Справу пасля смерці Вітольда Ашурка так і не завялі, родным перасталі адказваць на пытанні
Актывісту з Бярозаўкі Вітольду Ашурку 13 кастрычніка споўніўся б 51 год. Амаль пяць месяцаў таму стала вядома, што ён памёр у шклоўскай калоніі пры нявысветленых абставінах. Крымінальнай справы па факце яго смерці дагэтуль няма, піша «Радыё Свабода».
Як расказаў брат Вітольда Андрэй Ашурак, родныя дагэтуль не ведаюць, чаму памёр Вітольд. Сям’і не перадалі вынікаў экспертызы з прычынамі смерці палітвязня, не выдалі заключэння з указанай прычынай смерці. Родным не расказваюць, як ідзе праверка па факце смерці зняволенага ў калоніі.
Да таго ж у калоніі знікла частка асабістых рэчаў Вітольда, у прыватнасці, турэмны дзённік, пра які ён неаднаразова пісаў у лістах. Аднак кіраўніцтва шклоўскай калоніі не паведамляе родным, як яны шукаюць зніклыя рэчы вязня.
Усе гэтыя пытанні Андрэй Ашурак даслаў пісьмова начальніку ўпраўлення Следчага камітэту па Магілёўскай вобласці Уладзіміру Шалухіну 27 верасня. Чакае адказу.
«Інфармацыі нуль. Следчы не падымае трубку з пятага жніўня», — кажа Андрэй Ашурак.
5 жніўня ён праз тэлефон задаў следчаму гэтыя вострыя, на яго думку, пытанні, пасля чаго той зусім перастаў адказваць на штодзённыя тэлефанаванні, а потым нібыта сышоў надоўга ў адпачынак.
Маці Вітольда, 83-гадовая Алена Міронаўна, вельмі схуднела пасля смерці сына. Кажа, што праз моцны стрэс не можа есці, аднак прымушае сябе сілком. Часта наведвае магілу сына на могілках. Апошні раз яна бачылася з Вітольдам у жніўні 2020 года. Яе не пусцілі на закрытае паседжанне суда. На спатканні з сынам у турме яна не ездзіла праз слабое здароўе.
«Далі пяць гадоў, хай бы сядзеў. Ну яшчэ пяць дайце! Навошта было забіваць? Шкадую, што паміраў адзін у чужых людзях, у такім болі. Не было побач нікога з блізкіх людзей, хто б пашкадаваў, прытуліў яго перад смерцю. Але што цяпер паробіш? Думаю, такая была Божая воля. Ён сам абраў гэты шлях. Я да самай смерці буду плакаць», — кажа маці.
21 траўня 2021 года жонцы Вітольда Ашурка Вользе пазванілі са шклоўскай калоніі і паведамілі пра смерць мужа праз «спыненне сэрца». Цела вязня аддалі толькі праз пяць дзён. Галава Вітольда была забінтаваная «ад макаўкі да носу». Супрацоўніца моргу, са словаў сваякоў, выглядала напужанай і сказала, што нібыта галаву ўдарылі, калі даставалі цела з лядоўні.
Увечары таго ж дня з'явілася відэа Следчага камітэту з кадрамі нібыта са штрафнога ізалятара шклоўскай калоніі, на якіх чалавек, падобны да Вітольда, ледзь стаіць на нагах, хістаецца, а потым некалькі разоў падае і ўдараецца тварам аб сцяну.
Вітольда Ашурка пахавалі на бярозаўскіх могілках пад бел-чырвона-белым сцягам.