Спорт па нядзелях. Хакеісты хварэюць на вірус, альбо Прычым тут кёрлінг

У эфіры «Новага Часу» — чарговы агляд адметных спартыўных падзей тыдня.

1_490.png

Хакейнае «Дынама» «выкошвае» таямнічы вірус невядомага паходжання

Яшчэ зусім нядаўна мінскае «Дынама» штампавала перамогі ў Кантынентальнай хакейнай лізе, і з языкоў трэнераў і гульцоў нават пачала зрывацца касмічная амбіцыя — маўляў, хочам і можам выйграць Кубак Гагарына. Аднак казка аднойчы неспадзявана скончылася — на мяжы кастрычніка і лістапада ўслед за белай паласой распачалася чорная.

Тры паразы запар — і ў табліцы «зубры» пасунуліся ўніз. Учорашняя перамога ў овертайме над маскоўскім «Спартаком» настрой крыху прыўзняла, аднак ці надоўга — вось у чым пытанне.

Бо расповеды на дынамаўскую тэму зараз дамінуюць зусім не хакейныя — хутчэй медыцынскія, з яўным ухілам у пандэмію каронавіруса.

Цэлую групу хакеістаў страціла каманда падчас чацвёртай хвалі COVID-19. Кадравы дэфіцыт настолькі адчувальны, што ад матча ў матч мінчане ледзьве наскрабаюць тры поўныя пяцёркі, для чаго даводзіцца чэрпаць дапамогу ў нацыянальнай Эстралізе (лічы другім дывізіёне).

«Карону», дарэчы, у клубе рашуча адвяргаюць. Кажуць, так, шэрагі прарэджвае вірус, але гэта іншае. Бо тэсты, якія аператыўна праводзяцца, кожны раз паказваюць адмоўны вынік. Па нашай цяперашняй звычцы не ўсе такім тлумачэнням вераць — і тут ужо як ёсць.

Бадай, самай красамоўнай ілюстрацыяй незайздроснага стану «Дынама» стала прэс-канферэнцыя пасля паразы ад маскоўскіх аднаклубнікаў (3:7) 2 лістапада. Галоўны трэнер мінчан канадзец Крэйг Вудкрафт выглядаў перад журналістамі хваравіта і ў нейкі момант нават гучна закашляўся. Шмат хто пра сябе адзначыў, што рулявы «зубраў» даваў каментар без медыцынская маскі.

«Крыўдна, што каманду ахапіў вірус, — казаў спадар Вудкрафт. — Безумоўна, нам не хапала гульцоў. Цяпер мы змагаемся з хваробай, якая ў нас у камандзе». У тым матчы ў складзе «Дынама» набралося толькі 14 гульцоў, тады як звычайны камплект — чатыры поўныя пяцёркі.

Адметна, што пасля матчу з маскоўскімі дынамаўцамі беларускі клуб-флагман адправіўся на выезд — на дзве гульні ў Ніжні Ноўгарад і Маскву. Дык вось: туды не патрапіў ужо і сам галоўны трэнер. Разам з асістэнтам Андрэем Мезіным ён застаўся ў Мінску — праз «недамаганне».

Добра, што зараз у кахээлаўскім календары ў «Дынама» будзе перапынак — да 15 лістапада. Можна падлячыцца і пазбавіцца ад тлятворнага ўплыву таямнічага вірусу.

Кёрлінгу ў Беларусі засталося на паўтара тыдні? Асацыяцыя віду пад пагрозай ліквідацыі

Надоечы медыі паведамілі, што ў Беларусі можа быць інстытуцыйна ліквідаваны адзін з алімпійскіх відаў спорту — кёрлінг. Нібыта (афіцыйных пацверджанняў гэтаму пакуль няма) 16 лістапада адпаведны пазоў Мінюста разгледзіць Вярхоўны суд. У аптычным прыцэле заяўніка — Беларуская асацыяцыя кёрлінга, дзейнасць якой мяркуецца прыпыніць.

Ацаніце ўзровень разгляду справы, узгадайце мінулыя выракі па аналагічных пазовах, проста азірніцеся навокал — і вы вычарпальна зразумееце, што калі ўсё так і ёсць насамрэч, то беларускія кёрлінгісты могуць замаўляць паніхіду.

2_451.jfif

Прычыны? Ды, падаецца, усё тыя ж: рознага кшталту пратэсная актыўнасць прадстаўнікоў гэтай экзатычнай гульні, адсутнасць лаяльнасці — і іншыя патэрны нядобранадзейнасці, якія пагражаюць «разбурыць краіну».

