Зварот супраць прызначэння расійскага мітрапаліта Паўла галавою БПЦ

У звароце да нацыі больш за 40 прадстаўнікоў беларускай грамадскасці выказаліся супраць прызначэння расійскага мітрапаліта Паўла галавою БПЦ.



mitrapalit_pavel.jpg

У звароце адзначаецца, што Масква прыслала ў Беларусь новага патрыяршага экзарха  — былога расійскага мітрапаліта Разанскага і Міхайлаўскага Паўла (Панамарова), цалкам праігнараваўшы інтарэсы народа, Беларускай праваслаўнай царквы і нават кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь, якія хацелі мець свайго мітрапаліта з беларускага кліру.
Аўтары звароту звязваюць прызначэнне новага галоўнага русіфікатара мітрапаліта Паўла з расійскім крэдытам.
“Экзарх Павал не з’яўляецца грамадзянінам Беларусі і не валодае нацыянальнай мовай, што груба парушае беларускае заканадаўства. Але чаго не зробіш дзеля уратавання улады.

Выглядае здзекам з беларускага народу — ахвярай Чарнобылю — прызначэнне галоўным духоўным акармляльнікам для праваслаўных беларусаў саноўнага святара, які адзначыўся наступным цынічным выказваннем: “В Росии сейчас существует огромное количество средств массового уничтожения, у нас есть и атомное, и бактериологическое оружие. Когда наш народ будут загонять в угол, нам ничего не останется, как открыть краник чернобыльский”.


Абурае, што высокі царкоўны іерарх, які павінен займацца духоўным лекаваннем і ратаваць душы людскія праз хрысціянскія дагматы любові і ўсёдаравання грахоў, прыбягае да аргументаў зброі і сілы.

Насцярожвае і тое, што высокі царкоўны іерарх выказваецца не як духоўная асоба, а як палітык, і гэтая відавочная тэндэнцыя на зрошчванне царквы і дзяржавы нівелюе статус царквы, як духоўнага інстытута ў грамадстве, і ператварае яе ў палітаддзел дзяржаўнага апарату.


Цяпер мы мо й пазбегнем дэфолту, але за кошт духоўнага рабства, дэнацыяналізацыі Беларусі, страты нашага суверэнітэту і нацыянальнай адметнасці – мовы, культуры, сапраўднай гісторыі і сваёй царкоўнай архітэктуры”, — гаворыцца ў звароце. .

Ягоныя аўтары адзначаюць, што Руская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату была і застаецца імперска-шавіністычнай і антыбеларускай па сваёй сутнасці, не мае ні маральнага, ні юрыдычнага, ні кананічнага права дзейнічаць на тэрыторыі Беларусі.


Стан РПЦ далёкі ад ідэалу (пра гэта сьведчаць, напрыклад, выказванні прафесара Маскоўскай духоўнай акадэміі, пратадыякана Андрэя Кураева, факты карупцыі, гомасексуалізму ў манастырах, акадэміях і семінарыях, звышраскоша ва ўбранстве і побыце высокіх іерархаў і святароў). Усё гэта выклікае адток ад РПЦ вернікаў, якія пераходзяць у іншыя канфесіі.

У храмах Беларусі падчас набажэнстваў, пры правядзенні таямніцаў хросту, сповядзі, пахавання, у нядзельнай школцы не гучыць беларуская мова — і гэта сімптомы духоўнай катастрофы нацыі.


РПЦ дзейнічае ў Беларусі, як рабілі гэта расійцы з 1793 году паводле ўказу Кацярыны II па “Новым землям Литовским”: “…Великое княжество Литовское впредь именовать только Белой Русью, а народ её белорусами, чем на века привяжем её к России. Замирить Белую Русь силой невозможно. Эту миссию мы возложим на русского чиновника, русского учителя и русского попа. Именно они отнимут у белорусов не только их язык, но и саму память про самих себя…”.

Падпісанты звароту выказваюць пратэст супраць прызначэння расійскага мітрапаліта галавою БПЦ без уліку інтарэсаў беларускай нацыі, бо такое чарговае навязванне высокага іерарха з РПЦ пярэчыць адносінам брацтва, роўнасці, павагі і ўзаемадаверу двух суседніх народаў Беларусі і Расіі.


Сярод падпісантаў звароту айцы Вікенці Кавалькоў і Леанід Акаловіч, мастакі Генадзь Драздоў, Аляксей Марачкін і Алесь Цыркуноў, гісторык Ігар Кузняцоў, мовазнаўца Лявон Баршчэўскі, паэт Георгі Ліхтаровіч, журналіст Аляксандр Тамковіч, грамадскія актывісты Мікола Бамбіза, Алесь Макаеў і Ніна Багінская, а таксама архіепіскап Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Святаслаў.