Саша з Макееўкі страціў усё, але не кінуў свайго сабаку (відэа)
У Сеціве набывае папулярнасць натхняльная гісторыя перасяленца з Данбаса, які пачаў жыццё з нуля. Гісторыя Сашы з Макееўкі ўзарвала сацсеткі і стала прыкладам для тысяч перасяленцаў — як не апускаць рукі, калі пачынаеш жыць з нуля. Пра гэта гаворыцца ў сюжэце ТСН.
Саша знайшоў працу ў Кіеве і цяпер верыць, што хутка яму ўдасца зняць кватэру. Вайна адабрала ў яго працу, дом і разлучыла з роднымі людзьмі. Ён застаўся фактычна на вуліцы, але не толькі не зламаўся, але і да перамогі змагаўся за свайго адзінага, сапраўднага, чацвераногага сябра.
Як і тысячы іншых, Саша ў роднай Макееўцы трымаўся, пакуль была праца. Далей абстрэлы, закрыццё прадпрыемстваў... і мяжа — голад, адчай і паніка. У такія моманты паводзіны і выбар, напэўна, даюць лепш зразумець, якім у рэчаіснасці з'яўляецца чалавек.
— Калі прыехаў у Кіеў, мне паказвалі відэа — у Папаснай жанчына прывязала сабаку да слупа, а сама села і паехала на аўтобусе... Я не магу пакінуць. Не толькі сабака павінен быць сябрам чалавеку, але і чалавек сабаку! — кажа Саша.
Сабака Мальта і сёння з ім. Неабыякавасць да лёсу свайго сабакі ўразіла людзей. Без сродкаў хлопцу дапамаглі выехаць з акупаванага горада і дабрацца да сталіцы.
Далей — новая вайна. І зноў з сабой. Змірыцца і жыць за кошт ахвяраванняў, валанцёраў або ўспрыняць дапамогу як першую прыступку да новага жыцця.
"Хочацца працаваць, на жыццё зарабляць. Не скажу, што гэта мара, а звычайнае жаданне", — кажа перасяленец.
Менавіта такое стаўленне да шанцу расхінула Сашы яшчэ некалькі дзвярэй у новым і вялікім горадзе. Не без выпрабаванняў, вядома. У першым доме хлопец жыў без святла, вады і прыбіральні. Яму гатовыя былі дапамагчы на першых этапах з кватэрай, але без сабакі. Прапаноўвалі здаць у вальер. Але ён не пагадзіўся. Менавіта за неабыякавасць хлопца кіяўлянка Юлія аддала свой пакой Сашы. Падкупіла яшчэ сёе-тое.
"Няма ў ім такога, што ўсе павінны яму дапамагаць. Ён проста хоча стаць на ногі і працягваць нармальнае паўнавартаснае жыццё са сваім сабакам побач", — кажа Юлія.
А сёння — чарговая перамога. Саша знайшоў працу. Хлопец — сталяр. Як і ў Макееўцы, у Кіеве будзе рабіць мэблю.
Для многіх Саша стаў прыкладам. Бо пачаць новае жыццё, у адрозненне ад іншых, яму нашмат больш складана. Саша нічога не чуе.
"Са слыхам даўно дрэнна. Ва ўзросце 12–15 гадоў быў востры апендыцыт, калолі антыбіётык, на яго была алергія, здарылася ўскладненне", — распавядае хлопец.
Ён часткова чытае па вуснах, зараз афармляе інваліднасць. І прывыкае да падарунку, грошы на які яму сабралі і дабрачынцы, і карыстальнікі сацыяльных сетак. Два слыхавых апарата — пакуль іх апранае ненадоўга. Каб адаптаваць мозг да гукаў, патрэбен год. На тое, каб пачаць жыццё з нуля, — ад уцёкаў з Макееўкі да сёння — Сашы спатрэбілася крыху больш за два месяцы. Хлопец верыць, што са з'яўленнем працы яму хутка атрымаецца і зняць кватэру.
"Жонку?! Не думаў пра гэта, трэба самому на ногі стаць. Хоць бы пару месяцаў папрацаваць, яшчэ выпрабавальны тэрмін прайсці, думаю, не падвяду. А там можна падумаць і пра знаёмствы", — усміхаецца мужны перасяленец.
Пераклад НЧ