Зрэшты, больш важнымі за прычыны тут выглядаюць наступствы. Ці дакладней — якасна новыя характарыстыкі дзяржаўнага дыктату ў спорце.

Раней было як? За «кепскія паводзіны» прылятала збольшага канкрэтным людзям — пратэсна арыентаваным спартсменам і трэнерам. Радзей — спартыўным клубам, як, напрыклад, дыскваліфікаванаму гандбольнаму «Віцязю». Такога, каб сякеру заносілі над цэлым відам, не было. Аднак вось яно, здаецца, наспявае.

Кёрлінг — для даведкі — гэта тыя самыя спаборніцтвы, якія праводзяць на лёдзе з дапамогай адмысловых швабраў і каменных «прасаў». Спецыяльна навучаны чалавек пускае «прас» па паверхні, яго кампаньёны шчыруюць, праціраючы тую паверхню, каб снарад рухаўся ў патрэбным кірунку з аптымальнай хуткасцю. У якой каманды лепей атрымліваецца, той даюць болей ачкоў — і яна перамагае.

Так, досыць спецыфічны занятак, «не для ўсіх», але ж — і даволі статусны. Бо алімпійскі від — гэта не гульня ў падкіднога дурня.

Беларускія кёрлінгісты гучных міжнародных поспехаў асабліва не маюць, аднак справу робяць і сяк-так развіваюцца. Ёсць зборныя, рэзерв, ёсць прафесіяналы, аматары, дзіцячыя секцыі. А на 30 лістапада, напрыклад, у Асацыяцыі запланаваная канферэнцыя, дзе збіраюцца выбраць кіраўніка арганізацыі.

Ці адбудуцца выбары — цяпер вялікае пытанне. Ці працягне існаванне беларускі кёрлінг у выпадку ліквідацыі БАК — пытанне яшчэ больш злабадзённае. Ці не першая гэта ластаўка ў нацыянальным спорце, дзе ўвогуле шмат грамадскіх аб’яднанняў — федэрацый-асацыяцый, — пытанне глабальнае. І ў пэўнай ступені рытарычнае.

У футбольным першынстве адбылася «класіка» — БАТЭ выратаваўся напрыканцы

5_354.jpg

Мы не аднойчы згадвалі — тое ўжо амаль рэфрэн — што футбол у Беларусі стаў дужа прадказальны. Загадзя з вялікай верагоднасцю можна спрагназаваць, хто пераможа — і выйграе чэмпіянат, і возьме медалі, і вылеціць з Вышэйшай лігі.

Пакуль усё ідзе ў адпаведнасці з прагнозамі — засталося даведацца, хто ў першынстве Беларусі фінішуе на другім, услед за салігорскім «Шахцёрам», месцы. Субота ў гэтым сэнсе была знакавай — у вочным паядынку сутыкнуліся прамыя канкурэнты за серабро, барысаўскі БАТЭ і мінскае «Дынама».

Іх сустрэчы ў спартыўнай прэсе спрадвеку называюць патэтычна — футбольная «класіка». Па аналогіі з іспанскім «эль-класіка» паміж мадрыдскім «Рэалам» і «Барселонай». Часам барысаўцы і мінчукі такі пыхлівы статус апраўдваюць, выдаючы гульні са складаным дэтэктыўным сюжэтам. Іншым разам нешта ідзе не так, з трыбун чуецца свіст, і вострыя на язык заўзятары пераймяноўваюць тытульную назву — «класіка» ператвараецца ў «бульбасіка».

Што адбылося гэтым разам у Барысаве? Давайце лічыць, што нешта сярэдняе. Прынамсі, сцэнар матча аказаўся мудрагелістым. У сярэдзіне другога тайма лік адкрылі мінчане, і толькі напрыканцы — літаральна на апошняй хвіліне — гаспадарам поля пашанцавала зраўняць лічбы на табло.

1:1 — і кожны застаўся пры сваім. БАТЭ па-ранейшаму крочыць другім, «Дынама» дыхае яму ў спіну, адстаючы на адно ачко. Да канца чэмпіянату застаецца ўсяго два туры, таму тэарэтычна яшчэ рознае можа адбыцца.

Ну а ў якасці бонуса для тых, хто дачытаў тэкст да канца, прапануем вось такі здымак. Гэты антуражык — акурат з учорашняй «класікі».

6_245.jpg


Фота ХК «Дынама-Мінск», ФК БАТЭ, pressball.by.