Сведка канфлікту на «плошчы Перамен»: «Нападнікаў было каля дзесяці»

Жыхар аднаго з дамоў на «плошчы Перамен» у Мінску расказаў «Свабодзе», як пачынаўся канфлікт, у выніку якога 31-гадовы жыхар Раман Бандарэнка трапіў у шпіталь у крытычным стане.

4729d825_213c_432a_8a58_00674ca93e52_cx0_cy19_cw0_w1023_r1_s.jpg


Позна ўвечары 11 лістапада на «плошчы Перамен» (двары на вуліцы Чарвякова) адбыўся канфлікт паміж невядомымі ў цывільным і мясцовымі жыхарамі. У выніку адзін з жыхароў трапіў у шпіталь у крытычным стане. Яго завуць Раман Бандарэнка, яму 31 год, раней служыў ва ўнутраных войсках, у частцы 3214.

  

Сведка канфлікту з удзелам Рамана расказаў Свабодзе, як развіваліся падзеі тым вечарам.

«Я жыву ў доме на „плошчы Перамен“, вокны выходзяць акурат туды, — кажа суразмоўца. — Вечарам учора, недзе ў раёне 22.30, жонка пайшла ўкладваць дзяцей. А я пайшоў купіць цыгарэтаў. І калі ішоў назад, то пачуў нейкі шум на пляцоўцы. Зразумеў, што да чаго, бо там такое не раз бывала. Падышоў паглядзець, што робіцца. Там было чалавек дзесяць, якія абразалі стужкі. Падышоў да іх яшчэ бліжэй. Там ужо дастаткова людзей сабралася, 8–10. Я стаяў ззаду за Раманам. Да нас адвярнуўся адзін з тых, хто зразаў стужкі, і загадаў ісці дадому. (Сведка мяркуе, што пазнаў у гэтым чалавеку аднаго з набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі спартовых функцыянераў. — РС.) Ён быў у масцы, але па брывах, па вачах вельмі падобны. Мы пачалі спрачацца на словах. Ён гаварыў, што чысціць горад, прыбірае яго ад смецця».

Далей сведка расказвае, што параіў гэтаму чалавеку прыбіраць ля свайго дому, а не тут. Іх спрэчка паступова перарасла ў канфлікт.

 

dfe4968d_9f24_4428_81f9_0c48caecee29_w650_r0_s.jpg

 

Перфоманс у двары на вуліцы Чарвякова, «плошчы Перамен». Верасень 2020

«Раман стаяў побач са мной, — кажа суразмоўца. — У нейкі момант да нас падышоў такі моцны, таксама ў масцы. Мае рукі ў кішэнях былі, Раман стаяў, абапёршыся аб арэлі. Я абсалютна цвярозы быў, толькі з працы прыехаў за рулём. І вось падыходзіць да нас гэты ціхар і пытае, ці мы яму пагражаем. Раман адказаў, што не. Ціхар пайшоў у мой бок, мы пачалі спрачацца. Я адыходзіў спінай уперад. Ён штурхануў мяне, паспрабаваў замахнуцца, ударыць, хапаць мяне. Я ўпаў на турнік, тэлефон выпаў з рук. Падабраў яго, пачаў уцякаць. Уцякаў дварамі, яны гналіся за мной нейкі час. Калі я абышоў раён кругам і падняўся наверх дадому, то далей назіраў адтуль».

Сведка кажа, што ніякай хуткай у двары не было, медыкі да ад’езду «ціхароў» не прыязджалі. Прыязджала толькі міліцыя, аднак хутка з’ехала, нічога не зрабіўшы. Невядомыя ў той час працягвалі зразаць стужкі.

«Жонка назірала за канфліктам з балкона, пазваніла мне, — кажа сведка. — Яна думала, што я ўжо ў бусіку. Сказала, што забралі дваіх. Аднаго адпусцілі, а другога забралі. Атрымліваецца, гэта быў Раман. Невядомыя ў масках яшчэ працягвалі зразаць стужкі. Зрэзалі. Потым яны ўсе сабраліся ў кучу, падмалявалі мурал, сталі на яго фоне і зрабілі селфі. А пасля з’ехалі на мікрааўтобусах. Гэта было ўжо ў раёне 23 гадзіны».

Суразмоўца кажа, што яшчэ нейкі час назіраў за падазронымі мікрааўтобусамі, яны стаялі побач з іх раёнам. Аднак праз нейкі час усе аўтамабілі з’ехалі.

 

Скончыў Акадэмію мастацтваў, служыў у спецназе, быў дырэктарам крамы

«Наша Ніва» пагаварыла са стрыечнай сястрой Рамана. Паводле яе, Раман быў асцярожным чалавекам, на маршы не выходзіў: «Мне казаў, што ведае, што могуць з ім зрабіць, калі затрымаюць, бо ён служыў у спецназе — частцы 3214 унутраных войскаў».

Раман адслужыў у спецназе ўжо пасля Акадэміі мастацтваў.

Працаваў апошнім часам дырэктарам адной з крамаў «Востраў чысціні». Ён прыйшоў туды ўвогуле адміністратарам, паступова дарос да дырэктара, распавяла яго сястра.

 

Афіцыйная версія міліцыі: Рамана знайшлі ў непрытомным стане і выклікалі «хуткую»​

ГУУС Мінгарвыканкаму сцвярджае, што праваахоўнікі з’явіліся на месцы ўжо пасля здарэння.

«Учора каля 22:30 у міліцыю паступіла паведамленне пра тое, што ў двары дому на вуліцы Чарвякова ў Мінску б’юцца невядомыя. Пры выбыцці супрацоўнікі міліцыі знайшлі 31-гадовага грамадзяніна з цялеснымі пашкоджаннямі. У далейшым праваахоўнікі выклікалі яму хуткую дапамогу», — напісаў ГУУС Мінгарвыканкаму і дадаў наступны абзац з двума клічнікамі.

«МУС канстатуе: некаторыя грамадзяне з мэтай давядзення да навакольных сваёй асабістай думкі датычна сваёй палітычнай пазіцыі вывешваюць, малююць, наклейваюць несанкцыянаваную сімволіку на фасадах будынкаў, гарадскіх канструкцыях, асабістых аўтамабілях і да таго падобнае. Іншыя неабыякавыя грамадзяне спрабуюць аднавіць парадак і не дапускаць парушэнняў правілаў добраўпарадкавання. З наступствамі гэткіх канфліктаў, часам даволі сумнымі, разбіраецца МУС».