Шляхам гадоў
Чароўнае свята — Божае Нараджэнне і Новы год. Плынь часу быццам спыняецца. На некалькі гадзін, дзён… Канікулы. Перадышка. Чарга спраў, якія яшчэ ўчора здаваліся гарачымі і звыштэрміновымі, адкладваюцца. Па нейкай агульнай дамоўленасці. Гэта ўжо за гады-дзесяцігоддзі, а мо і стагоддзі, увайшло ў звычку, сталася традыцыяй.
І нічога надзвычайна дрэннага не здараецца. Хутчэй, наадварот. Такая вось своеасаблівая навагодняя карэкцыя працэсаў, якая незаўважна, у доўгатэрміновым развіцці, дае свой плён — да
перамен. Урэшце да лепшага. Недарэмна ж гісторыкі ў храналогіі выдзяляюць дзесяцігоддзі, дваццаціпяцігоддзі… Такі вось гістарычны аптымізм.
Якія ж працэсы і тэндэнцыі вызначалі шлях Беларусі–2009 і будуць мець працяг пасля навагодняй перадышкі? І якім будзе працяг? Аналітыкі даюць розныя каментары. Мае — у рэчышчы
гістарычнага аптымізму. І на тое ёсць важкія падставы, нягледзячы на існуючыя пагрозы.
З перакрыжавання шэрагу супярэчлівых падзей, якімі быў адзначаны 2009 год, я б выдзеліў дзве асноўныя тэндэнцыі. Па-сутнасці, спрадвечныя для Беларусі, але пакуль далёка не завершаныя —
барацьбы за незалежнасць і за дэмакратыю.
Шляхам гадоў, праз катастрофы паўстанняў, рэвалюцый і войнаў, праз цемру таталітарызму, гойдаючыся на арэлях паміж Захадам і Усходам, гераічнымі высілкамі не аднаго пакалення нацыянальных
адраджэнцаў, Беларусь усё ж такі дайшла да сваёй дзяржаўнай незалежнасці.
Такім чынам, была, па-сутнасці, рэалізавана галоўная мэта нацыянальнай ідэі, дакладна сфармуляваная яшчэ на пачатку ХІХ стагоддзя. На жаль, рэалізаваная ў форме аўтакратыі, а не дэмакратыі. Але ж і
пры такіх неспрыяльных палітычных абставінах гэта ідэя аказалася мацнейшай за памкненні аўтарытарнага правадыра абмяняць незалежнасць краіны на крамлёўскі пасаг для сябе. Здолела стрымаць накат
ілжэінтэграцыйнай хвалі.
2009 год можна лічыць яшчэ адным крокам па шляху ўмацавання незалежнасці. Хаця і вельмі супярэчлівым. Ролю абаронцы суверэнітэту, насуперак уласнай волі, выключна дзеля самазахавання, мусіў узяць на
сябе аўтарытарны рэжым А. Лукашэнкі. І таму з усёй сілы імкнецца перакроіць нацыянальную ідэю на свой капыл і можа ў любы момант наогул адмовіцца ад яе ці выставіць на продаж.
Аднак рэжыму толькі здаецца, што ён авалодаў нацыянальнай ідэяй і рухам за незалежнасць і дэмакратыю. Безумоўна, аслаблены і выцеснены па-за сістэмныя рамкі пад ударамі рэпрэсій рух гэты, па
адпрацаванай за стагоддзі схеме, перамясціўся з палітычных структур у культурна-асветніцкае рэчышча. Але ад гэтага яго ўплыў на самасвядомасць грамадства ў прынцыпова новых умовах здзейсненай
дзяржаўнай незалежнасці, пры існаванні сучасных інфармацыйных тэхналогій, не толькі не зменшыўся, але нават і ўзмацніўся. Сацыялагічныя апытанні, праведзеныя Беларускім даследчым інстытутам
стратэгічных даследаванняў сумесна з лабараторыяй «Новак», засведчылі рост нацыянальнай самасвядомасці насельніцтва.
Разам з тым нацыянальны адраджэнскі рух захаваў і свой рамантычна-дзейны, ідэйны дух, што найбольш яскрава праявілася ў дзесятках фактах вывешвання ў 2009 годзе бел-чырвона-белых сцягоў у розных
гарадах Беларусі. Учынак Сяргея Каваленкі, які на вачах усіх, сярод белага дня, усталяваў сцяг на 35-метровай елцы ў Віцебску, меў шырокі грамадскі рэзананс сімпатый. Не лічыцца з гэтым духам улады
проста не могуць, таму і вызвалілі з-пад арышту Сяргея.
Пад знакам торгу беларускага аўтарытарнага рэжыму, дзеля свайго самавыжывання, на абодва бакі — Усход і Захад — прайшоў увесь 2009 год. Новыя кулямётныя чэргі (дзякуй Богу, пакуль
толькі славесныя) беларуска-расійскіх нафтавай і малочнай войнаў, што прагучалі на яго зыходзе, гэтаму лішняе пацвярджэнне.
Разам з тым сусветны эканамічны крызіс, з бачнай ужо для ўсіх відавочнасцю, выявіў міф пра беларускі эканамічны цуд. Ён узарваў сітуацыю славутай беларускай стабільнасці — стабільнасці
стаячага аўтарытарнага балота. І ён жа вымушае да пераменаў і ўскладняе гандаль. Бо той жа крызіс узарваў сітуацыю і ў Расіі, што, па меркаванні расійскага эканаміста Міхаіла Хазіна, стварае
магчымасць «урэшце пачаць ствараць нешта разумнае, добрае».
Ва ўсялякім разе расійская халява для беларускага рэжыму калі не скончылася зусім, то істотна зменшылася. І наўрад ці ён здолее замяніць страты халявай з Захаду. Хаця менавіта такія папрокі на адрас
ЕС — у ратаванні рэжыму праз рэал-палітык — і гучалі ў мінулым годзе з боку некаторых апазіцыйных беларускіх дзеячаў.
Тым не менш у гісторыі адносін Беларусі з Захадам 2009 год зойме асобае месца, як год пераходу ўладнай групоўкі ад палітыкі самаізаляцыі да палітыкі супрацоўніцтва. Вымушана, як імітацыя, пад ціскам
унутраных і, галоўнае, знешніх абставін. Але ж менавіта гэты пераход ёсць прыкметай агульнай тэндэнцыі — эрозіі рэжыму, працяг якой абяцае і год 2010.
Захад жа ад перабольшаных спадзяванняў у пачатку года на эканамічны чыннік ціску на рэжым у бок лібералізацыі ўзмацніў чыннік палітычных патрабаванняў напрыканцы года.
Так сыходзяцца тэндэнцыі — умацавання дзяржаўнай незалежнасці, знешняга ціску з Захаду і Усходу, з тэндэнцыяй набліжэння беларускага рэжыму да яго фінальнай стадыі. Але колькі яна будзе
цягнуцца, які фармат прыме, на жаль, пакуль пралічыць немагчыма.