«Сямнашка». Што адбываецца ў месцы, дзе загінуў Вітольд Ашурак

У рэдакцыю MSPRING.MEDIA звярнуўся былы вязень ПК №17 — калоніі, дзе таямніча загінуў Вітольд Ашурак. Ён распавёў некаторыя падрабязнасці тамтэйшага побыту.

Фота MSPRING.MEDIA

Фота MSPRING.MEDIA

Папраўчая калонія №17 прызначана для людзей, якія ўпершыню адбываюць пакаранне. Усяго ў калоніі каля 1200 зняволеных на агульным і ўзмоцненым рэжыме. Пра шклоўскую ПК добра ведаюць нават у Еўропе – менавіта там у свой час адбывалі тэрмін палітвязні Мікалай Статкевіч і Арцём Пракапенка, праваабаронца Андрэй Бандарэнка.
У лютым 2020 года шклоўскай «сямнашцы» споўнілася 40 гадоў. Трэба сказаць, што навіны адтуль грукаталі задоўга да смерці Вітольда Ашурка – у адным 2017 годзе адбылося аж чатыры інцыдэнта, пра якія гаварылі па ўсёй краіне.

Усё залежыць ад начальніка


Паводле словаў крыніцы, у калоніі ў апошні час сталі практыкавацца збіцці вязняў. Ён звязвае ўзмацненне жорсткасці стаўлення да зняволеных з імем начальніка ПК №17 – Аляксандрам Карніенкам. Збіваюць у асноўным тых, хто трапляе за парушэнні ў ШІЗА альбо пераводзіцца на турэмны рэжым.
За апошнія пяць гадоў кіраўніцтва калоніі змянялася некалькі разоў. Лічыцца, што найбольшы парадак у ёй навёў былы начальнік горацкай папраўчай калоніі Петраковіч.
Менавіта яго і змяніў Аляксандр Карніенка, пры якім ПК №17 упэўнена ператвараецца з папраўчай установы ва ўзорна-паказальную “зону”. Метады вельмі сваеасаблівыя.

Галаву ў мяшок

Па словах крыніцы, зняволеным, якія прыбываюць у калонію з так званай «крыткі» (турмы) прама на кантрольным пункце надзяваюць на галаву чорную палатняную торбу і ў кайданках вядуць на другі паверх. Там людзей у першы ж дзень збіваюць афіцэры. Збітага чалавека пасля гэтага могуць адвезці на мотаблоку у санчастку.
Што ж тычыцца звычайных асуджаных, то іх збіваюць за розныя правіннасці не так жорстка і ў іншым месцы. Звычайна іх вядуць у асобна стаячы будынак бібліятэкі, дзе знаходзіцца «кабінет зампаліта». Акрамя збіцця, практыкуюцца такія «выхаваўчыя мерапрыемствы», як адцісканні ад падлогі, прысяданні і нават песні.
Напрыклад, у калоніі адбывае пакаранне мужчына, які раней некаторы час працаваў поварам у поп-выканаўцы Стаса Міхайлава. Яго прымусілі гучна спяваць песні спевака, а супрацоўнікі калоніі запісвалі гэта на мабільныя тэлефоны. Што ж тычыцца палітычных вязняў, якія зноў сталі з’яўляцца ў ПК №17, то вядома, што ўсіх іх ставяць на прафілактычны ўлік і ставяцца больш жорстка, чым да астатніх.
У прыватнасці, некаторых пры прыбыцці ў калонію прымушаюць спяваць гімн, а за адмову гэта зрабіць – б’юць.
Асобна варта згадаць аб побытавым забеспячэнні шклоўскай калоніі. Па водгуках былых вязняў, яно лепш, чым у іншых калоніях краіны. Экс-вязні, асуджаныя за карупцыю неафіцыйна намякаюць, што гэта было зроблена, у тым ліку, за іх кошт.
Таксама з характэрнага – у калоніі ёсць 16-ы атрад, у якім сабраны ўсе пенсіянеры. Улічваючы, што гэта адна з нешматлікіх катэгорый, якая атрымлівае стабільны даход (пенсію), адміністрацыя ўсімі праўдамі і няпраўдамі пераконвае іх рабіць пералічэння сродкаў у “фонд атрада“.

Праблема ва ўсёй сістэме


Яшчэ у 2018 годзе праваабаронца Андрэй Бандарэнка, які адбываў свой тэрмін за злоснае хуліганства у тым ліку ў ПК №17, распавядаў MSPRING.MEDIA, што справа не толькі ў асобна ўзятай калоніі.
– Праблема тут не ў шклоўскай калоніі, а ў самой пенітэнцыярнай сістэме і яе стаўленні да асуджаных. Правы ў асуджаных ёсць толькі фармальна, а на практыцы іх няма і быць у такой сістэме не можа. Пры жаданні адміністрацыя калоніі можа пазбавіць асуджанага ўсяго: перапіскі, права на абскарджванні, спатканняў са сваякамі, сустрэчы з адвакатам і гэтак далей. І я яшчэ не чуў ніводнага выпадку, каб адміністрацыя панесла за гэта хоць нейкае пакаранне. Ні адна наглядная інстанцыя не стане на бок асуджанага – ні пракуратура, ні суд, – сцвярджаў праваабаронца.