Спынім «мяккую русіфікацыю» разам!

З «мяккай русіфікацыяй» мы сустракаемся кожны дзень, і перамагчы яе мы зможам толькі разам, аб’яднаўшы ўсе нашы магчымасці і веды дзеля адной мэты — спынення дыскрымінацыі беларускамоўных беларусаў па прыкмеце мовы.

sluczak_nahornaja_2_logo.jpg

Калі казаць проста — каб мы і вы, кожны мог камфортна карыстацца роднай беларускай мовай ва ўсіх сферах жыцця, не прыкладаючы дадатковых намаганняў, без стрэсу і абразаў, без канфліктных сітуацый і непаразуменняў з боку чыноўнікаў і ўсіх тых, хто па родзе сваёй дзейнасці аказвае нам паслугі.

Як «мяккая русіфікацыя» пранікла ва ўсе сферы сённяшняга жыцця, у першую чаргу ў сферу дзяржаўнага кіравання і найярчэй праявіла сябе ў справаводстве? Сёння можна казаць, што выкарыстанне беларускай мовы ў справаводстве з’яўляецца хутчэй выключэннем, чым правілам. Збольшага беларуская мова выкарыстоўваецца там, дзе гэта з нейкіх прычын склалася традыцыйна: у кадравым справаводстве выканкамаў, Саветаў дэпутатаў ці пры афармленні ў дзяржаўных установах дакументаў на ўзнагароджанне. Як правіла, па-беларуску афармляюцца дакументы, звязаныя з выбарамі. Па-беларуску могуць выдавацца дакументы ЗАГС ці нават быць праведзена ўрачыстая рэгістрацыя шлюбу.

У Міністэрстве сувязі і інфармацыі па-беларуску складаюцца толькі камандзіровачныя дакументы і дакументы аб узнагароджванні. Міністэрства юстыцыі паведамляе, што працэнт беларускамоўных дакументаў у іх невялікі, але вядзецца работа па яго павелічэнні. Толькі 0,9% займае справаводства па-беларуску ў Дзяржаўным камітэце па стандартызацыі. У Дзяржаўным камітэце па маёмасці беларускамоўнага справаводства няма наогул. Паводле звестак Дзяржаўнага мытнага камітэта, справаводства па-беларуску ў камітэце прадстаўлена мінімальна. Міністэрства па падатках і зборах паведаміла, што 65 міжнародных пагадненняў было прынята па-беларуску. Крыху лепш сітуацыя выглядае ў Нацыянальным статыстычным камітэце — яго пастановы выдаюцца па-беларуску, а 84% форм дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці таксама складзеныя на беларускай мове. Па звестках Дзяржаўнага памежнага камітэта, яго міжнародныя дамовы складаюцца выключна па-беларуску. У Савеце Міністраў 13% яго пастаноў прымаюцца на беларускай мове, таксама па-беларуску прымаецца 64% распараджэнняў прэм’ер-міністра Беларусі.

Іншыя, не пералічаныя вышэй міністэрствы і дзяржаўныя камітэты інфармацыю пра выкарыстанне беларускай мовы ў справаводстве нам прадставіць адмовіліся, што дае падставы меркаваць пра абсалютную адсутнасць у іх справаводстве беларускай мовы. Напрыклад, супрацоўнік Пастаўскага вайсковага камісарыяту беспадстаўна паведаміў, што беларуская мова непрыдатная для стварэння сакрэтных вайсковых дакументаў.

Толькі разам мы зможам выправіць гэту ганебную сітуацыю не толькі ў справаводстве, але і ва ўсёй Беларусі. Сачыце за нашай калонкай, паведамляйце нам на электронную скрыню umovymovy@gmail.com пра парушэнні моўных правоў або пра вашы дасягненні ў прасоўванні беларускай мовы.

Янка Купала казаў: «Пакуль жыве мова, жыве народ». Таму не будзем памяркоўнымі, бо памяркоўнасць — гэта шлях да дэградацыі і знішчэння. Абаронім і захаваем родную беларускую мову разам!

У гэтай калонцы мы ў кожным нумары будзем распавядаць, што ж сапраўды адбылося з беларускай мовай за тыдзень, дзе яе стала болей, дзе меней, каму падзякаваць, а каму выказаць сваю ганьбу. Тут будуць факты і аналітыка, карысныя парады і метады, як пашыраць беларускую мову кожны дзень сваімі сіламі. Мы верым, што гэтая калонка будзе запатрабаваная вамі, але і кожны з вас зможа ўплываць на яе змест.

Дасылайце на электронную скрыню umovymovy@gmail.com пытанні, датычныя беларускай мовы і моўных правоў, якія вас хвалююць, прыклады з жыцця, дзе вашы правы былі парушаныя, або гісторыі поспеху, дзе вы дамагліся, каб беларускай мовы стала болей. Мы будзем апрацоўваць вашы лісты — і самыя цікавыя прыклады абавязкова з’явяцца ў нашай калонцы, каб кожны ведаў, што ад яго словаў і справаў залежыць, ці будзе жыць, пашырацца і ўжывацца беларуская мова.

Аўтары калонкі — Ігар Случак, юрыст, магістр юрыдычных навук (абараніў дыпломную работу па тэме «Канстытуцыйна-прававыя асновы дзяржаўнага білінгвізму» і магістарскую дысертацыю па тэме «Рэалізацыя дзяржаўнай моўнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь») і Аліна Нагорная, паліттэхнолаг, аўтарка дапаможніка па абароне моўных правоў «Абаронім мову!».

