Бабарыка азнаёміўся са сваёй крымінальнай справай. Адвакат: абвінавачанне не даказана
Віктар Бабарыка і яго адвакаты азнаёміліся з матэрыяламі крымінальнай справы. Па словах адваката Дзмітрыя Лаеўскага, у справе ёсць шэраг аб'ектыўных фактаў, якія сведчаць аб тым, што Віктар Бабарыка не здзяйсняў таго, што яму прад'яўлена ў абвінавачванні.
Тэрмін, адведзены абароне Віктара Бабарыкі на азнаямленне з
крымінальнай справай, скончыўся 16 студзеня.
— Мы з калегам Наталляй Мацкевіч прачыталі матэрыялы і,
абапіраючыся ўжо на ўвесь гэты масіў інфармацыі, прыйшлі да высновы, што ў
дачыненні да нашага падабароннага абвінавачванне не даказана. Наадварот, ёсць
шэраг аб'ектыўных фактаў, якія сведчаць аб тым, што Віктар Бабарыка не
здзяйсняў таго, што яму вылучана ў абвінавачванні. Таму мы зноў заявілі аб
неабходнасці спынення крымінальнага пераследу, — распавёў Лаеўскі TUT.BY.
Аб накіраванні справы пракурору адвакаты даведаліся са СМІ,
афіцыйна орган следства — КДБ — ім пра гэта не паведамляў.
Акрамя таго, адвакат адзначае, што прыкладна з сярэдзіны
снежня па ўчорашні дзень, гэта значыць больш за месяц, абаронцы не дапускаліся
для наведвання ў следчы ізалятар, таму Віктар Дзмітрыевіч быў пазбаўлены
магчымасці атрымліваць кансультацыі сам-насам і канфідэнцыйна.
— Нам не дазволена капіяваць матэрыялы справы, наш калега па
абароне Віктара Бабарыкі, адвакат Аляксандр Пыльчанка пазбавіўся права
ажыццяўляць адвакацкую дзейнасць, падставай для гэтага стаў прававы каментар у
СМІ, адвакат Віктара Бабарыкі па пытаннях выбарчага права Максім Знак заключаны
пад варту ў СІЗА — у такой абстаноўцы ажыццяўляецца абарона на сённяшні дзень, — падсумаваў Дзмітрый Лаеўскі.