Сёння гадавіна трагедыі на Мінскім радыёзаводзе. Успаміны родзічаў пацярпелых

10 сакавіка 1972 года ў цэху тэлевізійных футляраў Мінскага радыёзавода — цяперашні «Гарызонт» — адбыўся выбух.


Двухпавярховы будынак зрабіўся грудай цэглы і пахаваў пад сабой усіх працаўнікоў, якія там былі: больш за 100 чалавек загінулі, каля 300 засталіся пакалечанымі.

Прайшло паўстагоддзя, а трагедыю яе ахвяры перажываюць і сёння: паламаныя жыцці і лёсы многіх людзей.
Менавіта гэта здарылася з сям’ёй Наталлі Новік. Яе матуля Ганна з маладой і прыгожай 36-гадовай жанчыны сталася нямоглым інвалідам.

І гэта прынесла трагедыю для ўсёй сям’і Новік. Па просьбе гераіні іх імёны зменены.

Жыццё сям’і было падзелена на «да» і «пасля» двойчы: пасля аварыі, калі было страчана здароўе гаспадыні, і пасля змены ўлады — калі клопат пра інваліда змяніўся поўным забыццём.

Мама колькі жыла, так ніколі не верыла, што ад пылу мог адбыцца такі выбух

«У той год была позняя вясна з марозам і снегам: мы адсвяткавалі 8 сакавіка, мама закрыла «бальнічны», бо я хварэла на ангіну, і 10 сакавіка ў яе быў першы працоўны дзень», — успамінае Наталля.

Бацькі жанчыны абодва працавалі на тагачасным радыёзаводзе. Гадавалі дзвюх малых дачок, а таму хадзілі на працу ў розныя змены.

«Мне было 9 гадоў, а сястры 13, і мы былі вельмі рады, што тата дазволіў нам паглядзець фігурнае катанне — мы яго вельмі любілі.

Мы тады жылі на вуліцы Пермскай — гэта цяпер каля станцыі метро «Міхалова». А завод быў на вуліцы Соф’і Кавалеўскай — за некалькі кіламетраў.

Наш дом скалануўся, як ад землятрусу, такі быў выбух. Памятаю, тата хутка некуды пабег, а калі позна ноччу вярнуўся, то сказаў, што мама ў бальніцы».

Пазней спадарыня Наталля пакрысе даведвалася падрабязнасці трагедыі, якая назаўсёды змяніла яе жыццё і жыццё яе родных.

«Мама працавала ў цэху на канвееры ў другой змене. Абед у іх — гэта позні вечар. І, калі людзі вярнуліся з гэтага абедзеннага перапынку, цэх выбухнуў.

Усе тыя станкі, людзі, пліты — усё разам правалілася ў падвал. Гэта быў выбух», — узгадвае размовы дарослых спадарыня Наталля.

«Тады праўды таксама не сказалі і ўсё «замялі», як заўсёды. Спісалі на тое, што, маўляў, сабраўся пыл, іскра патрапіла — і гэта пыл выбухнуў».

Пацярпелая жанчына, колькі жыла, так ніколі і не верыла, што ад пылу мог адбыцца такі выбух.

Мама была ў такім цяжкім стане, што толькі вады і папрасіла

«Мама засталася жывая цудам — толькі Божая воля была яе пакінуць нам», — пераканана дачка.

На вуліцы быў снег і мароз, а яна ляжала фактычна на вуліцы, прыдушаная плітой, страціўшы прытомнасць.
«А калі прыйшла да памяці, то пачала крычаць: "Людзі, дапамажыце, у мяне ж дзеткі!". Гэта маме лекары з хуткай расказалі, бо яна сама не памятала ад шоку.

Казала, што яны вельмі стараліся і вельмі дапамагалі. Зараз я не ведаю, ці гэтак бы падтрымлівалі — зараз медыкі вельмі злыя», — разважае суразмоўца.

Ганна Новік ляжала ў рэанімацыі чацвёртага мінскага шпіталя.

У пацярпелай была чэрапна-мазгавая траўма — на галаву наклалі 8 швоў.

Быў пашкоджаны пазванок і вельмі моцна — ногі.

