Спорт па нядзелях. «Шахцёр» стаў чэмпіёнам, зорныя тэнісісткі не захацелі гуляць за зборную

Нядзеля — час самай спартыўнай рубрыкі «НЧ». Коратка — аб самым адметным, што адбылося ў беларускім спорце на сыходзячым тыдні. Спойлер: будзе пра футбол, тэніс і гандбол.

2_450.jpg

Футбол. Салігорцы зноў трыумфуюць

У сераду вызначыўся пераможца футбольнага першынства краіны. Ім стаў салігорскі «Шахцёр» — другі раз запар і трэці раз у гісторыі. Каманду з калійнага горада зрабіла недасяжнай для канкурэнтаў перамога ў Гомелі над мясцовым аднайменным клубам. Матч быў жвавы і гарачы, галы заляталі то ў адны, то ў другія вароты, перамог мацнейшы — 3:2. Важная падрабязнасць — вырашальны, сапраўды чэмпіёнскі гол «шахцёры» забілі літаральна на апошніх секундах гульні. На 93-й хвіліне пашчасціла абаронцы Ягору Філіпенку.

Тут бы, як кажуць, і казцы канец — і віншаванні гегемонам, аднак адзначыць варта іншае. Найперш тое, што сюжэт у Вышэйшай лізе зноў атрымаўся прамым, як аглобля, і прадказальным, як вынік парламенцкіх выбараў у Беларусі. Тое, што менавіта «Шахцёр» выйграе залатыя медалі, заўзятары ведалі яшчэ ўвесну — і ніхто з іх не меў здольнасцяў Паўла Глобы. Проста салігорскі клуб нашмат мацнейшы за астатніх, як у мінулыя гады нашмат мацнейшым быў барысаўскі БАТЭ. Адсутнасць чэмпіёнскай інтрыгі — прыкрая прыкмета беларускага футбола ў апошнія пятнаццаць гадоў.

Калі бенефіцыяр вядомы загадзя, то хіба цікава назіраць за працэсам? Калі ведаеш, калі і ў каго стрэліць ружжо на сцяне, то хіба выклікае інтарэс п’еса? Калі пачуў спойлер «Забойца гэта садоўнік» — будзеш марнаваць час на дэтэктыў?

Так бывае, канечне, і не толькі ў нашых блаславёных шыротах. Праўда, чэмпіёнскім пытаннем беларуская футбольная прадвырашанасць не абмяжоўваецца — і вось гэтаму ўжо знайсці аналагі складана.

Бо глядзіце: да сканчэння чэмпіянату застаецца яшчэ — ажно — тры туры, а амаль што ўсё ўжо вядома. І, дарэчы, цалкам адпавядае прагнозу «НЧ», які мы давалі перад стартам сезона. Чэмпіён — «Шахцёр». У тройцы прызёраў з велізарнай верагоднасцю застануцца БАТЭ і мінскае «Дынама». Вылятаюць з Вышэйшай лігі — і гэта ўжо дакладна — «Смаргонь» і збанкрутаваны рэчыцкі «Спадарожнік». Можна разыходзіцца.

Куды больш інтрыгі ў тым, у якой камплектацыі мы пабачым чэмпіянат у наступным годзе. Бо прыклад «Спадарожніка» можа аказацца заразлівым. Пра цьмяную будучыню брэсцкага «Руху» мы ўжо згадвалі, а тут пайшлі чуткі і пра магчымы гаротны лёс іншага суб’екта футбольнага гаспадарання — мінскага «Энергетыка», чые галоўныя рэсурсы нібыта могуць перавандраваць у жодзінскае «Тарпеда». Так гэта ці не — час пакажа. Аднак, па ўсім відаць, зіма ў беларускім футболе чакаецца сцюдзёная.

Тэніс. Сабаленка і Азаранка не згуляюць за Беларусь

3_405.jpg

Ніколі такога не было, і вось зноў. Сёлета Вікторыя Азаранка адмовілася ад выступу на Алімпіядзе, і гэта выглядала ледзьве не як дэмарш. Вядучыя тэнісісты Ілля Івашка і Ягор Герасімаў не захацелі гуляць за зборную ў вераснёўскім Кубку Дэвіса, і гэта таксама нарабіла шуму ў беларускай інфапрасторы. І тут на табе, Бог любіць троіцу: у жаночай зборнай перад важнымі матчамі Кубка федэрацыі (зараз турнір называецца Кубак Білі Джын Кінг) зноў некамплект. Ды які: акрамя Азаранкі, у складзе адсутнічае яшчэ і першая ракетка краіны Арына Сабаленка, і вопытная Вольга Гаварцова.

