Судзяць маладзечанца, якога затрымалі ў Расіі і дэпартавалі ў Беларусь
Суд Маладзечанскага раёна 8 снежня пачаў разгляд крымінальнай справы па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса (супраціў з прымяненнем гвалту) ў дачыненні да Сяргея Непагоды, якога затрымалі ў Расіі і дэпартавалі ў Беларусь.
Гэта трэці фігурант справы за тузаніну з сілавікамі 19 чэрвеня мінулага году ў Маладзечне пасля акцыі салідарнасці, калі пратэстоўцы адбвівалі затрыманага, а амапавец дастаў пісталет. Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцягнеева асудзілі да 3 гадоў калоніі яшчэ напрыканцы верасня. Сяргей Непагода быў прызнаны падазраваным, але з'езаў за мяжу і ў судзе не ўдзельнічаў. Яго затрымалі 17 сакавіка ў Санкт-Пецярбургу, змясцілі ў расійскае СІЗА на паўгода, а калі скончыўся тэрмін утрымання пад вартай, то па прычыне парушэння міграцыйнага рэжыму выправадзілі ў Беларусь. Тут яго змясцілі пад варту на падставе распачатаў супраць яго крымінальнай справы.
Цяпер ягоную справу разглядае суддзя Аляксей Петрусевіч, а дзяржабвінавачванне падтрымлівае памочніца пракурора Юлія Жук.
Што адбылося 19 чэрвеня мінулага года ў Маладзечне і як асудзілі затрыманых?
Тады, у апошні дзень пікетаў па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты, у многіх гарадах Беларусі прайшлі акцыі салідарнасці з альтэрнатыўнымі кандыдатамі. Такая акцыя (Ланцуг салідарнасці) прайшла і ў Маладзечне. Каля дзесяці гадзін вечара на скрыжаванні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Вялікі Гасцінец да пратэсторўцаў-маладзечанцаў пад'ехаў мікрааўтобус з мінскімі амапаўцамі. Сілавікі затрымалі аднаго з удзельнікаў акцыі — Мікалая Алейніка. Некалькі чалавек падбеглі да міліцыянтаў, завязалася бойка — і сілавікі з'ехалі. Кадры тузаніны каля міліцэйскага мікрааўтобуса выклікалі вялікі рэзананс, бо на адным з відэа бачна, што ў нейкі момант у руках аднаго з амапаўцаў апынуўся пісталет.
Тады прадстаўніца МУС Вольга Чамаданава пракаментавала гэты інцыдэнт:
"Гэта баявы пісталет. Але зброю не выкарыстоўвалі і не збіраліся. Было так: падчас затрымання і валтузні кабура расшпілілася, пісталет выслізнуў з яе, амапавец яго падхапіў і адразу вярнуў назад".
За тузанану амапаўцаў і пратэстоўцаў суддзя Вікторыя Паляшчук асудзіла 29 верасня двух маладзечанцаў — Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцігнеева — да 3 гадоў і 3 месяцаў і трох гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Яны ўжо адбываюць тэрміны ў калоніях і прызнаныя праваабаронцамі палітвязнямі.
Як затрымалі Сяргея Непагоду?
41-гадовага маладзечанца Сяргея Непагоду затрымалі 17 сакавіка гэтага года ў інтэрнаце ў пасёлку Металабуд на ўскраіне Пецярбурга, дзе жыў беларус. МУС Беларусі сцвярджаў, што маладзечанец з'ехаў у Расію летам мінулага года, каб схавацца ад крымінальнага пераследу "пасля групавога нападу на АМАП".
Сяргея паўгода трымалі ў адным з СІЗА Санкт-Пецярбургу. 16 верасня ён павінен быў выйсці на свабоду, бо скончыўся тэрмін яго ўтрымання пад вартай. Але ў гэты ж дзень ён быў паўторна затрыманы за парушэнне міграцыйнага рэжыму (арт. 18.8 КаАП РФ). 18 верасня Колпінскі суд прыняў рашэнне аб яго прымусовым выправаджэнні ў Беларусь. У хуткім часе яго даставілі ў Беларусь менавіта па адміністрацыйным артыкуле, а не па запыце беларускіх сілавікоў.
У Беларусі яго змясцілі ў СІЗА на падставе распачатай супраць яго крымінальнай справы па ч. 2 арт. 363 КК (супраціў з прымяненнем гвалту).
Як судзяць маладзечанца?
Пацярпелымі на судзе над Пясковым і Еўсцігнеева выступілі супрацоўнікі АМАПа Мінаблвыканкама Вячаслаў Якавенка і Яўген Баранаў (камандзір атрада). З-за атрыманых падчас валтузні пашкоджанняў — некалькі драпін на руцэ і калене — амапаўцы не страцілі працаздольнасць і не знаходзіліся на лячэнні.
У першы дзень суда не з'явіліся сведкі, таму працяг суда адбудзецца 14 снежня.
Паводле spring96.org