«Правую нагу збіраліся адразаць — была пераламана костка і нага трымалася толькі на мяккіх тканках», — працягвае Наталля.

«Быў такі хірург Капусцін і вельмі добры чалавек — нават імя не памятаю, ён папросту маму пашкадаваў — ёй было толькі 36 гадоў.

Так было заўгодна Богу, каб праз гэтага чалавека зберагчы маме нагу. А ў многіх людзей аднялі ўсё, што можна.

Многія былі з моцнымі апёкамі — так мама ўзгадвала пра сваіх знаёмых з цэху.

Ім рабілі перасадку скуры — гэта катастрофа была. Адной з трох самых цяжка хворых была мая мама.
І адна яна пражыла даўжэй за іншых — 41 год пасля трагедыі, і 20 з іх — у інвалідным вазку», — сумна канстатуе дачка.

Надзвычайнае здарэнне адбылося пры кіраўніцтве ў Беларусі Пятра Машэрава. Наталля Новік памятае ўспаміны мамы пра ягонае наведванне шпіталя.

«Падыходзіў да хворых, напэўна, нешта казаў, але ў мамы запытаў, што ёй трэба, чаго яна хоча?
І мама сказала, што вады з лімонам. Яна была ў такім цяжкім стане, што толькі вады і папрасіла.

І, як яна ўзгадвала, пасля гэтага ўсім штодня ставілі на тумбачку ваду з лімонам».

«Пабывала на вайне»

Ганна Новік выйшла са шпіталя праз паўгода — толькі ў жніўні, перажыўшы вялікую колькасць аперацый. Мела першую групу інваліднасці, але здолела ўстаць на мыліцы і нават хадзіць.

У памяці дзяўчынкі захавалася ўражанне — як моцна змянілася яе мама.

«Яна была зусім іншая… У мамы былі светлыя валасы, заўсёды добра ўкладзеныя, яна заўсёды даглядала сябе — была прыгожая.

А тут я пабачыла замест валасоў — стрыжаны «вожык» і шмат шрамаў на галаве. Пабывала на вайне — так казала мама пра сябе».

Наталля з удзячнасцю ўзгадвае тагачаснае кіраўніцтва завода, якое шмат дапамагала сям’і: з заводскай паліклінікі да маці шмат гадоў прыходзіла масажыстка, якая дапамагала скалечанай жанчыне.

Усе гады інваліднасці прафсаюз прадпрыемства не выкрэсліваў былой працаўніцы са сваіх спісаў: завод даваў пуцёўкі ў санаторый, а дзецям — у піянерскія лагеры.

У гады перабудовачнага дэфіцыту сям’я атрымоўвала прадукты ў тагачасным «Стале заказаў», навагоднія прадуктовыя наборы, выдзялялі матэрыяльную дапамогу, калі жанчына звярталася.

Але і тады шмат за што трэба было змагацца і «выбіваць».

«Запарожац» даваўся толькі тым інвалідам, якія мелі правы кіроўцы

Са шпіталя Ганна Новік вярталася ўжо не ў ранейшую двухпакаёўку — яе ў сям’і забралі. Інваліду вытворчасці «дадалі» 10 метраў жылой плошчы, і сям’я пераехала ў трохпакаёвую кватэру ў цэнтры горада.

«Так, маме выдзелілі гэтыя 10 метраў кватэры, але хто думаў, як інвалід-вазочнік будзе выязджаць на вуліцу?
Апошнія 20 гадоў мама была ўжо ў інвалідным вазку і мусіла заставацца ў сценах сваёй кватэры».

Пасля аварыі Ганна Новік была прызнана пенсіянеркай рэспубліканскага значэння. Маці плацілі пенсію 65 рублёў і 135 даплачваў завод — неблагія грошы для таго часу.

Але ў сям’і інваліда яны і разыходзіліся хутка: лекі, спецыяльны абутак, пасцельная бялізна, харчаванне і гэтак далей.

«Калі мама была ў санаторыі, там хтосьці з дасведчаных людзей патлумачыў, што з-за выбуху і калецтва на вытворчасці ёй павінны плаціць дадатковыя грошы.

