Неанацысты збіраюцца правесці ў Мінску байцоўскі турнір

Арганізатары баёў “Дух Воина” выказалі намер на сваёй старонцы ў сацсетках. Заадно падзякавалі беларускім праваахоўнікам за вызваленне Цесака



niea.jpg

Вызваленне з мінскага ізалятара праварадыкалаў Цесака і Малюты выклікала захапленне ў іх паплечнікаў.

“На шчасце, беларускія органы правапарадку аказаліся дастаткова разважнымі, вынеслі справядлівае рашэнне,  ― нахвальваюць расійскія арганізатары турніраў па змяшаных адзінаборствах “Дух воина” на сваёй старонцы ў сацсетках. ― Мы радыя, што Максім і яго паплечнікі зноўку ў справе, а Мінск можа рыхтавацца да нашага візіту, бо менавіта там адбудзецца адзін з турніраў “Дух Воина”.

Узгаданыя спаборніцтвы арганізоўваюць уладальнікі гандлёвай маркі White Rex. Гэта кантора прадукуе вопратку, на якой змяшчае збольшага неанацысцкую сімволіку. Напрыклад, руну “Цір” і эмблему, стылізаваную пад калаўрат. Абодва сімвалы актыўна выкарыстоўваюць неанацысты, і нават УЕФА забараніў выкарыстоўваць іх на стадыёнах.

121130.jpg

На шортах брэнда White Rex выяўлена эмблема, стылізаваная пад калаўрат, і руна  ― адзін з самых улюбёных сімвалаў неанацыстаў. 

У рэкламным роліку турніра “Дух воина” спартоўнага выгляду маладыя людзі з’яўляюцца ў кадры не толькі ў баксёрскіх бінтах, але і з бітай, з разбітай бутэлькай, з нажамі.

Нагадаем што Максіма “Цесака” Марцінкевіча выпусцілі з мінскага ізалятара часовага ўтрымання ў нядзелю 24-га лютага. За дзесяць дзён да гэтага яго, Сяргея “Малюту” Кароткіх і яшчэ аднаго іх мінскага “паплечніка” затрымалі за бойку з ідэйнымі ворагамі . Тады адзін з антыфашыстаў атрымаў некалькі нажавых раненняў і трапіў у рэанімацыю.

Як удакладніла Еўрарадыё крыніца ў праваахоўных органах, нажавыя раненні антыфашысту (колата-рэзаныя раны ў 5 см і 15 см кожная) ўчыніў не Сяргей Кароткіх, а трэці ўдзельнік бойкі з боку неанацыстаў. А непасрэдна нажавыя ўдары былі нанесены па-за аб’ектывам камеры назірання. 

121128.jpg

Трэці неанацыст, які непасрэдна наносіў антыфашысту нажавыя раны, 1990-га года нараджэння, беларус. Нават у знешнасці ён ва ўсім імкнецца капіяваць Цесака.  

Чаму праз дзесяць дзён пасля здарэння ўсіх трох фігурантаў крымінальнай справы выпусцілі? Вядома, што гэтыя людзі ― неанацысты, экстрэмісты. Яны узброеныя хадзілі па Мінску”, ― цікавімся ў прадстаўніка Следчага камітэта па Мінску Аляксандра Герасімава.

“Цягам дзесяці сутак трэба было альбо прад’явіць абвінавачванне, альбо ўжыць нейкую іншую меру працэсуальнага прымусу, што і было зроблена. Мы разглядаем канкрэтны факт хуліганства. А што тычыцца нейкіх палітычных падкладак, у нас ёсць іншыя праваахоўныя структуры, якія павінны такія аналогіі рабіць”.

Еўрарадыё: Але адзін з фігурантаў па-сапраўднаму рэзаў нажом. Нанёс такія цялесныя пашкоджанні…

Аляксандр Герасімаў:“А якія? Пранікненне нажа яшчэ ні пра што не гаворыць. Не былі закрануты жыццёва важныя органы, што не прывяло да сур’ёзнага расстройства здароўя. Па-другое, у нас яшчэ не гатовы экспертызы па вынятых нажах, згодна з якімі мы павінны высветліць, ці з’яўляюцца яны халоднай зброяй. Крымінальны пераслед гэтых трох падазраваных не спынены. Проста мы чакаем вынікі экспертыз і праводзім некаторыя следчыя дзеянні, каб вызначыцца. Следчы будзе вырашаць, ці будуць прад’яўлены абвінавачванні, ці крымінальны пераслед будзе спынены”.

Сам Цясак адмовіўся гутарыць з журналістам Еўрарадыё.

“Ідзіце на ..й ― ён вам перадае”, ― давёў у паведамленні праз сацсеткі волю важака адзін з яго відэааператараў. 

Гісторыя з затрыманнем і вызваленнем у Мінску неанацыстаў выклікала шырокі грамадскі рэзананс.

“Адназначна выказацца наконт гэтай гісторыі не магу, не ведаю ўсіх акалічнасцяў. Але калі на такіх людзей не звяртаць увагі, яны разрастуцца, як метастазы, ― лічыць  Віктар Шапавалаў, старшыня камітэта ветэранаў вайны і Узброеных сіл Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў. ― Іх варта спыняць, каб гэта зараза не распаўсюдзілася. На корані. Іначай гэта разрасцецца, як карупцыя ў Расіі. Гэтых мярзотнікаў трэба крытыкаваць, гваздзіць іх да ганебнага слупа”. 

Адзін з фігурантаў крымінальнай справы, Сяргей “Малюта” Кароткіх, не раз фігураваў у СМІ як падазраваны ў злачынствах. Але ніколі і не адсядзеў ніводнага тэрміну. Нават былыя паплечнікі па розных экстрэмісцкіх арганізацыях называюць  яго “фээсбэшнікам”. Таму не здзівіліся яны і вызваленню Малюты з мінскага ізалятара.
Яўген Валошын, euroradio.fm