У Гродна пачалі судзіць трох чалавек у «справе Ціханоўскага»
Трох гродзенцаў, Змітра Фурманава, Яўгена Разнічэнку і Уладзіміра Кнігу, пачалі судзіць у судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 18 студзеня. Іх вінавацяць у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак; Разнічэку і Кнігу таксама ў гвалце над міліцыянтамі, піша Радыё Свабода.
Усіх траіх затрымалі неўзабаве пасля пікету 29 траўня ў Гродна, калі схапілі Сяргея Ціханоўскага. Яны за кратамі больш за паўгода. Доўгі час яны сядзелі на «Валадарцы», перад судом іх перавялі ў горадзенскі СІЗА.
Змітру Фурманаву 35 гадоў. Гэта той мужчына, якога невядомыя схапілі з-за стала разам з крэслам, калі ён збіраў подпісы за Святлану Ціханоўскую ў Гродне летась 29 траўня.
Зміцер Фурманаў сядзіць за сталом у дзень перад затрыманнем, злева ад яго на фота Вольга Каракіна. Гродна, 30 траўня 2020
Яго прызналі палітвязнем. Ягоная маці і дзяўчына летась галадалі пад сценамі «Валадаркі» дзеля вызвалення Змітра (5 і 10 дзён адпаведна). Пазней ягоная дзяўчына Вольга Каракіна з'ехала ад пераследу за мяжу. Фурманаў раней працаваў інжынерам у дзяржаўнай арганізацыі, потым вывучыўся на праграміста, шукаў працу.
Яўгену Разнічэнку 36 гадоў. Гэта ён паклаў міліцыянта Уладзіміра Казлоўскага, які нібыта пацярпеў падчас пікету ў Гродна 29 траўня, на зямлю, пасля чаго затрымалі Сяргея Ціханоўскага. Яўгена затрымалі дома ранкам 30 чэрвеня.
Яго не прызналі палітвязнем. У лістах ён просіць, каб яму дасылалі ў турму мазь ад псарыязу і дапамагалі ягонай сям’і. Ён разведзены, ягоная маці і сястра жывуць у Гродзенскай вобласці. Раней Разнічэнка працаваў будаўніком у Расіі.
Уладзіміру Кнігу 39 гадоў. Яго затрымалі падчас пікету Ціханоўскай у Гродна 4 чэрвеня. Яго не прызналі палітвязнем. Ён быў валанцёрам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Раней служыў у АМАПе. У 2012 годзе яго асудзілі за перавышэнне ўлады. На сёння тая судзімасць пагашаная. Ён жанаты, мае дваіх непаўналетніх дзяцей. Апошнім часам працаваў кіроўцам смеццявоза.
Уладзімір Кніга падчас адміністрацыйнага суда над ім летась у ліпені, архіўнае фота
На суд прыйшлі больш за 50 чалавек. У малую залю пусцілі каля паловы ахвотнікаў.
Пацярпелых чацвёра: міліцыянты Уладзімір Казлоўскі, Аляксандр Хваленя, Рахунок і Буднік. Апошнія два на паседжанне не прыйшлі.
Пацярпелы Аляксандр Хваленя