Спорт па нядзелях. Затрыманне чэмпіёнкі, дно футбольнай зборнай

Што цікавага адбылося ў беларускім спорце на гэтым тыдні? Адказ у традыцыйнай рубрыцы «НЧ».

1_496.jpg

Налепка на машыне?

Гэта гісторыя стала галоўнай тэмай чацвярга. Яшчэ раніцай СМІ паведамілі пра затрыманне Аляксандры Раманоўскай — чэмпіёнкі свету па фрыстайле і лепшай спартсменкі Беларусі-2019.

Затрыманне адбылося напярэдадні, калі дзяўчына скончыла трэніроўку, і яшчэ доўга супольнасць толькі здагадвалася, што ж стала да таго нагодай. Меркавалася, што «лыжную акрабатку» забралі за «непадпарадкаванне», аднак такое цяжка сабе ўявіць у адносінах да абаяльнай Аляксандры, таму гэткія чуткі толькі дадавалі туману.

Зрэшты, хутка стала вядома, што Раманоўскай інкрымінавалі ці не самы папулярны адміністрацыйны артыкул 24.23 — коратка кажучы, «несанкцынаванае мерапрыемства». І тут усё стала на свае месцы — бо яшчэ раней пайшла гаворка пра налепку з «Пагоняй» на машыне спартсменкі, якая патрапіла на вочы міліцыі.

У рэшце рэшт суд пакараў 25-гадовую беларуску штрафам у 2610 рублёў, яна выйшла на волю і адразу ж выклала ў сацсетках удзячнасці пост: «Людзі, якія ж вы цудоўныя! Дзякуй усім вялікі за падтрымку і спагадлівасць! Усім адкажу, усіх абдымаю і люблю».

Уласна, прыгавор суда абнуляе тую ходкую версію, што Аляксандры Раманоўскай вырашылі адпомсціць за леташнюю прынцыповую грамадзянскую пазіцыю. Было б так, то штрафам справа яўна не абмежавалася б. Таму, выглядае, што «ў замес» дзяўчына патрапіла выпадкова — з той самай «Пагоняй» — і пры затрыманні сілавікі нават не ведалі, што перад імі знакамітая фрыстайлістка.

romanovskaya_sud_2021_1.jpg

Між тым гэтае здарэнне дае нам падставу крыху распавесці пра сённяшнія справы Аляксандры. Яна сапраўды трэніруецца, прычым побач з колішнімі партнёрамі па беларускай зборнай. Нягледзячы на лютаўскае звальненне, дзяўчына мае магчымасць займацца любімай справай, і цяпер ёй гэта вельмі патрэбна. Не толькі маральна, але і фізічна — чэмпіёнка свету працягвае аднаўляцца пасля цяжкай траўмы калена.

Менавіта найперш праз тую траўму ўдзел Аляксандры Раманоўскай у Алімпіядзе-2022 выключаны. Гэта было вядома і раней, а што невядома дагэтуль — дзе і калі дзяўчына працягне кар’еру. Пакуль сітуацыя выглядае патавай: з’язджаць з Беларусі спартсменка не хоча, а тут ад яе паслуг вырашылі адмовіцца.

Пагроза для БАТЭ?

Хакей у гэтыя дні таксама даваў інфармацыйныя нагоды. Вось зборная адправілася на таварыскі турнір у Славенію — і ужо гуляе там, і месцамі нядрэнна. Вось галоўны трэнер Крэйг Вудкрафт, які застаўся ў Мінску праз усё той жа таямнічы вірус. Вось у зборнай з’явіліся новыя твары — адразу пяцёра расіян, якім, выглядае, хутка дадуць па традыцыі беларускія пашпарты. Вось адзін з гэтых неафітаў — нападаючы Раман Гарбуноў з Ніжнегародскай вобласці — нават стаў капітанам, што кепска спалучаецца з сусветным вопытам ды ўвогуле з логікай.

