Суд адхіліў скаргу адваката, які бараніў Бабарыку і Знака. Пыльчанку выключылі з калегіі адвакатаў

Суд Маскоўскага раёна Мінска адхіліў скаргу Яўгена Пыльчанкі на рашэнне аб выключэнні яго з калегіі адвакатаў

evgenij_pylchenko.jpg

У Беларусі працягваецца ціск на адвакатаў. У дачыненні да нязгодных «змірыцца» судовая машына працягвае ўжываць свой адзін з самых «балючых» прыёмаў — пазбаўленне адвакацкага статусу. Галоўным чынам гаворка ідзе пра адвакатаў, якія абаранялі палітвязняў. 12 сакавіка суд Маскоўскага раёна Мінска адхіліў скаргу Яўгена Пыльчанкі — адваката кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Віктара Бабарыкі, Максіма Знака і Святланы Купрэевай — сяброўкі сям'і Віктара Бабарыкі, дачкі беларускага паэта Міколы Купрэева.

Яшчэ 20 кастрычніка 2021 года загадам міністра юстыцыі ў дачыненні да Яўгена Пыльчанкі была распачатая дысцыплінарная вытворчасць, адваката адхілілі ад працы, а 28 кастрычніка выключылі з калегіі.

Па сутнасці, усе прэтэнзіі Мінюста да адваката былі звязаныя з яго прафесійнай дзейнасцю па «справе "Белгазпрамбанка"». Пры гэтым усе яны, як адзначае сам Пыльчанка, надуманыя і беспадстаўныя.

«Першая прэтэнзія палягала ў тым, што я падчас суда над Віктарам Бабарыкам у судовых спрэчках (на стадыі рэплік) даў ацэнку выступам іншых адвакатаў. Другая — у тым, што я абараняў адначасова Віктара Бабарыку і Святлану Купрэеву. Нібы ў іх быў канфлікт інтарэсаў. Насамрэч ніякіх супярэчнасцей, нават фармальных, не было. І абодва кліенты ўхвалілі гэтую адначасовую абарону. Тым не менш, з КДБ прыйшоў ліст пра тое, што канфлікт інтарэсаў усё ж ёсць. Ліст без падстаў і доказаў, без прадстаўлення дакументаў… У выніку дысцыплінарная камісія паверыла не мне, а КДБ, вырашыўшы, што я парушыў прафесійную этыку», — каментаваў усю гэту гісторыю адвакат журналістам.

28 кастрычніка 2021 года па справе Яўгена Пыльчанкі адбылося пасяджэнне дысцыплінарнай камісіі Мінскай гарадской калегіі адвакатаў (далей — МГКА). Праз паўтары гадзіны 7 чалавек, якія разглядалі дысцыплінарную вытворчасць, прынялі рашэнне: «Выключыць з калегіі адвакатаў за сістэматычныя парушэнні "Закона аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці"».

«Сумна, што адвакаты выносяць такія ж неабгрунтаваныя рашэнні, як і суды»

Пыльчанка абскардзіў яго ў «Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў» (далей — БРКА).

«Сумна, што адвакаты выносяць такія ж неабгрунтаваныя рашэнні, як і суды», — пракаментаваў ён тады навіну пра сваё выключэнне з калегіі адвакатаў.

21 снежня БРКА пакінула рашэнне дысцыплінарнай камісіі МГКА ў сіле, адхіліўшы скаргу. Адвакат звярнуўся ў суд са скаргай на пастанову БРКА.

Акрамя довадаў пра неабгрунтаванасць пастановаў дысцыплінарных органаў і няправільнае ўжыванне імі заканадаўства, у сваёй скарзе Пыльчанка паказаў і на парушэнне ягоных фундаментальных правоў.

На ягоную думку, ужыванне дысцыплінарнага спагнання за выступ з рэплікамі ў судовых спрэчках — гэта абмежаванне права на свабоднае выказванне меркавання, таму ні дысцыплінарная камісія МГКА, ні савет БРКА не абгрунтавалі правамернасці такога абмежавання ў адпаведнасці з крытэрамі, вызначанымі арт. 23 Канстытуцыі і п. 3 арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэта кажа пра тое, што права Пыльчанкі на свабоднае выказванне меркавання парушана.

Яўген Пыльчанка прасіў суд Маскоўскага раёна Мінска прызнаць пастанову савета БРКА ад 21 снежня неправамернай, скасаваць яе, а таксама абавязаць савет БРКА скасаваць пастанову дысцыплінарнай камісіі МГКА аб прыцягненні яго да адказнасці.

«Пастанову камісіі МГКА пакінуць без змен, а скаргу — без задавальнення»

12 сакавіка 2022 года суддзя суда Маскоўскага раёна Мінска Паліна Анціпчук разгледзела грамадзянскую справу паводле скаргі Яўгена Пыльчанкі.

Бок БРКА на судовым пасяджэнні прадстаўляў Эдуард Панасюк, МГКА — Ірына Калугіна.

Яўген Пыльчанка настойваў, што пастанова савета БРКА ад 21 снежня з'яўляецца неправамернай і парушае яго правы, таму што, прымаючы гэтае рашэнне, савет не выявіў фактычных акалічнасцей справы, неабгрунтавана адпрэчыў яго довады аб непрымяненні норм заканадаўства і неаб'ектыўным правядзенні дысцыплінарнай працэдуры, а таксама не прыняў да ўвагі наяўныя доказы.

Суд палічыў, што супярэчнасці паміж Купрэевай і Бабарыкам усё ж ёсць, а ў якасці доказу назваў усё тую ж пастанову следчага КДБ.

Довады Пыльчанкі пра тое, што яго «несправядліва, з парушэннем прынцыпу незалежнасці адвакатуры прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці», суд таксама не падтрымаў, таму што «дысцыплінарная вытворчасць у дачыненні да Пыльчанкі была распачатая з выкананнем патрабаванняў дзейючага заканадаўства».

Аргумент адваката наконт таго, што прыцягненне да дысцыплінарнай адказнасці закранае яго права на асабістае жыццё, суд адхіліў з наступным тлумачэннем: «Гэта не ўплывае на законнасць прынятага рашэння». А довады пра парушэнне права на свабоднае выказванне меркавання суд у сваім рашэнні зусім не адлюстраваў, паказаўшы, што ўсе іншыя абгрунтаванні «не ўплываюць на выяўленыя судом акалічнасці справы, ацэнку прадстаўленых доказаў і прававую кваліфікацыю праваадносін».

У выніку суд прыйшоў да высновы, што «падчас судовага пасяджэння дакладна вызначана, што ў працэдуры разгляду Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў пастановы дысцыплінарнай камісіі Мінскай гарадской калегіі адвакатаў ад 28 кастрычніка 2021 года парушэнняў не ўгледжана».

Гэта значыць, што пастанову дысцыплінарнай камісіі МГКА суд пакінуў без змен, а скаргу Пыльчанкі — без задавальнення.