«Рыхтуюцца рэзкія дзеянні з боку Лукашэнкі»

Віктар Шэйман, былы кіраўнік спраў прэзідэнта, 26 жніўня з'явіўся да Аляксандра Лукашэнкі з дакладам "аб выкананні даручэнняў па выніках паездкі ў краіны Лацінскай Амерыкі і іншых пытаннях". З чаго раптам Шэйман зноў аб'явіўся ў палітычнай прасторы, нягледзячы на сваю адстаўку, ухваленую Лукашэнкам у пачатку чэрвеня? Сваім меркаваннем у эфіры Еўрарадыё падзяліўся аналітык Сяргей Чалы.

Ілюстрацыйнае фота. Аўтар Дзмітрый Дзмітрыеў

Ілюстрацыйнае фота. Аўтар Дзмітрый Дзмітрыеў


— Лукашэнка, калі адпраўляў Шэймана ў адстаўку, казаў, маўляў, калі ласка, усе справы не кідай, а закрый "хвасты", якія засталіся, — мелася на ўвазе Лацінская Амерыка і краіны Афрыкі і Азіі, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё аналітык Сяргей Чалы. — Ні для кога не сакрэт, чым Шэйман займаўся. Не трэба будаваць ніякіх канспіралагічных версій, дастаткова паглядзець геаграфію яго візітаў. Калі дапусціць, што ўсе гэтыя напрамкі нейкім чынам звязаныя, то прыкладна становіцца зразумела, якія схемы і якія грошы ён курыраваў. Лёгка выказаць здагадку, што Шэйман прыехаў даваць справаздачу аб тым, што нейкія "хвасты" ён закрыў.
Што можа азначаць такое "закрыццё хвастоў"?
— Гэта [адстаўка Шэймана. — Еўрарадыё] ж не было даручэннем здаць справы і перадаць іх камусьці. Відавочна, што ніхто гэта месца не зможа заняць проста ў сілу таго, што гэта адзіны чалавек, які застаўся ў блізкім атачэнні Лукашэнкі з часоў выбарчай кампаніі 1994 года. Я думаю, што "закрыць хвасты" ў даным выпадку азначае "згарнуць схемы і падчысціць нейкія сляды". Лукашэнка, хутчэй за ўсё, разумеў, што яго дзейнасць і новая хваля санкцыйнай увагі да яго будзе такая, што да ўсіх гэтых схем будзе асаблівая ўвага.
Для чаго патрэбна чыстка вонкавых "хвастоў"? Я думаю, што рыхтуецца нейкі набор даволі рэзкіх дзеянняў з боку Лукашэнкі. Складана сказаць, ці можна прыдумаць нешта больш рэзкае, чым закрыццё вядучых незалежных СМІ і пасадка самалёта Ryanair. Мне здаецца, што Лукашэнка ў думках ужо змірыўся з тым, што ён знаходзіцца ў рэжыме абложанай крэпасці і што ён мае справу толькі з тым наборам рэсурсаў, якія ў яго ёсць.
Некаторыя аналітыкі выказваюцца пра тое, што цяперашні беларускі рэжым і Захад цяпер робяць спробы намацаць пункты судакранання. Ці так гэта?
— Ніякага вяртання да "нармальнасці" ўжо быць не можа. Цяпер важны фокус на некалькіх базавых задачах: праграма Ціханоўскай, спыненне гвалту, пакаранне вінаватых і выпуск палітвязняў. Гэта тыя ўмовы, з якіх ёсць сэнс пачынаць размову. Цяпер няма ніякіх падстаў, пры якіх Лукашэнка мог бы пайсці на нейкі кампраміс. "Праціўнікі Лукашэнкі павінны прызнаць сваю памылку і прыйсці пакланіцца" — вось як Лукашэнка разумее дыялог і нармалізацыю [адносін. — Еўрарадыё].
Пасля жніўня 2020-га з Беларусі на няпэўны тэрмін з'язджаюць людзі, якія падпадаюць або могуць падпасці пад рэпрэсіі з боку цяперашняга беларускага рэжыму. І колькасць тых, хто з'язджае, пастаянна расце. Атрымліваецца, беларусы пайшлі "паражэнчай" дарогай вялікай эміграцыі?
— Я б сказаў так: у сцэнары вялікай эміграцыі негатыў быў бы ў тым выпадку, калі б гэтыя людзі [якія вымушана эмігравалі. — Еўрарадыё] сталіся рассеянымі і пакінутымі самім сабе. Эміграцыя эміграцыі не роўная. Калі гэта сыход у сябе, замыканне ва ўласнай трагедыі — то, вядома, гэта дарога да паразы. Калі гэта аб'яднанне і дапамога адно аднаму, то гэта дарога да захавання сябе і напрацоўванне рэсурсу, які абавязкова спатрэбіцца ў новай цудоўнай Беларусі будучыні.