«Схапілі за рукі-ногі, ударылі у твар, страціў прытомнасць», — што адбываецца ў судзе па «справе Ціханоўскага»

Трох гродненцаў, Зміцера Фурманава, Яўгена Разнічэнку і Ўладзіміра Кнігу, пачалі судзіць у судзе Кастрычніцкага раёну Гродна 18 студзеня. Іх вінавацяць у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Разнічэнку і Кнігу — таксама ў гвалце над міліцыянтамі.

Зміцер Фурманаў

Зміцер Фурманаў

Першым дапыталі абвінавачанага Зміцера Фурманава, піша «Свабода». Яго вінавацяць у парушэнні толькі аднаго артыкула, у адрозненне ад двух іншых фігурантаў у клетцы.

З ягоных словаў, ён не быў зарэгістраваны ў палітычных або грамадзкіх арганізацыях. Ён быў адміністратарам тэлеграм-чата «Страна для жизни». Гэтую пасаду яму прапанаваў Сяргей Ціханоўскі.

«Ціханоўскі ўбачыў, што я дастаткова добра камунікую з людзьмі, спрабую ўлагоджваць канфлікты. Гэтага было дастаткова, каб прапанаваць мне гэтае месца», — патлумачыў Фурманаў.

У чаце, як ён расказаў, размаўлялі на ўсялякія тэмы пра жыццё людзей. Фурманаў сачыў, каб людзі прытрымліваліся правілаў чату: не лаяцца, напрыклад. Сачыў за чатам бясплатна, траціў на гэта каля гадзіны ў дзень. Былі ў чаце і іншыя адміністратары, у тым ліку Святлана Ціханоўская, іншых Фурманаў не ведаў.

«Ці абмяркоўваліся палітычныя тэмы сярод грамадзянаў?» — запытаўся пракурор.

«Не здолею ўспомніць», — адказаў Фурманаў.

Пракурор распытваў Фурманава пра стасункі з ягонай дзяўчынай Вольгай Каракінай, таксама пра тое, што зацікавіла ў блогу Сяргея Ціханоўскага. Фурманаў адказаў, што тэмаў шмат, маўляў, усіх не прыгадаеш, яны тычыліся жыцця людзей.

Фурманаў сустракаўся з Ціханоўскім летась у лютым, калі той рабіў фільм пра Гродна. Тады на сустрэчу прыйшлі каля 10 чалавек, Ціханоўскі браў у людзей інтэрв'ю. Сам Фурманаў даваў інтэрв'ю Ціханоўскаму ў красавіку, за гэта атрымаў 7 сутак па адміністрацыйным артыкуле 23.34. Фурманаў паказваў Ціханоўскаму Гродна ў ягоны першы прыезд, суправаджаў па горадзе.

Як расказаў Ціханоўскі Фурманаву, ён ездзіў па гарадах і здымаў інтэрв'ю за грошы людзей, падпісчыкаў, якія ахвяравалі яму грошы.

«Ці ўтрымліваюць гэтыя ролікі пазытыўную інфармацыю пра дзейнасьць дзяржаўных органаў улады, або толькі негатыў?» — запытаўся пракурор пра матэрыялы на YouTube-канале Ціханоўскага.

«Адмаўляюся ад паказанняў», — адказаў Фурманаў.

Фурманаў адзначыў, што быў каардынатарам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай па ўласным жаданні, грошы за гэта яму не абяцалі. Фурманаў ездзіў разам з Ціханоўскім і збіраў подпісы ў Гомелі, Магілёве, Баранавічах, Слуцку і Гродне. Яны таксама вучылі ў гэтых гарадах іншых зборшчыкаў подпісаў. За харчаванне і начлег у паездках плаціў Ціханоўскі.

Падчас пікету ў Гродне 29 траўня Фурманаў збіраў подпісы за сталом на Савецкай плошчы. Кажа, што быў цалкам заглыблены ў працэс збору подпісаў.

«Гэта было зборышча народу ці чэргі да сталоў?», — задала пытаньне судзьдзя.

«Нават не ведаю», — адказаў Фурманаў.

Абстаноўка на плошчы, з ягоных словаў, была прыязная. Ён не чуў, каб міліцыянеры папярэджвалі, што мерапрыемства незаконнае.

Фурманаў расказаў, што дагэтуль не знаёмы з Кнігам і Разнічэнкам. Апошняга ён бачыў на пікеце ў Гродне 29 траўня. Фурманаў не прапаноўваў абараняць Ціханоўскага, калі таго будуць затрымліваць, а таксама не заклікаў блакавць дарогі.

Пракурор запытаўся, ці ведае Фурманаў Дзмітрыя Казлова, Ігара Лосіка, Сяргея Пятрухіна. Той адказаў, што яны праходзяць па той жа справе, што і ён.

Па словах Фурманава, ён бачыў момант, калі міліцыянер Казлоўскі ляжаў на зямлі, чуў свісток міліцыянера і крыкі. Што стала прычынай падзення, ён не ведаў. Пасля гэтага Фурманаў працягнуў збіраць подпісы.

«Пасля таго як супрацоўнік упаў, праз некалькі секунд мяне захапілі невядомыя людзі», — сказаў Фурманаў.

Як расказаў гарадзенец, пры затрыманьні да яго падбеглі 6-8 невядомых чалавек у масках, схапілі за рукі і ногі, ударылі кулаком у твар, ён страціў прытомнасьць. У мікрааўтобусе да яго прымянілі балявы прыём, ён ачуняў на падлозе мікрааўтобуса. Так ён даехаў да будынку, падобнага да міліцэйскага ўчастку.

«Я тады не быў пэўны, што гэта міліцыя», — адзначыў абвінавачаны.

На пытанне пракурора, ці быў Фурманаў знаёмы са Статкевічам, ён адказаў, што не быў знаёмы, ведаў пра ягоную дзейнасьць толькі праз YouTube-канал «СДЖ».

Недарэчнае пытаньне пракурора «Куды вы накіраваліся пасля пікету на Савецкай плошчы 29 траўня?» зала сустрэла гучным смехам.

«Куды панеслі, туды і накіраваўся», — пракаментаваў нехта з залы.

Дзяржаўны абвінаваўца таксама цікавіўся, ці бачыў Фурманаў, як Ціханоўскі мяняў замежную валюту, ці сустракаўся ён сам са Статкевічам.

 У судзе перапынак да 19 снежня.

Іншых абвінавачаных, згодна з іхнім жаданнем, дапытаюць напрыканцы, пасля допытаў пацярпелых і сведак.