Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў скаргу жлобінскіх сябраў “Справядлівага света”
Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў адну са скаргаў сябраў партыі левых “Справядлівы свет” са Жлобіна на забарону правядлення пікетаў у 2012 годзе мясцовым райвыканкамам. Пра гэта паведаміў кіраўнік раённай партыі “Справядлівы свет” Валеры Рыбчанка.
— У Камітэт па правах чалавека ААН мы накіравалі дзве скаргі, — кажа спадар Валеры. — Адна з іх датычылася забароны мясцовымі ўладамі пікетаў у падтрымку палітзняволеных у мінулым годзе — яе і зарэгістравалі. А вось іншую скаргу, якая датычылася фальсіфікацый прэзідэнцкіх выбараў 2010 года і нашага звароту ў розныя інстанцыі з гэтай нагоды — яе папрасілі пракаментаваць больш падрабязна. Зараз гэтым якраз займаюцца нашыя юрысты.
Жлобінскія сябры партыі левых “Справядлівы свет” і раней накіроўвалі скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН на адмову ў правядзенні пікетаў мясцовымі ўладамі. Скаргі былі разгледжаны Камітэтам у 2011 і 2012 гг.