Затрымалі валанцёрку, якая дапамагала гомельскаму праваабаронцу Леаніду Судаленку
Позна ўвечары 18 студзеня прайшоў ператрус у жыхаркі Гомеля Марыі Тарасенкі. Яе завезлі пасля допыту ў ізалятар часовага ўтрымання. Марыя Тарасенка дапамагала ў працы праваабаронцу Леаніду Судаленку. Яго затрымалі напярэдадні.
«Цяпер мы з яе мужам шукаем адваката. Марыя ведала пра арышт Леаніда Судаленкі і была настроеная на тое, каб не сьведчыць супраць сябе, спасылаючыся на артыкул 27 Канстытуцыі», — удакладніў «Свабодзе» праваабаронца Васіль Палякоў.
Вядомага праваабаронцу Леаніда Судаленку затрымалі 18 студзеня
паводле часткі 2 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу — за «фінансаваньне масавых
беспарадкаў».
Праваабаронца аказваў юрыдычную дапамогу ўдзельнікам акцый
пратэсту. Таксама ён дапамагаў аплачваць штрафы і дзяржаўнае мыта пры падачы
скаргаў у суд.
У рэдакцыі сайту «Гомельская Вясна» Судаленка пакінуў
паведамленне, якое прасіў апублікаваць пасля магчымага арышту.
Ён пісаў, што дапамога рэпрэсаваным, у тым ліку пры падачы
скаргаў у суды, адбывалася выключна пасля, а не да ўдзелу ў пратэстах.
Матэрыяльная дапамога аказвалася выключна праз банк і з
выплатай грашовых сродкаў у дзяржаўны бюджэт, а абарона правоў рэпрэсаваных на
нацыянальным і міжнародным узроўні насіла публічны характар з асвятленьнем у
СМІ.
Судаленка зазначыў, што фінансаванне «масавых беспарадкаў»
— гэта прапанова або збор сродкаў ці аказанне фінансавых паслуг з
усведамленнем таго, што яны прызначаны для аплаты падрыхтоўкі, вэрбавання,
навучання асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях.
«Я займаўся дапамогай у аплаце штрафаў толькі прыцягнутым да
адміністрацыйнай адказнасці за ўчыненае правапарушэньне, прадугледжанае арт.
23.34 КаАП, а таксама аплатай знаходжання ў ізалятарах. І тут важная і,
мабыць, галоўная дэталь: прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці за
парушэньні закону «Аб масавых мерапрыемствах» выключае ў дзеяннях пратэстоўцаў
склад крымінальнага злачынства! Тым ня менш мяне затрымалі праз падазрэньне ў
злачынстве, прадугледжаным артыкулам 342 КК! У маіх дзеяннях адсутнічае склад
злачынства», — заявіў праваабаронца.