Актывісту з Бярозаўкі Вітольду Ашурку прысудзілі 5 гадоў калоніі
Яго абвінавачвалі па артыкулах 342 ч.1 (Удзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) і 364 (Гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі).

Вітольд Ашурак, фота з фэйсбука
Суд над актывістам з Бярозаўкі пачаўся 28 снежня ў Лідзе і праходзіў у закрытым рэжыме. Сёння быў вынесены прысуд — пяць гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Суддзя Максім Філатаў таксама пастанавіў «пасведчанне БНФ — доказ злачынства — знішчыць».
Суд над Вітольдам Ашуркам. Фота з фэйсбука Юрыя Губарэвіча
Вітольда Ашурка затрымалі спачатку 9 жніўня на некалькі дзён, а потым 19 верасня, асудзілі на 30 дзён арышту за ўдзел у 8 мітынгах. 13 кастрычніка ён сустрэў за кратамі сваё 50-годдзе. 19 кастрычніка, адбыўшы арышт у лідскім ЦІП, Вітольд на волю не выйшаў, а быў затрыманы ў межах крымінальнай справы па ч. 1 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Таксама Вітольда вінавацяць у гвалце ў дачыненні да міліцыянта (арт. 364 Крымінальнага кодэксу) падчас пратэстаў 9 жніўня. З гэтай прычыны Вітольда Ашурка афіцыйна не прызналі палітзняволеным.