Мама скантактавалася з іншымі пацярпелымі, далучыліся людзі дасведчаныя і дапамаглі скласці пазоў у суд.
І суд змусіў МРЭК прызнаць іх інвалідамі вытворчасці, і толькі тады пачалі выплочваць гэтыя дадатковыя грошы — тым людзям, якія яшчэ заставаліся жывымі», — успамінае Наталля.

А яшчэ Ганне Новік выдзялялі транспарт — аўтамабіль «Запарожац».

«Але выдзялялі не бясплатна — мы мусілі даплачваць», — тлумачыць суразмоўца.

«Па правілах «Запарожац» даваўся толькі тым інвалідам, якія мелі правы кіроўцы.

І мама была вымушана ехаць у нейкі спецыяльны пансіянат на курсы ваджэння, навучалася, атрымала правы, і толькі пасля гэтага выдзелілі машыну.

Хоць яна так і не кіравала, бо баялася, а кіраваў тата па даверанасці.

Але, калі ў сям’і ёсць інвалід, якому цяжка рухацца, але ён таксама хоча жыць, то канечне ж людзі хапаліся за любую магчымасць», — падсумоўвае жанчына.

Стала жыць як на вайне?

«У тыя савецкія часы дзяржава падтрымлівала інвалідаў не так, як зараз — гэта дзве вялікія розніцы. Хто ніколі не сутыкаўся з медыцынай, той гэтага не ведае», — кажа Наталля.

«З паліклінікі да мамы перасталі хадзіць профільныя лекары: можна было выклікаць толькі ўчастковага, а замест яго іншы раз прыходзіў «памочнік лекара», — узгадвае суразмоўца.

Каб прыйшоў неўролаг, да прыкладу, то маме трэба было тэлефанаваць галоўнаму ўрачу, патрабаваць.

 «Жыву, як на вайне», — так казала яна.

«У мамы праз усю нагу было штосьці кшталту дроту — з першых аперацый яшчэ. Яго нельга было даставаць з-за ўзросту — так казалі лекары.

Гэты дрот літаральна прамацваўся праз скуру, і мама цярпела страшэнны боль усё жыццё.

Плюс чалавек не хадзіў, і гэтая нага проста высыхала. Патрэбныя былі працэдуры, масаж, але нічога гэтага ўжо не было.

І за ўсе гэтыя 20 гадоў мама ні разу не была ў шпіталі — яе проста не бралі з-за інваліднасці», — уражаная, кажа дачка.

«Так і казалі: такога хворага, які не ходзіць, мы не можам узяць.

Толькі тады забралі і наклалі гіпс, калі яна зламала нагу, а праз пяць дзён адправілі дахаты. Паўз інвалідаў проста праходзяць міма.

Натуральна, што за гэтыя 20 гадоў мама ні разу не была ў санаторыі. Імпартныя лекі выпісваць перасталі — ільготы сыходзілі пакрысе, пакуль не былі зняты ўсе».

Скалечаныя падчас аварыі інваліды былі кінуты выключна на сям’ю: выжывуць альбо не выжывуць, залежала толькі ад родных.

Калі б не лекары — мама яшчэ б жыла

Спадарыня Ганна памірала дома — не забіралі ў лякарню. А калі ўсё ж забралі, то спачатку трымалі ў рэанімацыі шостай бальніцы, а затым у палаце тэрапіі.

«Там адмянілі амаль усё лячэнне, у суботу не было ні доктара, ні медсястры на ўвесь паверх!!! А 17.00 прыходзілі ставіць ранішнюю кропельніцу!!!

У мамы адарваўся тромб на назе — быў вялікі сіняк. І гэта заўважыла я, калі прыйшла праведваць, а не лекары. Час быў страчаны для рэанімацыйных мер.

Затым яе спаралізавала, але мне гэтага нават не сказалі.

Маму ізноў пацягнулі ў рэанімацыю — там яна і сышла.

Калі б лекары наглядалі за ляжачымі хворымі, то гэтага б не здарылася», — з болем канстатуе Наталля.
«Атрымоўваецца, каб не неабыякавасць лекараў — яна б яшчэ жыла.

Калі мама памірала, я была такой замучанай, што нават не прыйшло ў галаву запытаць, як Пётр Машэраў, чаго яна хоча? Мамы няма ўжо 9 гадоў, а я так і не магу забыць, што не запытала».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: