Сяргей Навумчык: Пра важнасць выхавання нацыянальнай свядомасці ў Беларусі

Магло так стацца, — разважае ў сваім тэлеграме палітык і журналіст Сяргей Навумчык, — на сапраўды дэмакратычных і свабодных выбарах атрымалі б мы вельмі і вельмі непрыемны сюрпрыз.

sjarhej_navumczyk.jpg

Ёсць папулярны сёння выраз у дачыненні да рэалій РФ — «глыбінны народ» (sic! — удакладняю, паняцце не навуковае, а публіцыстычнае). Гэта людзі, для якіх нейкае элементарнае палітычнае паняцце, зразумелае чэшскаму ці англійскаму школьніку (скажам, рэгулярная зменнасць улады), невядомае, незразумелае, і галоўнае — не ў сферы іх мінімальнай цікавасці: з прычыны выхавання, умоў жыцця, інтэлектуальных здольнасцей.

Гэта называецца адсутнасцю палітычнай культуры. Па-добраму, такія людзі не павінны былі б дапускацца да ўдзелу ў галасаванні. Не маюць яны права вырашаць нават свой уласны лёс, не кажучы пра лёс сваіх дзяцей-унукаў ці лёс народа (а расіяне, да таго ж, імкнуцца вырашаць лёсы і іншых народаў).

У Беларусі гэты ўзровень вызначаецца яшчэ адной якасцю — неўспрыманнем нацыянальных каштоўнасцей, найперш — беларускай мовы.

Якраз такія людзі ў 1994-м і прагаласавалі за Лукашэнку. Падпісаўшы тым самым сваім дзецям і ўнукам прысуд на дзесяцігоддзі пакутлівага існавання.

Многія з іх ужо ў магілах, але ці нашмат зменшылася ўдзельная колькасць такога «глыбіннага народа»? Мяркуючы па ўспрыманні спрадвечнага ворага Беларусі як «брата» — не нашмат. І баюся, што на сапраўды дэмакратычных і свабодных выбарах атрымалі б мы вельмі і вельмі непрыемны сюрпрыз.

Вось чаму (і гэтага не разумеюць заходнія палітыкі) выхаванне нацыянальнай свядомасці ў Беларусі падаецца куды больш важным, чым дапільноўванне дэмакратычных выбарчых працэдураў. Асабліва пасля дзесяцігоддзяў татальнай (і ў школе, і праз СМІ, паўсюль) расійска-імперскай прамыўкі мазгоў.