пасанен сістэматызуе беларускія горы. А яшчэ ён ведае, як абсталёўвалася Вілейска-Мінская водная сістэма, што адбываецца з вадой канала, колькі яна можа каштаваць і кім асабліва цэніцца.

Пра гэта і не толькі турыст-цеплатэхнік раскажа падчас прагулкі ўздоўж галоўнага канала, што нясе ваду ў Мінск.

Транспарт: электрычка Мінск-Маладзечна да п.п. Вязынка.

Час адпраўлення: 9:52 з вакзала Мінск-Пасажырскі.

Форма адзення: паходная. У асноўным ісці плануецца па дарозе ўздоўж канала (10-15 км), але хто ведае, у якім стане вясновыя дарогі.

Рэчы: сядушка, кубак, бутэлька вады, нож, запалкі. (Два апошнія прадметы вам, хутчэй за ўсё, не спатрэбяцца, але такія правілы турыста: будзь гатовы!).

Прадукты кожны бярэ для сябе, на абед арганізоўваецца агульны стол.

Квіткі лепш за ўсё купляць у адзін канец - па накірунку Мінск-Маладзечна курсуюць электрычкі рознай цэнавай катэгорыі, таму невядома, на якой паедзем назад.

Запісвайцеся ў паход праз bazhahod@gmail.com альбо на facebook Рэпартаж з заплечнікам

Паводле БАЖ