Мінгарсуд адмяніў прысуд Уладзю Лянкевічу ў дзень яго выхаду з сутак
Мінскі гарадскі суд сёння адмяніў прысуд у 15 сутак, прызначаны паэту і музыку Уладзю Лянкевічу, перадае Еўрарадыё. Але ён адседзеў іх цалкам.

15 сутак скончыліся акурат сёння: Лянкевіч, які адседзеў "ад званка да званка", выйшаў з ізалятара ў Баранавічах.
Уладзь Лянкевіч — паэт, музыка гуртоў Partyzanski praspekt і luty sakavik. Яго затрымалі 6 снежня падчас пратэснай акцыі.
Як паведамляла Еўрарадыё, 7 снежня суддзя Кастрычніцкага суда Мінска Аляксандр Рудэнка прызнаў яго вінаватым у "парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў" і ў "непадпарадкаванні законным патрабаванням службовай асобы".
Для Лянкевіча гэта другі арышт за час пратэстаў. Першыя 6 сутак адміністрацыйнага арышту ён адбыў у верасні.