Працяг судовага канвеера: 22-гадовай фельчарцы — 25 сутак, фігуранту «справы патрыётаў» — 14
У Мінску суддзі не спыняючыся выпісваюць адміністрацыйныя арышты, вынікі якіх публікуе тэлеграм-канал «Списки задержанных».
Так, па выніку двух пратаколаў (23.34 і 23.4) 25 сутак арышту сёння атрымала 22-гадовая фельчарка хуткай дапамогі Паліна Лойка. Дзяўчыну затрымалі ўчора каля мемарыяла Аляксандра Тарайкоўскага ля станцыі метро «Пушкінская». Яе калега Анастасія Калашнікава, затрыманая ўчора там жа, сёння была аштрафаваная на 30 базавых.
А жыхару Новай Баравой, колішняму фігуранту «справы патрыётаў» Віктару Марозу суддзя-рэкардсмен Першамайскага суда Максім Трусевіч выпісаў 14 сутак арышту. Віктара Мароза жорстка збілі і затрымалі ўвечары 5 студзеня, ён трапіў у шпіталь. Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі праз беларускія праваабарончыя арганізацыі падаў заяву ў Следчы камітэт па горадзе Мінску з патрабаваннем распачаць крымінальную справу па факце пагрозы зброяй і збіванні Віктара Мароза супрацоўнікамі міліцыі.
Заўтра ў Віктара дзень народзінаў, свае 36 гадоў ён сустрэне за кратамі.