Пра гэта ўсё на тыдні спартыўная супольнасць шмат пісала-разважала, аднак убудоўвацца ў агульны трэнд мы не будзем. Лепей засяродзім увагу на іншай падзеі, што патрапіла з медыя.

Федэрацыя хакея Беларусі (ФХБ) падпісала дамову аб супрацоўніцтве з Мінскім трактарным заводам (МТЗ). Прадпрыемства стане партнёрам федэрацыі па развіцці дзіцяча-юнацкага хакея. Перакладаючы з афіцыйнай мовы на простую — будзе спансаваць пэўныя праекты. Пра сумы нічога невядома, але, відаць, яны немаленькія, бо хакей — мякка кажучы, не самы танны від спорта.

Ну, падпісалі і падпісалі — скажа нехта — справа добрая. Сапраўды: нічога благога ў тым няма. І тым больш нічога дзіўнага, бо розныя суб’екты гаспадарання (і з дзяржаўнага сектара, і з прыватнага) «партнёрацца» са спортам і атрымліваюць ад таго як мінімум маральныя прэферэнцыі.

2_454.jpg

Але ў выпадку з МТЗ ёсць маленькая акалічнасць. Завод ужо не першы сезон дапамагае іншаму спартыўнаму праекту — футбольнаму клубу БАТЭ. І дапамагае адчувальна — кажуць, штогод дае барысаўчанам некалькі соцень тысяч долараў. Ці пацягне трактарны Балівар дваіх — вось у чым пытанне. Альбо падаўжэнне камерцыйных адносін з БАТЭ цяпер не зусім відавочнае?

Тут варта адзначыць, што фінансавыя магчымасці футбольнага Барысава ўжо не тыя. Раней клубны бюджэт шчодра напаўнялі прызавыя ад УЕФА за годныя вынікі ў еўракубках. Можна было шыкаваць, не надта думаючы аб спонсарскай падтрымцы. Аднак тыя часы сышлі. Поспехаў на міжнароднай арэне БАТЭ ўжо не мае, адпаведна вычарпаліся ранейшыя крыніцы фінансавання. І цяпер якраз дзяржаўная падтрымка стала закладам прыстойнага існавання колішняга клуба-флагмана. І кантракт з МТЗ у структуры гэтых даходаў — ці не самы буйны. Пазбавіцца яго — гэта будзе моцны ўдар па камандзе, якая некалі здабывала славу беларускаму футболу.

Што ж, застаецца спадзявацца, да гэтага не дойдзе.

Апошняе месца

3_408.jpg

Футбольная зборная Беларусі скончыла чарговы адборачны цыкл. І зноў няўдала — на апошнім месцы ў сваёй кваліфікацыйнай групе. З «вялікай будучыняй», якая чакае каманду, прыйдзецца пачакаць.

На фінішы адбору на Чэмпіянат свету-2022 беларускія футбалісты згулялі на выездзе з Уэльсам. Ну як згулялі — прайгралі без варыянтаў з разгромным лікам 1:5. Першы гол прапусцілі ўжо на 3-й хвіліне, і на тым можна было тушыць святло. «Каментаваць, па вялікім рахунку, няма чаго…» — шчыра сказаў пасля матчу галоўны трэнер Георгій Кандрацьеў.

Цяпер у стужках навін спартыўных медыя зборная Беларусі па футболе стракаціць, бадай, у жанры хорар. Што ні загаловак, то маленькі апакаліпсіс. «Пацярпелі восьмую паразу запар»… «З агульным лікам 4:24»… «Занялі апошняе месца ў адборачнай групе»…

Ну, што маем — тое маем. Паглыбляцца ў тэму не будзем, бо і так усё зразумела. Той жа Кандрацьеў некалі казаў: Беларусь — не футбольная краіна.  Засталося вызначыць, хто ж зрабіў яе такой адчайна не футбольнай.Фота pressball.by, abw.by, getty images, БФСС.