Следчы камітэт тармозіць справу збітага вартаўніка аўтастаянкі

Следчы камітэт штучна тармозіць прасоўванне па справе збітага вартаўніка мінскай аўтастаянкі Васіля Сарочыка, лічыць дырэктар прыватнай культурна-асветнай установы "Платформа інавейшн" Андрэй Бандарэнка.



bondarenko_0803_300x231.jpg

Андрэй Бандарэнка

Кіраўнік установы паведаміў БелаПАН, што прызнаны пацярпелым Сарочык так і не атрымаў магчымасці азнаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, якія дагэтуль знаходзяцца на праверцы ў СК. Паводле меркавання Бандарэнкі, камітэту "проста няма чаго адказваць на скаргі і на ўказанні тых парушэнняў, з якімі была вынесена пастанова аб спыненні крымінальнай справы". Бандарэнка адзначыў, што пасля выказанага на прэс-канферэнцыі 15 студзеня прэзідэнтам каментарыя па справе Сарочыка СК "возьме пад казырок і паспрабуе ўсімі законнымі і незаконнымі шляхамі наогул спыніць гэту справу". "Тут зусім відавочна, што Следчы камітэт спрабуе знайсці тую "залатую сярэдзіну", пры якой можна было б і захаваць гонар мундзіра, і выканаць, хутчэй за ўсё, загад зверху пра неабходнасць гэтую справу спыніць", — растлумачыў кіраўнік установы.
 

Як паведаміў Бандарэнка, збіты вартаўнік на мінулым тыдні накіраваў у суд Ленінскага раёна Мінска скаргу па факце спынення крымінальнай справы, у якім ён прызнаны пацярпелым. У гэтым дакуменце Сарочык патрабуе адмяніць пастанову аб спыненні крымінальнага пераследу і папярэдняга расследавання ў дачыненні да супрацоўнікаў АУР Ленінскага РУУС Мінска Багданоўскай, Жука, Дзядюнова і Міхнюка, якія прымянялі да яго, згодна з яго паказаннямі, катаванні.
 

Інцыдэнт адбыўся 14 лістапада. Паводле слоў Сарочыка, у пункт аховы аўтастаянкі прыйшлі два супрацоўнікі праваахоўных органаў, адзін з якіх быў у цывільным. Не прад'яўляючы дакументаў і нічога не тлумачачы, яны загадалі вартаўніку накіроўвацца ў Ленінскае РУУС. Каля гадзіны Сарочык знаходзіўся ў памяшканні дзяжурнай часці ўпраўлення, а затым яго адвялі на допыт. Пазней высветлілася, што допыт праводзіла оперупаўнаважаны Ленінскага РУУС Багданоўская.
 

Паводле слоў Сарочыка, яна надзела на яго наручнікі і стала збіваць, патрабуючы прызнацца ў крадзяжы надмагільных пліт, якія захоўваліся на тэрыторыі аўтастаянкі, а таксама саляркі і акумулятараў з машын. Акрамя таго, ад вартаўніка спрабавалі дабіцца прызнання аб тым, што ён перыядычна рабаваў кіёскі на рынку "Свелта".
 

Білі, паводле сцвярджэння Сарочыка, нагамі і дубінкамі па галаве і целе, да збівання перыядычна падключаліся іншыя супрацоўнікі РУУС. Катаванні суправаджаліся нецэнзурнай лаянкай і пагрозамі забойства. Каб апрытомнець, яго аблівалі халоднай вадой.
 

Усё гэта доўжылася прыкладна шэсць гадзін, але ніякага прызнання ад Сарочыка міліцыянеры не атрымалі. У выніку ў дачыненні да яго склалі нейкі дакумент, які пенсіянер падпісаў, калі ўжо быў не ў стане яго прачытаць, і адпусцілі дамоў.
Збіты вартаўнік звярнуўся па дапамогу ў пракуратуру, якая накіравала матэрыялы ў Ленінскі раённы аддзел СК. Затым работу прадоўжыла ўпраўленне Следчага камітэта па Мінску. 13 снежня было аб'яўлена: следства прызнала падазронымі ва ўчыненні злачынства па ч. 3 арт. 426 КК (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, учыненае службовай асобай, якое яўна выходзіць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных па службе) чатырох службовых асоб Ленінскага РУУС сталіцы. У канцы снежня справа была спыненая.

 

З таго часу Сарочык неаднаразова накіроўваў скаргі ў розныя інстанцыі з патрабаваннем перагледзець рашэнне аб спыненні крымінальнай справы.
 

На прэс-канферэнцыі 15 студзеня прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, каментуючы гэтую справу, заявіў, што спачатку яна яго "расхвалявала" і ён даручыў свайму памочніку Наталлі Пяткевіч праінфармаваць аб ёй. "Пачалі разбірацца, і мяне праінфармавалі адразу ж, у той жа дзень, што нібыта жанчына там яго збівала. Але калі ўжо жанчына мужыка збіла, то ў мяне цікавасць знікла да гэтай тэмы. Але калі вы ўзнялі гэтае пытанне, то давядзецца генеральнаму пракурору гэтым займацца. Я ведаю, там гэтага не было", — заявіў Лукашэнка.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН