Замежныя СМІ пра Беларусь: 16–22 лютага
Часам трэба пераступіць праз свае амбіцыі і бачыць Дзяржаву. Тое, што Лукашэнка ні з кім не сустракаецца, не робіць самому Лукашэнку горш — ён ездзіць у ААН, у Расію, яшчэ кудысьці. А больш і не трэба. Для Украіны такая ізаляцыя папросту шкодная. Таму неабходна шукаць усе магчымасці для ўдзелу кіраўніцтва Украіны на ўсіх сустрэчах і недапушчэння ізаляцыі. «Час пик» (Украіна)
У Мінску лічаць, што расійскае кіраўніцтва ў апошні час пачало сумнявацца ў шчырасці інтэграцыйных намераў Лукашэнкі. Падчас 5-гадзіннай прэс-канферэнцыі ў сярэдзіне студзеня беларускі прэзідэнт сказаў, што ні Беларусь, ні Казахстан пакуль не гатовыя да таго ўзроўню інтэграцыі, які хацела б бачыць Масква. Акрамя таго, расійскіх партнёраў маглі насцярожыць дзеянні афіцыйнага Мінска на заходнім напрамку. Як пісала «НГ», нядаўна прызначаны міністр замежных спраў Уладзімір Макей правёў шэраг сустрэч з прадстаўнікамі еўрапейскіх дыпламатычных місій. Пра парадак дня не паведамлялася, але незаўважанымі яны застацца не маглі: мясцовыя эксперты загаварылі пра закулісны дыялог Мінска і Брусэля.
«Независмая газета» (Расія)
Разглядаючы ўзаемаадносіны Мінска і Тбілісі, можна сказаць, што тут асаблівую ролю адыгрывае старшынства Беларусі ў СНД. Лукашэнка казаў, што асноўнай яго місіяй будзе калі не вярнуць Грузію назад, то, па меншай меры, актыўна далучаць яе да праектаў СНД. Гэта яго знешнепалітычны канёк, або свайго роду місія Беларусі ў гэтым годзе. Наколькі гэта магчыма і наколькі Мінск лічыць гэтую ідэю рэальнай, сказаць складана. Але галоўнае — заявіць.
«Грузия сегодня» (Грузія)
Сёння Курманбек і Жаныбек Бакіевы жывуць у Беларусі, карыстаючыся заступніцтвам Аляксандра Лукашэнкі. Паводле паведамленняў прэсы, першы атрымаў беларускае грамадзянства, купіў сабе дом на ўскрайку Мінска, дзе і жыве са сваёй грамадзянскай жонкай і дзецьмі. На неаднаразовыя патрабаванні афіцыйнага Бішкека выдаць братоў Бакіевых паступаюць адмовы. Але што будзе, калі Лукашэнка сыдзе?
«Республика» (Казахстан)
Адносіны паміж расійскай і беларускай дзяржавамі ў гандлёвай сферы зусім не простыя. У апошнія некалькі гадоў паміж краінамі не раз разгараліся «гандлёвыя войны», і ўсе яны так ці інакш былі звязаны з харчовымі таварамі. Расія ў парадку чарговасці паспела забараніць увоз на сваю тэрыторыю беларускага цукру, беларускіх малочных прадуктаў і шэрагу беларускіх цукерак. Лічылася, аднак, што рознагалоссі гэтыя даўно ў мінулым. Аднак цяпер з расійскімі таварамі вырашыла змагацца Беларусь. Справа ў тым, што нядаўняя нацыяналізацыя «Камунаркі» і «Спартака», хутчэй за ўсё, негатыўна адаб’ецца на кандытарскім рынку краіны, лічаць эксперты. Рэзка знізяцца аб’ёмы экспарту, у тым ліку і ў Расію. Таму Мінску даводзіцца рабіць пэўныя крокі, каб абараніць свае цукеркі.
«Правда.Ру» (Расія)