Колькі рэальна ў Беларусі шпіёнаў?
За гады існавання Рэспублікі Беларусь асуджаныя тры чалавекі па артыкуле 258 Крымінальнага кодэкса (шпіянаж) і 11 чалавек па артыкуле 356 КК (здрада дзяржаве), паведаміў журналістам старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Валерый Вакульчык 11 чэрвеня ў Мінску.
Паводле яго слоў, апошняя справа аб шпіянажы была ўзбуджаная ў маі гэтага года ў дачыненні да афіцэра разведкі замежнай дзяржавы. Ён затрыманы і цяпер знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ, паведамляе БелаПАН.
Па артыкуле «Здрада дзяржаве» ў апошні год было асуджана чатыры чалавекі, паведаміў Вакульчык.
Акрамя таго, старшыня КДБ прызнаў затрыманне ў беларускіх спецслужбах «крата», які не толькі супрацоўнічаў з замежнай выведкай, але і залучыў у гэтую дзейнасць сваю жонку. Яны былі затрыманыя на месцы злачынства і ўжо асуджаныя на 15 гадоў турмы кожны, паведаміў Вакульчык.
У той жа час, па словах старшыні КДБ, за гады існавання Рэспублікі Беларусь персонамі нон грата былі прызнаныя 10 дыпламатаў. Усе яны былі высланы з Беларусі за дзейнасць, якая не сумяшчальную са статусам дыпламата. На працягу апошняга года персонамі нон грата былі прызнаныя два чалавекі.
Ці не занадта мала шпіёнаў налавіў Вакульчык?
Вакульчык паведаміў, што ўсе яны былі затрыманыя з доказамі злачынства ў момант ажыццяўлення разведвальнай дзейнасці.
Але колькі з іх з’яўляюцца сапраўднымі шпіёнамі?
Напрыклад, за «спробу камерцыйнага шпіянажу» у свой час ў Беларусі былі асуджаныя адвакат знанага грузінскага алігарха Бадры Патаркацышвілі Эмануіл Зельцэр і ягоная памочніца Владлена Функ. Па шматлікіх меркаваннях, іх асудзілі не за сапраўдны шпіянаж, а на просьбу памерлага ўжо Барыса Беразоўскага, які спрачаўся за спадчыну Патаркацышвілі.
Вельмі рэзананснымі сталі асуджэнне «за шпіянаж» Андрэя Гайдукова і беспаспяховая спроба прыцягнуць па тым жа абвінавачанні ксяндза Уладзіслава Лазара. Наконт Гайдукова, дык гэтую справу праваабаронцы назвалі правакацыяй КДБ і мыльнай бурбалкай.
Дагэтуль невядома на каго і з чым "шпіёніў" Андрэй Гайдукоў
Самога Гайдукова вызналі палітвязнем: як падстава для затрымання разглядалася ягоная спроба стварыць недзяржаўную арганізацыю.
То бок, з 14 чалавек, асужданых па «шпіёнскіх справах» як мінімум трое — ніякія не шпіёны. Можа, калі разабрацца, і астатнія анічога не нашпіёнілі?
Яшчэ адзін цікавы факт, які дазвалая больш аб’ектыўна ўспрымаць словы Вакульчыка. Яшчэ ў 2000 годзе (15 год таму!) папярэднік Вакульчыка на пасадзе, Уладзімір Мацкевіч, паведамляў журналістам, што рэспубліка «знаходзіцца ў самым цэнтры Еўропы. Праз нас праходзяць усе асноўныя транспартныя магістралі, не кажучы ўжо пра газаправоды і нафтаправоды». Таму лёгка вытлумачальная павышаная ўвага да Беларусі замежных спецслужбаў. «Прывяду толькі некалькі лічбаў: за апошнія паўтары гады (гутарка праходзіла ў чэрвені 2000 года) контрразведка ўстанавіла 118 кадравых выведнікаў замежных дзяржаў. Выкрыта 15 агентаў замежных спецслужбаў».
Куды падзеліся ўсе гэтыя шпіёны, калі, паводле Вакульчыка, за шпіянаж «за часы існавання Беларусі» было асуджана толькі 14 асобаў?