Камітэт абароны журналістаў: «Прадстаўнікі прэсы не павінны станавіцца мішэнямі»
Некалькі дзён таму ў Гомелі затрымалі журналістку Ларысу Шчыракову. Камітэт абароны журналістаў з гэтай нагоды звярнуўся да беларускага СК.
«Невыдаванне беларускімі ўладамі інфармацыі аб затрыманні былой журналісткі Ларысы Шчыраковай выклікае глыбокую заклапочанасць, — заявіў дырэктар праграм Камітэта абароны журналістаў у Нью-Йорку Карлас Марцінес дэ ла Серна. — Улады павінны неадкладна раскрыць любыя абвінавачанні, выстаўленыя супраць яе, і забяспечыць, каб прадстаўнікі прэсы не станавіліся мішэнню за сваю працу».
Ларыса Шчыракова — вядомая ў Гомелі журналістка. Да 2021 года яна супрацоўнічала з шэрагам незалежных выданняў, здымала дакументальныя фільмы, вяла свой праект ушанавання памяці рэпрэсаваных «Забітыя і забытыя». Шчыракова запісвала сведчанні сваякоў рэпрэсаваных, на падставе гэтых запісаў выходзілі публікацыі і дакументальныя фільмы. У апошнія месяцы былая журналістка займалася этнафотасессіямі — здымала людзей у народных беларускіх строях. Сёлета яна пайшла вучыцца на факультэт псіхалогіі. Нягледзячы на пагрозы, Шчыракова заставалася ў Беларусі.
Затрыманне журналісткі адбылося 6 снежня. Тады ж яе сына Святаслава змясцілі ў дзіцячы прытулак, дзе ён знаходзіцца дагэтуль. У чым абвінавачваюць Шчыракову, таксама невядома. Камітэт абароны журналістаў звярнуўся да беларускага Следчага камітэта з патрабаваннем разгалосіць абвінавачанне, але адказу не атрымаў.
На сённяшні дзень у Беларусі за кратамі знаходзяцца 33 прадстаўнікі медыя. Паводле даных Міжнароднай федэрацыі журналістаў, наша краіна займае 5-е месца па колькасці зняволеных журналістаў. У сумным «топ-5» мы саступаем Ірану (34), Турцыі (51), М'янме (64) і Кітаю з Ганконгам (84 палітзняволеныя журналісты).