Беларускую мову — у беларускі футбол!

Нядаўна гульнямі за Кубак Беларусі распачаўся новы футбольны сезон. Нельга абмінуць увагай выкарыстанне беларускай мовы ў футболе.

Трэба адзначыць, што футбол — самы адносна беларускамоўны від спорту ў Беларусі. Наогул, сфера футболу апошнія гады няспынна пашырае выкарыстанне беларускай мовы. Але так было не заўжды — яшчэ некалькі гадоў таму беларуская мова ў беларускім футболе ўжывалася катастрафічна мала. Да прыкладу, у Вышэйшай лізе ўсе каманды пісалі на гульнявой форме гульцоў іх прозвішчы на рускай мове. А ў сезоне 2018 года 12 з 16-ці камандаў пісалі прозвішчы сваіх гульцоў на форме па-беларуску. Колькі іх будзе ў рэгулярным чэмпіянаце–2019 мы хутка даведаемся, бо ён пачынаецца праз пару тыдняў.

Фота ФК "Крумкачы"

Фота ФК "Крумкачы"

Пашырэнне ўжывання беларускай мовы ў футболе адбылося не само сабою: клубам была паказана запатрабаванасць. Напачатку 2010-х гадоў беларускія фанаты цалкам адмовіліся ад «рускамірскай» ці «імперскай» ідэалогіі і перайшлі да беларускай ідэі і культуры, асновай якой справядліва і лагічна з’яўляецца беларуская мова. Мова з’явілася на стадыёнах, у першую чаргу на банэрах, як і гістарычная сімволіка — як нацыянальная, так і рэгіянальная. Да прыкладу, у Гомелі ганаровае месца ў фанатаў мае гістарычны гарадскі герб — белы крыж на чырвоным полі, што суседнічае з афіцыйным гербам — жоўтай рыссю на блакітным полі, які прыйшоў з часоў акупацыі Беларусі Расійскай імперыяй.

Толькі вось адміністрацыі клубаў не заўжды спяшаліся падтрымліваць сваіх фанатаў і заўзятараў у іх жаданні больш бачыць і чуць беларускую мову на стадыёнах. Разумеючы гэта, наша ініцыятыва «Умовы для мовы» вырашыла падтрымаць попыт грамадства на нацыянальную мову афіцыйнымі запытамі ў клубы з прапановай больш ужываць беларускую мову ў жыцці камандаў. І гэтыя запыты, як мы бачым зараз, мелі свой станоўчы эфект.

Фота www.pressball.by

Фота www.pressball.by

Калі мы выдавалі дапаможнік па абароне моўных правоў «Абаронім мову!», то змясцілі ў ім зварот да футбольных клубаў. А паколькі яшчэ не ўсе клубы спынілі дыскрымінацыю беларускамоўных фанатаў і заўзятараў па моўнай прыкмеце, мы прыводзім гэты зварот тут — дасылайце яго ў спартовыя клубы, прыхільнікамі якіх вы з’яўляецеся, пашырайце беларускую мову. І яе абавязкова стане больш! Атрымалася ў нас, атрымаецца і ў вас. Галоўнае — праяўляць актыўнасць і паказваць, што беларуская мова вам патрэбная.

А афіцыйны зварот — найбольш просты і эфектыўны спосаб гэта зрабіць.

Перыядычна ў гэтай калонцы мы будзем змяшчаць і іншыя прыклады зваротаў з нашага дапаможніка «Абаронім мову!». Давайце разам зробім, каб ужыванне беларускай мовы пашыралася ва ўсіх сферах нашага жыцця.

bate_1.jpg



Прыклад звароту да спартовага клуба выглядае так:


Назва месца, куды падаецца зварот.

Адрас, куды падаецца зварот.

Імя, імя па бацьку, прозвішча таго, хто падае зварот.

Адрас таго, хто падае зварот.

Несумнеўна, спорт мае прамы ўплыў на фармаванне патрыятычнага характару, любові да Беларусі і родных мясцін. Спорт гуртуе народ. А ў Беларусі гэты народ — беларусы, і мова гэтага народу — беларуская.

Прапаную вам зрабіць у новым сезоне наступныя захады:

— Прозвішчы гульцоў на іх спартыўнай форме пісаць па-беларуску.

— Гукавое і візуальнае суправаджэнне падчас правядзення матчаў праводзіць па-беларуску.

— Пасляматчавыя прэс-канферэнцыі праводзіць па-беларуску.

— Праграмы, афішы і іншую прадукцыю вырабляць з выкарыстаннем беларускай мовы.

— У стасунках з прэсай выкарыстоўваць беларускую мову.

— Зрабіць беларускамоўную версію вашага афіцыйнага сайта.

Подпіс таго, хто падае зварот.

Фота www.football.by

Фота www.football.by

Да тэмы беларускай мовы ў футболе і спорце мы яшчэ будзем вяртацца. Ужо неўзабаве мы паведамім вам вынікі народнага галасавання «Самы беларускамоўны футбольны клуб–2018». Галасаванне падтрыманае афіцыйнымі старонкамі ў сацсетках усіх вядучых беларускіх клубаў і Федэрацыі футболу Беларусі.

Нагадваем, што на скрыню umovymovy@gmail.com вы можаце даслаць пытанні да аўтараў калонкі, свае пажаданні і прапановы, а таксама цікавыя гісторыі, звязаныя з выкарыстаннем беларускай мовы ў Беларусі і ваш вопыт абароны сваіх моўных правоў.