Фактычна зборная засталася без лепшых тэнісістак — і цяпер у сустрэчах з Бельгіяй і Аўстраліяй (1 і 4 лістапада) у Празе будзе абапірацца на другіх нумароў. На чале з 86-й ракеткай свету Аляксандрай Сасновіч, якая нечакана зрабілася галоўнай надзеяй каманды.

Дык што здарылася? Чаму ад зборнай адмовіліся лепшыя — уключаючы Сабаленку, якая ніколі не ідзе ўпоперак генеральнай лініі?

Якраз наконт першай ракеткі ўсё празрыста. Праз некалькі дзён пасля матчаў КФ у Мексіцы пачнецца прэстыжны Выніковы турнір, у якім Сабаленка возьме ўдзел. Сумясціць абодва мерапрыемствы амаль нерэальна, і лідарка зборнай прадказальна зрабіла выбар на сваю карысць.

А вось Азаранка вырашыла проста адпачыць — і датэрмінова завяршыла свой сезон. У Вікторыі ўжо пачаўся водпуск, які яна бавіць у Амерыцы разам з маленькім сынам. Відаць, падобныя матывы і ў Гаварцовай, але гэта недакладна.

Зразумела, што шанцы на поспех пасля такой кадравай калізіі ў беларусак істотна зменшыліся. Тэнісісты без Івашкі і Герасімава прайгралі аргенцінцам, тэнісісткі саступяць і бельгійкам, і аўстралійкам? Пажывём — пабачым.

Гандбол. Працягваецца піке «Мяшкова» ў Лізе чэмпіёнаў

1_488.jpg

Амаль месяц таму мы акцэнтавалі ўвагу на надта няўдалых справах гандбольнага «Мяшкова» ў Лізе чэмпіёнаў. Прайшоў час — і справы гэтыя набылі ўжо зусім катастрафічны характар.

Тады ў лепшага гандбольнага клуба краіны былі тры паразы запар  — цяпер іх стала ўжо шэсць. І аніводнага ачка, і аніводнай перамогі, і цвёрдае апошняе месца ў турнірнай табліцы.

У кастрычніку берасцейцы паслядоўна прайгралі дацкаму «Ольбаргу», французскаму «Манпелье» і нарвежскаму «Эльверуму». Чыста матэматычна шанцы на выхад у плэй-оф яшчэ захоўваюцца, але рэальна на такі цуд зараз шкада паставіць нават трамвайны квіток. Бо хутчэй упадзе Эйфелева вежа, чым мяшкоўцы ператворацца з гарбуза ў казачную карэту.

Увогуле «Мяшкоў» патрапіў у нейкую сюррэалістычную сітуацыю — у стан існавання па-за любым канкурэнтным асяроддзем. На радзіме ён абсалютна непераможны — б’е ўсіх сапернікаў без асаблівай напругі. Ліга чэмпіёнаў у гэткім разе заставалася аддушынай, дзе брэсцкія гандбалісты лупіліся з лепшымі клубамі Еўропы на роўных, і тут быў сапраўдны сэнс іхняга існавання.

І вось, выглядае, гэты сэнс знік. Бо ў еўракубках б’юць ужо саміх гандбалістаў з Брэста. Гледачы за гэтым назіраць больш не могуць — на трыбунах іх усё меней. Гульцы, зразумела, пераймаюцца — дзе шукаць матывацыю і імпэт? Вядома, доўга такая экзістэнцыяльная пустэча працягвацца не можа. Аднак куды ж гайданецца брэсцкі гандбольны човен? Расійскае кіраўніцтва, закусіўшы лейцы, дадасць фінансавання, чарговы раз зменіць трэнера і ангажуе больш кваліфікаваных легіянераў? Ці праект пакрысе пачне згасаць ад адчаю і адсутнасці выйсця з тупіка? Хто ведае…Фота pressball.by, ФК «Шахцёр».