Шчыльныя шэрагі, нізкая эфектыўнасць
На гэтым тыдні Беларусь адзначала свята працы — Першамай. Афіцыйны прафсаюз святкаваў у цэнтрах гарадоў з шашлыкамі, танным алкаголем і мітынгамі, незалежным прафсаюзам у маёўках адмовілі. Можна сказаць, што саму наяўнасць незалежных прафсаюзаў у краіне ўлады ўспрымаюць негатыўна. Бо апошнія часта становяцца рупарам незадаволеных грамадзян.
На гэтым тыдні Беларусь адзначала свята працы — Першамай. Афіцыйны прафсаюз святкаваў у цэнтрах гарадоў з шашлыкамі, танным алкаголем і мітынгамі, незалежным прафсаюзам у маёўках
адмовілі. Можна сказаць, што саму наяўнасць незалежных прафсаюзаў у краіне ўлады ўспрымаюць негатыўна. Бо апошнія часта становяцца рупарам незадаволеных грамадзян.
Што абмяркоўвалі сябры афіцыйнага прафсаюзу на дазволеным мітынгу ў Дзень працы? Еўрапейскія цэны і беларускія заробкі ў краіне, рост траўматызму на вытворчасці, ахову працы? Не, у Мінску старшыня
Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) Леанід Козік асудзіў тых людзей, што заклікаюць Еўропу да санкцый супраць беларускага рэжыму, гаварыў пра падтрымку курсу дзяржавы.
Удзельнікі мітынгу прафсаюзаў у сталіцы прынялі рэзалюцыю, у якой выказваецца падтрымка курсу Аляксандра Лукашэнкі «на пабудову сацыяльна арыентаванай дзяржавы». У рэзалюцыі
выказваецца пратэст супраць «спробаў увядзення Еўрапейскім саюзам эканамічных санкцый у дачыненні да гаспадарчых суб’ектаў Беларусі» і патрабаванне зняць усялякія
абмежаванні ў супрацоўніцтве ЕС і Беларусі. У антуражы мітынгу быў і плакат з надпісам: «Правакатараў, якія выказваюцца за эканамічныя санкцыі адносна Беларусі, да адказу!».
Гаварыць пра прычыны, што былі нагодай для гэтых санкцый, мітынгоўцы не сталі.
Членамі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі фармальна з’яўляюцца каля чатырох мільёнаў рабочых, якія працуюць у розных галінах гаспадаркі. Незалежныя прафсаюзы аб’ядноўваюць цяпер каля
сямі тысяч чалавек. Летась у час эканамічнага крызісу на некаторых прадпрыемствах людзі пісалі заявы на выхад з ФПБ і выказвалі намер стварыць суполкі незалежных прафсаюзаў, аднак гэтыя планы
сустракалі сур’ёзныя перашкоды. Што і не дзіўна — сёння дазволяць рабочым аб’яднацца без нагляду дзяржавы, заўтра яны шчыльнымі шэрагамі паўстануць за абарону сваіх правоў.
Навейшая гісторыя Польшчы і прафсаюзу «Салідарнасць» — яскравы прыклад, да чаго гэта можа прывесці. Цяпер жа Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі нязручнасцяў уладам не стварае,
хутчэй наадварот, выконвае мабілізацыйныя функцыі падчас патрэбных нагодаў. Напрыклад, трэба арганізаваць людзей пайсці на мітынг, канцэрт, сустрэчу з ветэранамі — прафсаюз дапаможа.
Разам з тым ёсць шэраг праблемных момантаў, на якія ні ўлады, ні ФПБ не звяртаюць увагі. Напрыклад, у 2010 годзе Амстэрдамскі інстытут паглыбленых даследаванняў рынку працы зрабіў аналіз занятасці
жанчын у Беларусі. Даследчыкі выявілі, што сярэдняя гендэрная розніца ў заробках для галін гаспадаркі, не звязаных з вытворчасцю (паслугі, адукацыя, дзяржслужба) складае 27% (звесткі на 2008 год). То
бок жанчыны ў сярэднім атрымліваюць амаль на траціну менш за мужчын на аналагічных пасадах, аднак ФПБ ніколі не ладзіў хаця б публічных дыскусій на гэтую тэму.
Увогуле, давер да прафсаюзаў, калі меркаваць па дадзеных нацыянальнага апытання НІСЭПД 2011 года, у краіне даволі нізкі. Амаль палова дарослага насельніцтва (45,7%) не адчувае сябе абароненымі ад
самавольства ўладаў. Пры гэтым 48% упэўненыя, што ў працоўных наогул няма магчымасці абараніць свае інтарэсы. У выпадку канфлікту з працадаўцам у прафсаюзную арганізацыю па дапамогу звярнуліся б
усяго 8,4%, у той час, як амаль 30% рэспандэнтаў здаліся б на літасць працадаўцы, а яшчэ амаль 26% — папросту сышлі б з працы.
Цікава, што пра нізкую эфектыўнасць афіцыйнага прафсаюзу выказваліся нават прадстаўнікі вертыкалі. Так, у студзені гэтага года афіцыйнае выданне Брэсцкага аблвыканкама газета «Заря»
цытавала кіраўніка вобласці Канстанціна Сумара, які распякаў афіцыйны прафсаюз за недзеяздольнасць, ад чаго людзі і бягуць у незалежныя прафсаюзы. Не апошняй нагодай для гневу, відаць, стаўся
канфлікт на «Граніце» ў Мікашэвічах (Брэсцкая вобласць), дзе фактычна кожны пяты рабочы напрыканцы мінулага года напісаў заяву пра выхад з ФПБ з намерам стварыць суполку незалежнага
прафсаюзу, які б рэальна абараняў правы.
«Прафкамы, што прызвычаіліся працаваць у цяплічных умовах стабільнасці, далёка не заўсёды паспяваюць зрэагаваць на хутка зменлівую сітуацыю. Не заўсёды апраўдана зрошчванне інтарэсаў
некаторых кіраўнікоў прафсаюзаў і прадпрыемстваў, адсутнасць у тых і іншых жывых зносінаў з шараговымі работнікамі, самазаспакоенасць асобных прафсаюзных лідараў, на якіх расслабляльна дзейнічае
існуючы парадак аўтаматычнага ўтрымання прафсаюзных унёскаў з заробкаў. Работнікаў асобных прадпрыемстваў часта абурае не столькі іх заробак, колькі розніца паміж іх заробкамі і заробкамі кіраўнікоў
прадпрыемстваў і прафсаюзаў», — упікаў Сумар арганізацыю, што па вызначэнню мусіць займацца абаронай правоў рабочых.
Цікавы факт, што на фоне падзення рэйтынгаў даверу да дзяржаўных інстытутаў не адбылося і адэкватнага росту рэйтынгаў даверу да структур грамадзянскай супольнасці, у тым ліку і незалежных прафсаюзаў
(2010 г. — 33,3%, 2011 г. — 33,5%). Прафсаюзная дзейнасць, сяброўства і ўдзел у працы прафсаюзаў цяпер не ёсць нечым прывабным і шматабяцаючым на перспектыву. Сяброўства ў ФПБ хіба
што гарантуе падарункі на Новы год, сяброўства ў незалежным прафсаюзе — праблемы з дзяржаўным працадаўцам.