Сын затрыманай Ларысы Шчыраковай — усё яшчэ ў прытулку. Сваякі чакаюць яго бацьку з Сібіры

Сын затрыманай былой журналісткі Ларысы Шчыраковай цяпер знаходзіцца за паўтара кіламетра ад дома, дзе хлопец жыў з маці.

shchyrakova_4.jpg

Трэція суткі былую журналістку Ларысу Шчыракову ўтрымліваюць у гомельскім ІЧУ, а яе непаўнагадовага сына Святаслава — у сацыяльна-педагагічным цэнтры ў пасёлку Бярозкі Гомельскага раёна. Гэта нейкіх паўтара кіламетра ад дома, дзе падлетак жыў з маці.

У ізалятары не прынялі перадачу для Ларысы ад сваякоў. Відавочна, у бліжэйшы час (можа, нават сёння) яе перавядуць у СІЗА-3 на вуліцу Кніжную.

Сваякі дагэтуль не ведаюць, за што затрымалі Ларысу, разлучыўшы з сынам. Распавядаюць толькі, што ў прыватным доме, дзе жыве жанчына, сілавікі ўвечары 6 снежня ўчынілі ператрус, які можна прыраўняць да пагрому. Перавярнулі ўсё не толькі ў хаце — вобшук рабілі ў лазні, у аўтамабілі. Нейкіх актаў вынятку сваякі пакуль не бачылі.

На здымку – адзін з пакояў пасля ператрусу

На здымку – адзін з пакояў пасля ператрусу

Адваката Ларысе Шчыраковай яшчэ не наймалі. Мінулы дзень пайшоў на тое, каб забраць маці-пенсіянерку з бальніцы, пасля кавіду яна працяглы час хварэе і не можа зараз хадзіць без дапамогі.

Сваякам Ларысы ўдалося звязацца з бацькам Святаслава, які даўно жыве ў расійскім Новасібірску. Ён першы, каго сацыяльныя службы бачаць апекуном падлетка.

Ларыса вельмі пераймаецца лёсам сына і яго вучобай у дзясятым класе. Пра гэта адкрыта пісала ў Facebook, казала, што сыну патрэбна дапамога, асабліва па матэматыцы і хіміі. Англійскую мову маці сама кантралявала, а без яе ў сына, хутчэй за ўсё, таксама будуць складанасці з прадметам.

Перадапошні ператрус дома ў Ларысы Шчыраковай быў год таму. Зрабілі яго супрацоўнікі ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Яны прыйшлі ў прыватны дом журналісткі ў 7.15 раніцы. У выніку ў Шчыраковай забралі тэлефон, фота- і відэаабсталяванне, накапляльнікі інфармацыі (вінчэстары, флэшкі).

Потым Ларысу дапыталі ва ўпраўленні ДФР. Яна адмовілася сведчыць супраць сябе, карыстаючыся артыкулам 27 Канстытуцыі. Падрабязнасці справы, у межах якой адбыўся вобшук, не паведамляла, бо вусна была папярэджана пра крымінальную адказнасць за разгалошванне матэрыялаў следства. Тады ж супрацоўнікі рэгіянальнага УДФР правялі ператрусы ў некалькіх грамадскіх актывістаў не толькі Гомеля, але і Рэчыцы, Калінкавічаў, Мазыра.

Раней Ларыса Шчыракова супрацоўнічала з незалежнымі выданнямі. Але яшчэ ў 2021 годзе публічна заявіла, што сыходзіць з журналістыкі. Свой сыход яна патлумачыла тым, што ёй і без таго хапіла пераследу за працу без акрэдытацыі. Паводле пратаколаў міліцыі суды каралі журналістку адміністрацыйнымі штрафамі больш як сорак разоў, у тым ліку і за асвятленне паслявыбарчых акцый пратэсту. Адно толькі сутак не прызначалі, паколькі Шчыракова адна гадавала непаўнагадовага сына.  

shchyrakova_1_1.jpg

Развітаўшыся з журналістыкай, Ларыса зарэгістравалася ў выканкаме як індывідуальная прадпрымальніца, каб займацца этнафотасесіямі. Здымала за плату ахвочых людзей у народных беларускіх строях і выкладала па згодзе фотаздымкі ў Facebook. Нацыянальныя строі і прадметы даўнейшага побыту — з багатай асабістай калекцыі ініцыятыўнай жанчыны.

У Шчыраковай быў таксама свой праект па ўшанаванні памяці рэпрэсіраваных за савецкім часам, які называўся «Забітыя і забытыя». Яна запісвала на відэа сведчанні сваякоў рэпрэсіраваных, рабіла на іх падставе дакументальныя фільмы, размяшчала іх на YouTube. Ларыса і сама здымалася ў фільмах, у прыватнасці, выканала ролю знакамітай зямлячкі, дзяячкі беларускага Адраджэння Палуты Бадуновай у аднайменнай дакументальнай стужцы з элементамі інсцэніроўкі.

Тры гады таму Ларыса Шчыракова зладзіла адукацыйны праект на ток-пляцоўцы «Медыяпрастора», дзе асновам журналістыкі навучаліся гарадскія аматары відэакамер і фотааб'ектываў. Досведам з імі дзяліліся вядомыя журналісты, у тым ліку і са Швецыі.

shchyrakova_3.jpg

Сёлета ў верасні, пасля арышту былога калегі па журналісцкім цэху Яўгена Меркіса Шчыракова ў сваіх допісах у сацыяльных сетках узнімала пытанні ўтрымання журналіста ў следчым ізалятары, посціла на сваіх старонках у сацсетках паведамленні пра акцыі салідарнасці з Яўгенам, якія ладзіліся ў замежжы.

Ларыса Шчыракова скончыла ў свой час гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. Працяглы час выкладала ў школе англійскую мову. Яна была ў ліку заснавальнікаў моладзевай краязнаўчай суполкі «Талака», закрытай цяпер уладамі. У журналістыку Ларыса прыйшла ў 2008 годзе. Гэта было, бадай, пакліканне творчай і дзейнай асобы, якая дбае пра родны край і яго росквіт.

Паводле baj.by