Сабакатэрапія — выйсце для тых, хто не мае магчымасці стаць гаспадаром
На «сабакатэрапію» ў Гомелі можна было прыйсці і пагуляць з чужым гадаванцам, тым самым забяспечыўшы сабе камунікацыю з жывёлай, і пазітыўныя эмоцыі.

Каністэрапія, або сабакатэрапія вядомая яшчэ з часоў Гіпакрата. Гэты від зносін паміж чалавекам і сабакам выкарыстоўваецца ў сусветнай медыцыне для развіцця мысленчых і эмацыйных здольнасцяў, паляпшэння маторыкі і рухаў, а таксама для сацыяльнай адаптацыі людзей з асаблівасцямі. У Гомелі ж знайшлі свой падыход — пазітыўныя эмоцыі і прадухіленне кепскага настрою.
«Сэнс акцыі ў тым, каб падарыць як мага больш эмоцый дзецям і іх бацькам, даць ім шанец проста «пажамкацца» з сабакамі, — распавёў арганізатар Юрый Сігай. — Таму што не ўсе могуць сабе дазволіць сабаку, не ўсе могуць яго ўтрымліваць: або не маюць месца, або ё нейкія іншыя прычыны. А «Сабакатэрапія» — гэта такое мерапрыемства, дзе можна пагуляць з сабакамі, пабегаць, «падурэць» і пры гэтым сабаку не трэба будзе забіраць сабе дамоў.»

Але ў гэты раз шанец забраць аднаго з чатырохлапых удзельнікаў мерапрыемства быў — чатырох сваіх гадаванцаў прывёз Рэчыцкі прытулак «Астравок».

Валанцёры прытулка «Астравок» прывезлі на акцыю чатырох сваіх гадаванцаў
«У нас ё добрыя сабакі, якіх можна і пагладзіць, і палашчыць, — адзначыла кіраўніца прытулка «Астравок» Святлана Ашэка. — Для іх гэтая акцыя — выдатны шанец знайсці сабе новых гаспадароў. Таму, нам хацелася іх паказаць. І, хоць мы знаходзімся даволі далёка ад Гомеля — мы прыехалі, каб паказаць, што ёсць жывёлы, нічым не горшыя за тых, якіх людзі набываюць у заводчыкаў, і што гэтыя жывёлы маюць патрэбу ў «добрых руках».

Джоні — гадаванец прытулка «Астравок» шукае гаспадароў
Таксама адным з аспектаў «сабакатэрапіі» было выхаванне: гаспадароў вучылі браць з сабой пакункі і прыбіраць за сваім сабакам падчас выгулу, а тым, хто жывёлаў не мае, прышчаплялі добрае стаўленне да чатырохлапых, што зараз у беларускім грамадстве актуальна як ніколі.
«Мы не ставілі перад сабой нейкай глабальнай мэты выхавання цярпімасці да жывёл з боку грамадства, але хацелася б спадзявацца, што ў нас атрымаецца таксама і прышчапіць пэўную культуру як да сабакаводаў, якія мусяць прыбіраць за сваімі жывёламі, так і проста добрага стаўлення да жывёлаў людзей, якія іх не маюць. Першаснай мэтай гэтага мерапрыемства ўсё ж былі радасць і ўсмешкі, але калі атрымаецца дасягнуць чагосці больш глабальнага — як таго ж добрага, прыязнага стаўлення да жывёлаў — будзе выдатна» — адзначыў Юрый Сігай.

Фрузя — выхаванка «Астраўка» таксама прыехала паспытаць чарговы шанец знайсці дом
На правядзенне такой акцыі Юрыя натхнілі ўласныя сабакі — такса Панда і джэк-расэл Вукі: «Яны штодня прыносяць нам радасць, уздымаюць настрой: калі кепскае надвор’е ці ты стомлены — ты ўсе адно адчуваеш пазітыў ад іх. І я падумаў: чаму б не падзяліцца гэтым з іншымі людзьмі?»

І, сапраўды, гэткая ідэя стала вельмі цікавай для гамельчукоў: на этапе планавання арганізатары атрымалі ў сацыяльных сетках шмат пазітыўных водгукаў і каментароў. Па выніку мерапрыемства наведала блізу ста чалавек: людзі прыходзілі, гулялі з сабакамі, сыходзілі, а на іх месца прыходзілі іншыя.

«На гэтым мерапрыемстве людзей нашмат больш, чым жывёлаў, таму можна смела казаць, што яно атрымалася вельмі папулярным сярод гомельцаў. Асабліва сярод дзяцей, бо яны хочуць камунікаваць з жывёламі, яны просяць завесці сабаку ці ката — але не ўсе сем’і могуць гэта сабе дазволіць. Да нас у прытулак таксама даволі часта прыязджаюць бацькі з дзецьмі, каб проста пагуляць з коцікамі ды сабачкамі ды ацаніць, напрыклад, ці будзе дзіця даглядаць за чатырохлапым сябрам, калі яны возьмуць яго сабе. Бо гэта вельмі складана, калі жывёла і дзіцёнак у сям’і» — заўважыла Святлана Ашэка.

Па выніках акцыі арганізатары паабяцалі, што будуць праводзіць яе і надалей, каб дарыць цяпло і ўсмешкі і аддаваць частку сябе і сваіх гадаванцаў тым, хто мае ў гэтым патрэбу.