«Ворагі забралі ў мяне магчымасць бачыцца з роднымі, але яны не могуць прыставіць міліцыянта да маіх думак»

У Лідскім раённым судзе 28-30 снежня па двух крымінальных артыкулах будуць судзіць актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка. Суд будзе закрыты, афіцыйна — праз каронавірус. Таксама да 25 снежня Вітольда перавядуць у ІЧУ Лідскага РАУС. Але нават за кратамі ніхто не можа адабраць у яго свабоду, піша Вітольд у лісце. Публікуем вытрымкі з яго.

122155383_10222163447147744_4078428136994694377_o_logo_1_1.jpg

…Калі мы былі дзецьмі і захапляліся кніжкамі і фільмамі прыгодніцкага кшталту, то мы часцяком зайздросцілі героям, якія траплялі ў складаныя сітуацыі. І ў тым ліку і ў турмы! Цяпер мы самі жывем у гэтым кіно. Тым не менш, я не бачу нагоды пасыпаць галаву попелам і лічыць сваё жыццё канчаткова знявечаным. Знявечыць чалавека можа хлусня, крадзёж альбо забойства, бо чалавек пачынае жыць у выдуманай дзеля апраўдання сваіх памылак фальшывай рэальнасці. Дэфармацыя свядомасці, пачаўшыся спакваля, з дробязі, нявечыць псіхіку чалавека, пераўтвараючы яго ў монстра, якому няма месца сярод людзей у нашым грамадстве.
А я не зрабіў нічога ганебнага, за што мне было б сорамна. Маё сумленне чыстае. Я не сылгаў, не скраў, не забіў. Я выконваў свой грамадзянскі абавязак — пратэставаў супраць дзяржаўнага перавароту. Калі мой мірны пратэст удзельнікі змовы лічаць злачынствам, то гэта сведчыць аб тым, што я рабіў усё правільна. Абсалютна не шкадую аб тым, што я зрабіў. Ганаруся кожнай хвілінай! Ганаруся тым, што я ў той самы вырашальны момант, калі грамадства павінна было даць ацэнку злачынству, быў сярод самых лепшых людзей Лідчыны! Ганаруся тым, што сярод нас не знайшлося аніводнага здрадніка! Увогуле, падзеі жніўня-верасня 2020 паказалі, што за Ліду і Бярозаўку не сорамна. Скажу болей — гэта прыклад для іншых гарадоў! Калі за гэта трэба заплаціць зняволеннем, то я гатовы сядзець!
…Вось ужо тры месяцы я ў турме. І я ўважліва прыслухоўваюся да сябе — ці не стаў я менш свабодны ў інтэр’ерах з тоўстымі сценамі і жалезнымі дзвярыма з «кармушкай»? Ці пазбавіў мяне будынак былога іезуіцкага калегіума свабоды маіх думак? Мае ворагі забралі ў мяне магчымасць бачыцца з роднымі, з жонкай, з сябрамі, але яны не маюць магчымасці прыставіць міліцыянта да маіх думак! Я па-ранейшаму свабодны адрозніваць чорнае ад белага і любіць сваю Айчыну Беларусь!..
Вітольда Ашурка затрымалі спачатку 9 жніўня на некалькі дзён, а потым 19 верасня, асудзілі на 30 дзён арышту за ўдзел у 8 мітынгах. 13 кастрычніка ён сустрэў за кратамі сваё 50-годдзе. 19 кастрычніка, адбыўшы арышт у лідскім ЦІП, Вітольд на волю не выйшаў, а быў затрыманы ў межах крымінальнай справы па ч. 1 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Таксама Вітольда вінавацяць у гвалце ў дачыненні да міліцыянта (арт. 364 Крымінальнага кодэксу) падчас пратэстаў 9 жніўня. З гэтай прычыны Вітольда Ашурка афіцыйна не прызналі палітзняволеным.
Да гэтага тыдня актывіст знаходзіўся ў гродзенскай турме.